Филин

Міхаіл Мішкін

Магда: «Беларуская армія да сёння яшчэ ніколі не ваявала — і хай бы заставалася такой, гэта будзе найлепшы варыянт для краіны»

Палітолаг — пра памылковы разлік Крамля, тактыку застрашвання дыпламатаў і магчымасць перамоў.

Працягваюцца начныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і ўдары па грамадзянскай інфраструктуры, але наступальнымі аперацыямі Расія пахваліцца не можа — як мяркуе брытанская разведка, гэты тлумачыцца ў тым ліку недахопам боепрыпасаў.

Затое зноў актывізуецца супрацьстаянне на інфармацыйным фронце: Лукашэнка перасцерагае армію ад верагодных пагроз з боку Украіны і НАТО, Байдэн і Макрон гавораць пра прынцыповую гатоўнасць гаварыць з Пуціным, на што Крэмль вуснамі Пяскова адказвае, што не будзе размаўляць, калі галоўная ўмова — зыход з Украіны.

Да чыёй рыторыкі варта прыслухоўвацца сур’ёзна, а чыя толькі павялічвае інфармацыйны шум, «Филин» абмеркаваў з украінскім палітолагам, дырэктарам украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

Яўген Магда

— Ва ўчорашніх ваяўнічых заявах Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе з сілавікамі амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) бачыць дзве мэты: захоўваць напружанасць на беларуска-ўкраінскай мяжы і імітаваць бурную дзейнасць па супрацьстаянні Захаду, каб супраціўляцца ціску Масквы і не весці сваю армію наўпрост у вайну. Ці пагодзіцеся вы з такімі высновамі?

— Ацэнкі знешніх структур я схільны ацэньваць асцярожна і дзяліць на пэўныя каэфіцыенты. То-бок, 100%-ную праўду ніводны з гэтых аналізаў не дае.

Тым не менш пагаджуся з тым, што можа быць мэта адцягваць на сябе пэўную частку ўкраінскіх войск. Але трэба заўважыць, што прысутнічае фактар стрымлівання ўкраінскай арміі, якая за час з лютага 2022 года сур'ёзна падрыхтавалася да магчымага ўварвання з боку Беларусі.

Мяркую, Лукашэнка разумее, наколькі далёкія ад рэальнасці ўяўленні, быццам беларускія войскі могуць кавалерыйскім наскокам захапіць частку Украіны.

Але пытанне ў іншым: магчымае ўварванне беларускай арміі ва Украіну адразу падарве пазіцыі самога Лукашэнкі. Патлумачу: украінскія вайскоўцы ўжо маюць баявы досвед і будуць адказваць агнём на агонь — не так, як тое было напрыканцы лютага, калі Украіна імкнулася зберагчы Беларусь як магчымага пасярэдніка ў перамовах. Сотні ракет, якія прыляцелі з тэрыторыі Беларусі за гэты час, істотна змянілі гэтыя падыходы. Таму военачальнікі цудоўна разумеюць, што  ўдар у адказ на ўварванне атрымаюць па поўнай праграме.

Мне б хацелася, каб гэта добра разумелі нашы беларускія суседзі: украінцы абараняюць сваю ўласную зямлю і будуць яе абараняць ад каго заўгодна, нават калі іншапланецяне прыляцяць. А беларуская армія да сёння яшчэ ніколі не ваявала — і хай бы заставалася такой, гэта будзе найлепшы варыянт для краіны і для самога Лукашэнкі.

Пакуль жа беларускага правіцеля, мяркуе Яўген Магда, у Крамлі скарыстоўваюць як дойную карову, забіраючы патрэбныя боепрыпасы і вайсковую тэхніку. Палітолаг параўноўвае гэтую сітуацыю з марыянетачнай італьянскай рэспублікай Сало, якую ў 1943-1944 гадах узначальваў Мусаліні і якую «немцы распатронілі, як толькі маглі».

— Сёння ва Украіне бачаць, як у Беларусь перакідваюць расійскіх мабілізаваных, але ўявіць сабе, што імі будуць камандаваць беларускія генералы, я не магу не толькі ў страшным сне, а нават у стане комы. І я б не хацеў, каб грамадзяне суседняй дзяржавы гінулі ва Украіне, калі беларускіх вайскоўцаў сюды пагоняць — гэта нікому не патрэбныя ахвяры, — дадае Яўген Магда.

— Беларуская прапаганда, як і расійская, паўтарае наратыў пра нібыта несамастойнасць Кіева і «амерыканскіх гаспадароў». На гэтым тле заявы Байдэна і Макрона пра гатоўнасць гутарыць з Пуціным могуць успрымацца як ускоснае пацвярджэнне, маўляў, ладзіць перамовы трэба не з Кіевам, а з Вашынгтонам і Бруселем...

— Па-першае, згадаем, што ніякай «паўзы» на фронце насамрэч няма — на Данецкім накірунку адбываецца сапраўдная крывавая мясарубка, і колькасць загінулых расіян цяжка нават уявіць. Па-другое, што датычыцца прэс-канферэнцыі Байдэна і Макрона — варта абавязкова глядзець англамоўны і франкамоўны арыгінал, а не тое, як гэта падала Расія. Бо гэта супрацьлеглыя рэчы.

У выкладанні Расіі выглядае на тое, што стары дзядуля Байдэн просіць Пуціна нібыта як найхутчэй правесці перамовы. Але гэта не так.

Паглядзіце хаця б сюжэт рускай службы «Голасу Амерыкі» пра сумесную заяву лідараў, у якой гаворыцца пра асуджэнне агрэсіі, працяг падтрымкі Украіны і памкненне прыцягнуць Расію да адказнасці за ваенныя злачынствы — усё робіцца зразумела.

Спробы Аляксандра Лукашэнкі ўказаць на несамастойнасць Украіны, адзначае палітолаг, наогул не вытрымліваюць крытыкі — «варта толькі прыгадаць, як летась давялося ў маі плаваць у Чорным моры, калі быў не сезон, каб Расія падкінула ў беларускі бюджэт грошыкаў»:

— Лукашэнка часта спявае з маскоўскага голасу, як рабіў гэта, напрыклад, на мінулым тыдні пасля саміту АДКБ, калі пачаў гаварыць, што альбо Украіна ідзе на перамовы, альбо яна перастане існаваць. Але яму варта паглядзець на сябе і адказаць, што такое сёння беларуская дзяржава і палітыка, якую ён праводзіць як чалавек, хто ў сілу розных абставін кіруе Беларуссю.

Статус саўдзельніка ваенных злачынстваў Расіі Лукашэнка ўжо займеў, і адкруціцца ад гэтага не атрымаецца — ніхто ва Украіне гэтага яму не забудзе і бізнес круціць, «як заўжды», не будзе, што б ні было да 24 лютага 2022 года.

Што да меркавання, быццам пра лёс Украіны можна дамовіцца за спінай Кіева — пасля Бучы, Марыупаля, Ізюму, Херсону ніхто гэтага рабіць не будзе, падкрэслівае Яўген Магда.

— За больш як 9 месяцаў вайны, здаецца, усім відавочна, што ўкраінцаў не запалохаць. Тады чым можна патлумачыць кампанію застрашвання ўкраінскіх дыпламатаў: выбухоўка ў пасольстве ў Іспаніі, паведамленне аб нібыта мініраванні амбасады ў Казахстане, пасылкі з вачыма жывёл у некалькі іншых пасольстваў у розных краінах? Што гэта і чаму зараз?

— Я не выключаю, што гэта рэалізацыя Прыгожына, які раней фатаграфаваў скрываўленую кувалду і нібыта перадаў яе ў Еўрапарламент (хоць нічога ён не перадаваў, гэта была інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя, каб паказаць «круцізну»). Вочы жывёл — гэта таксама цалкам у стылі «прыгожынцаў».

Але калі хтосьці думае, што гэта не так, то нагадаю, што Прыгожын займаўся і «фабрыкай троляў» у Ольгіна, у Санкт-Пецярбургу, і здымкамі так званых «патрыятычных фільмаў», і, хутчэй за ўсё, застрашваннем расійскай апазіцыі. Таму ўсё гэта — элементы таго, што дэманструе «расійскі нацыянальны характар» і падыходы да вайны.

Ці варта чакаць абвастрэння сітуацыі на фронце бліжэй да Новага года, як мяркуюць некаторыя аналітыкі? На думку Яўгена Магды, Расія працягне дзейнічаць у звыклым стылі: знішчаць ракетнымі ўдарамі энергетычную сістэму Украіны, псіхалагічна ціснуць «замарозім усіх». Але такая тактыка выкліканая тым, што ў Крамлі па-ранейшаму не разумеюць украінскага характару:

— Яны дагэтуль думаюць, што ўкраінская дзяржава пабудавана на іхні постсавецкі ўзор, у горшых традыцыях «начальнікаў» і «дурняў». Але ўкраінцы ўжо сцвердзілі ўсяму свету, што здольныя не толькі на рэвалюцыю годнасці, але і абараняць сваю дзяржаву і дзяржаўнасць са зброяй у руках. Цяпер пытанне толькі ў тым, каб аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць — а ўсе іншыя пытанні будуць вырашаныя, як бы цяжка Украіне не было.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)