Латушка: «Улады нібы спрабуюць апраўдацца за вываз украінскіх дзяцей у Беларусь, але дэ-факта абвінавачваюць адзін аднаго»
Прадстаўнік НАУ і АПК Павел Латушка — пра дачыненне беларускіх уладаў да вывазу украінскіх дзяцей.
— Яны абвінавачваюць ужо адзін аднаго (у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь — С.) . Нібы спрабуюць апраўдацца, але дэ-факта абвінавачваюць, — кажа Павел Латушка Белсату. — Сам Лукашэнка кажа, што даваў даручэнні Талаю: «Туда-сюда ездит, этих детишек тащит». Ці яшчэ цытата: «Я вышел на Путина, говорю, давай мы часть союзного бюджета потратим на этих детишек».
Вось менавіта 27 чэрвеня, калі мы перадалі матэрыялы ў Міжнародны крымінальны суд, Лукашэнка прызнаўся ў факце таго, што ён прыняў рашэнне аб фінансаванні гэтых незаконных дзеянняў. І ў нашых дакументах, якія мы перадалі ў Міжнародны крымінальны суд ёсць сведчанні, дакументы, падпісаныя Лукашэнкам у Маскве, дзе як раз і пацвярджаюцца гэтыя словы.
Пазней мы бачым, што Лукашэнка адзначае ключавую ролю Аляксея Талая ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей. І сам Талай прызнаецца ў гэтых злачынствах. Ён кажа пра ўкраінскіх салдат: «Твари в нацистских наколках. А украинские дети — мой народ, мои дети. Будущее моей страны».
Гэта ўсё, прабачце, які народ, якой краіны? Агульнай з РФ, новай расійскай імперыяй? Як ён ставіцца да дзетак, якія маюць грамадзянства Украіны? А змяніць грамадзянства падчас вайны забаронена міжнароднымі дакументамі, і гэта вельмі дакладна прапісана ў Жэнеўскай канвенцыі.
Таксама палітык адзначыў нядаўнюю навіну, у якой сцвярджаецца, што беларускіх дзяцей накіроўваюць на адпачынак у Крым.
— Дык вось, у адпаведнасці з міжнароднымі дакументамі вывозіць дзяцей з тэрыторыі, якія акупаваныя, нельга, можна іх вывезці ў рамках акупаванай тэрыторыі ў бяспечнае месца. Такім бяспечным месцам можа быць Крым.
І чаму ўкраінскіх дзяцей не вывезлі на тэрыторыю Крыма, а перавезлі на тэрыторыю Беларусі? Калі хтосьці з рэжымных уладаў скажа, што гэта небяспечна, то чаму гэта бяспечна для беларускіх дзетак? — задаецца пытаннем Павел Латушка.
Читайте еще
Избранное