«Мэтай гэтага ўсяго з’яўляецца прага адбіць у беларусаў усю памяць пра тое, што мы існавалі асобна ад Расеі і мы жадаем існаваць асобна ад яе»
Навошта перайменавалі адзіную ў Беларусі гімназію імя Каліноўскага?
Адзіную ў Беларусі гімназію імя Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы перайменавалі ў гонар падпольшчыцы Праскоўі Васіленка. Рашэнне аб гэтым было прынятае 1 снежня.
Навошта ўладам спатрэбілася гэта перайменаванне і чаго чакаць далей, «Салідарнасць» абмеркавала з гісторыкам Яўгенам Красуліным.
— Гэтая падзея досыць прадказальная, улічваючы трэнды, якія назіраюцца ў Беларусі апошнім часам. У прынцыпе, можна казаць, што гэта было справакавана падзеямі 2020 года, але у рэчаіснасці ўсё ішло з года 1994-га, — тлумачыць гісторык у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Бо працэс аднаўлення Расейскай імперыі, безумоўна, закранае і Беларусь.
Дакладней, так склалася, што ў першую чаргу закранае Беларусь. Таму тое, што супярэчыць ідэі «мы адзін народ», будзе падвяргацца атакам. Гэта не толькі назвы школ, гімназій, вуліц. Гэта і мова, і сімволіка.
Мэтай гэтага ўсяго з’яўляецца прага адбіць у беларусаў усю памяць пра тое, што мы існавалі асобна ад Расеі, мы можам існаваць асобна ад Расеі і мы жадаем існаваць асобна ад яе.
Красулін мяркуе, што гэта будзе працягвацца: «Будуць прыгадваць, што ў Менску ёсць вуліца Каліноўскага, і давайце мы яе пераймянуем у якую-небудзь Мураўёва-«вешальніка». Зноўку, здзіўляцца гэтаму не трэба будзе, бо гэта трэнд, які закладзены ў гэтым рэжыме ад пачатку».
— Усе гэтыя казкі пра «мяккую беларусізацыю» і што «калі б не штосьці там, мы б ужо жылі на Захадзе і Лукашэнка прымаўся ў самых высокіх сферах еўрапейскай палітыкі» — не, гэты рэжым навостраны на тое, каб Беларусь як мага хутчэй упусціць у Расею, — разважае гiсторык. — Калі прыгадаюць пра які-небудзь аб’ект, вуліцу, помнік, шыльду — гэта ўсё будзе падлягаць зменам русіфікацыі, будуць і далей будавацца ўсе гэтыя расійскія золатагаловыя цэрквы, каб аднойчы беларусы выйшлі на вуліцы і пабачылі, што яны не ў Беларусі, а ў нейкім закуточку Расеі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное