«Мне 82 гады, і мяне судзяць за нешта»
У Шчучыне 19 чэрвеня будзе суд над Веранікай Себасцяновіч. Жанчына абвінавачваецца ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства — устаноўцы крыжа па камандзіру Арміі Краевай.
Фота slubice24.pl
«Наша Ніва» пагутарыла са спн. Себасцяновіч:
«Мне 82 гады, і мяне судзяць за нешта. Я не ведаю нават, за што... Што я арганізавала гэтых людзей. Няўжо я магу сабраць людзей? Мы наогул не ведалі, што людзі прыйдуць. Людзі даведаліся, што будзе малітва, што будзем асвячаць крыж, і папрыходзілі. А пры чым тут я?» — дзівіцца жанчына.
Вераніка Себасцяновіч была сувязной Арміі Краевай пад псеўданімам «Ружачка». За гэта яе, 20-гадовую, арыштавалі ў 1951-м і асудзілі на бясконцыя 25 гадоў. У выніку яна правяла ў савецкім канцлагеры чатыры гады і выйшла на свабоду пасля смерці Сталіна.
На гэтым здымку Вераніцы Себасцяновіч 21 год. За спіной у яе чатыры гады сталінскіх лагераў. Фота з прыватнага архіву.
На Гродзеншчыне жывуць каля 70 чалавек, якія так ці іначай былі звязаныя з Арміяй Краевай. Тыя з іх, што «на хаду», як кажа жанчына, прыехалі на ўсталяванне крыжа.
Вераніка жыве ў горадзе Скідаль, а крыж знаходзіцца ў весцы Рачкаўшчына Шчучынскага раена. Менавіта там загінуў у 1949 годзе палявы камандзір Арміі Краевай Анатоль Радзівонік, вядомы пад сваей падпольнай мянушкай «Олех», і яшчэ 11 партызан.
Людзі вакол спн. Себасцяновіч здзіўленыя, што іх старэнькую суседку будуць судзіць: «Я камусьці сказала — здзіўленыя, канечне, што мяне ў такім узросце прыцягваюць за крыж. А за крыж я жыцце аддам. Я верыла, і веру. І для мяне гэта найважнейшае — Бог і крыж».
Армія Краева — польскае ўзброенае падполле — вяла партызанскую вайну супраць саветаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ў міжваенны час належала Польшчы. У гады вайны і пасля яе АКоўцы здзяйснялі таксама акты тэрору супраць беларускіх актывістаў і праваслаўнага насельніцтва. Для ўладаў РБ Армія Краева застаецца табу, бо яна змагалася супраць савецкай улады. У Польшчы ветэраны АК лічацца героямі.
Дзейнасць Арміі Краевай на тэрыторыі Беларусі ацэньваецца неадназначна. Навошта ў такой сітуацыі ставіць помнікі яе ветэранам, ці не падзеліць гэта людзей?
«Я лічу так: чалавек, які нарадзіўся і памер, мае права на пасмяротны крыж, — кажа 82-гадовая жанчына. — Гэта была вайна. Невядома, хто правы, хто вінаваты. А чалавек мясцовы. Тут нарадзіўся, тут вырас. Мне здаецца, аніякага злачынства тут няма», — адказала жанчына.
Таксама на гэтую тэму:
82-летнюю пенсионерку будут судить за установку креста в память партизан
Читайте еще
Избранное