Филин

Юлія Кот

Магда: «Ордэр на арышт за прымусовы вываз дзяцей — фактычна, гэта «чорная метка» сусветнага маштабу»

Палітолаг — пра тое, ці атрымаецца ў беларускіх уладаў схаваць вываз украінскіх дзяцей за шырмай «гуманітарнай місіі».

Беларускія ўлады працягваюць запэўніваць у сваім выключным гуманізме і добрасуседстве — у прыватнасці, датычна вывазу «на аздараўленне» ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый.

Абвінавачанні ў саўдзеле ў прымусовай і незаконнай дэпартацыі падмацаваліся рэакцыяй міжнародных структур — нагадаем, Еўрапарламент у нядаўняй рэзалюцыі па Беларусі заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі.

І хоць спачатку афіцыйны Мінск зрабіў выгляд, быццам усё гэта яго мала турбуе і дзейнасць па «аздараўленні» дзяцей працягнецца, наступныя крокі засведчылі, што беларускія ўлады разумеюць: цень Гаагі не такі ўжо ўяўны і для іх вельмі непрыемны.

Напрыканцы верасня 2023 года МЗС РБ правёў брыфінг для замежных дыпламатаў, акрэдытаваных у Беларусі, і распавёў, нібыта ўсе абвінавачанні ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей — фэйкі ды інсінуацыі, а «рэальная праўда» палягае ў гуманітарнай місіі. Больш за тое, прадстаўнікоў замежных амбасадаў запрасілі асабіста наведаць месцы адпачынку дзяцей і пагутарыць з імі ды суправаджаючымі.

Кіеў неўзабаве адрэагаваў на гэтыя захады — МЗС Украіны ў сваім афіцыйным каментары заклікала замежных дыпламатаў «устрымацца ад удзелу ў прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму». Меркавана, гэты дыпламатычны візіт мусіць адбыцца ўжо 4 кастрычніка, калі замежным амбасадарам зладзяць сустрэчу з дзецьмі, якія былі вывезеныя з акупаваных Расіяй Лісічанску і Севараданецку.

Акрамя таго, у ведамстве нагадалі, што праца па прыцягненні да адказнасці асоб, датычных да вывазу ўкраінскіх дзяцей, працягнецца як на ўзроўні нацыянальнага расследавання, так і ў межах даследавання Міжнароднага крымінальнага суда.

Ці атрымаецца ў беларускіх уладаў запэўніць міжнародную супольнасць у сваім выключным гуманізме і добрасуседстве, альбо чым далей, тым болей Лукашэнку і ягонаму атачэнню давядзецца напружвацца, Филин абмеркаваў з украінскім палітолагам, дырэктарам Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

Яўген Магда

— Думаю, нічога добрага з гэтага не будзе, — ацэньвае эксперт захады беларускага рэжыму. — Бо ўсе мы разумеем, што дзеці не маглі самі вырашаць, дзе ім знаходзіцца.

Пазіцыя беларускай улады (як, дарэчы, і расійскай) палягае ў тым, каб расказваць — мы, маўляў, проста вывезлі дзяцей з зоны баявых дзеянняў, і ўсе яны могуць вярнуцца назад. Але тыя баявыя дзеянні пачаліся з чаго? З расійскай агрэсіі, з нападу на суседнюю краіну. І на гэта ніхто ва Украіне не забыўся. Гэтаксама як не забыліся, адкуль менавіта адбыўся актыўны вайсковы ўдар — гэта была тэрыторыя Беларусі.

Я думаю, замежныя дыпламаты ў тым ліку выразна разумеюць гэтую сітуацыю, і будуць досыць актыўна дзейнічаць у тым кірунку, каб змагацца за вяртанне ўкраінскіх дзяцей дадому.

Зрэшты, прапановы прыцягнуць да адказнасці ўсіх датычных да вывазу ўкраінскіх дзяцей прагучалі ўжо некалькі месяцаў таму, аднак іх практычная рэалізацыя запатрабуе нямала часу — гады, калі не дзесяцігоддзі. Магчыма, у Мінску якраз разлічваюць — маўляў, пагамоняць-пагамоняць пра Гаагу і ордэр ад МКС, ды супакояцца? Альбо гэта той выпадак, калі перасядзець не атрымаецца?

— Мяркую, ёсць істотныя адрозненні паміж дзеяннямі Пуціна, які адкрыта, на камеры, стасаваўся, ладзіў працоўныя сустрэчы з Львовай-Бяловаю, і дзеяннямі Лукашэнкі, у якога пытаннямі дзяцей займаецца паралімпіец Талай, — зазначае палітолаг.

Ступень наўпроставай віны Лукашэнкі значна меншая, чым тое, што робіць Пуцін. Але абсалютна відавочна, што Міжнародны крымінальны суд звяртае ўвагу і на дзеянні беларускага рэжыму ў гэтым кірунку.

Натуральна, што гэта нервуе Лукашэнку — і, адпаведна, нервуе беларускі МЗС, які робіць адпаведныя захады.

Прытым Лукашэнка ў дадзенай сітуацыі, падкрэслівае палітолаг, дзейнічае як палітык, які здраджвае шматкроць дэклараванай ідэі «славянскай еднасці»:

— Прыгадайце, Лукашэнка ж заўжды казаў пра «тры братнія народы». А цяпер ён фактычна сам разбурае дэклараванае «трыадзінства», бо аддае перавагу Расіі і дзейнічае супраць Украіны — і выглядае ў гэтай сітуацыі акурат здраднікам.

А яшчэ рэч у тым, што тэма дзяцей вельмі адчувальная. Згадаем: пасля выдачы ордэру на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай — Пуцін жа нікуды не ездзіў, у ніводную краіну. Дый пра «ўпаўнаважаную па справах дзяцей» цяпер вельмі мала кажуць у публічнай прасторы. Бо ордэр на арышт за прымусовы вываз дзяцей — фактычна, гэта «чорная метка» насамрэч сусветнага маштабу. І абсалютна ўсе, у тым ліку Пуцін і Лукашэнка, тое выразна разумеюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(20)