І тое, што трапляе ў медыя, моцна ўплывае на людзей. Нават нейкія сімвалічныя рэчы, якія робяць беларусы ў падтрымку Украіны, павінны трапляць у нашы медыя. Калі вы пішаце нешта для сябе, адпраўляйце гэта і нам, каб украінцы таксама ведалі пра беларусаў.
«Мы бачым смерць кожны дзень. І беларусам трэба гэта разумець, як і тое, што змяніць стаўленне да сябе — іх задача»
Украінскай студэнтцы Крысціне Янчык 21 год. Зараз яна жыве ў Львове і вучыцца ва Украінскім каталіцкім універсітэце. Свае даследчыя працы дзяўчына прысвячае беларускай тэме. У інтэрв'ю «Салідарнасці» Крысціна распавяла, чаму цікавіцца беларускім пытаннем, а таксама паразважала, што сёння можа дапамагчы украінскай і беларускай моладзі паразумецца.

— Некалькі гадоў таму я вучылася на «міжнародных адносінах» у Любліне. Палова аднагрупнікаў былі беларусамі, што вельмі на мяне паўплывала. Да гэтага, калі я яшчэ вучылася ў школе, сачыла за пратэстамі ў 2020-м. На гэтым мае веды аб вашай краіне, у прынцыпе, і заканчваліся, — распавядае Крысціна.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна, дзяўчына паехала дапамагаць у Валанцёрскі цэнтр у Любліне, дзе яшчэ больш пазнаёмілася з беларусамі. Сярод іх былі нават тыя, хто браў адпачынак на працы ў іншым горадзе і прыязджаў валанцёрыць на польска-украінскую мяжу.
Праз год студэнтка вырашыла вярнуцца ва Украіну і перапаступіць ва украінскі каталіцкі ўніверсітэт на спецыяльнасць «Этыка-Палітыка- Эканоміка». Там Крысціна і сутыкнулася з іншым успрыманнем беларусаў.
— Канешне, зразумела, чаму так склалася. Ну і таксама людзі проста не гутарылі з беларусамі, не ведалі, якая ў іх пазіцыя і якія ў іх праблемы. А ў мяне такая магчымасць была, таму і было разуменне беларускай сітуацыі. На лекцыях або пры асабістых размовах, калі заходзіла тэма пра Беларусь, у нас нават маглі быць спрэчкі.
Мне, напрыклад, не падабаецца, калі ўкраінцы параўноўваюць пратэсты 2020 года ў Беларусі з Майданам ва Украіне. Мы забываем, што Лукашэнка ўжо быў дыктатарам, а ва Украіне падчас Майдану аўтакратыі не было.
Не заўсёды ў мяне атрымлівалася данесці гэта іншым, але ж я бачыла, як некаторыя падпісаліся на «Вясну» і нават нешта адтуль перапостылі. Часам думала: ваў, я нешта зрабіла! Але паглыбленых ведаў мне не хапала, таму вырашыла свае студэнцкія працы пісаць на беларускую тэму.

Чаму для мяне гэта важна? Каб у краіне не было дыктатарскага рэжыму, трэба трымаць сувязь з рэальнасцю. Я бачыла пазіцыю беларусаў, але тое, што паўплывала на мяне, магло не паўплываць на аднагрупнікаў. Бо ўсё адно ракеты з Беларусі ляцелі. Мае асабістыя кантакты не маглі патлумачыць усю сітуацыю, таму я вырашыла падыходзіць да гэтай тэмы больш паліталагічна і метадалагічна.
А яшчэ аднойчы я прачытала вельмі класны пост, з якім цалкам згодная: часам мы забываем, што калісьці таксама былі ў такой сітуацыі, як беларусы. У нас таксама не атрымлівалася, і зараз з розных прычын не атрымліваецца.
Але і беларусам трэба зразумець пэўныя рэчы. Напрыклад, я была на адным беларуска-украінскім мерапрыемстве, дзе крытычна ставіліся да Зяленскага ў пытанні таго, што Святлана Ціханоўская не можа паехаць ва Украіну.
Так, яе не будуць прымаць — таму, што ідзе вайна. І каб нам выжыць, на жаль, мы не можам так моцна, на афіцыйным узроўні, падтрымліваць беларускі апазіцыйны рух. Але на грамадскім узроўні можам гэта рабіць. У тым ліку гэта павінны рабіць нашы медыя — змяняць агульнае ўяўленне пра Беларусь.
Апроч гэтага, мы можам убачыць, што нават і афіцыйная рыторыка Кіева паступова змяняецца: у навагоднім віншаванні Уладзіміра Зяленскага прагучала «Жыве Беларусь», таксама Украіна афіцыйна не прызнала вынікі апошніх псеўдавыбараў у Беларусі.
Пры гэтым украінка лічыць, што беларусы недастакова робяць дзеля таго, каб украінцы змянілі сваё ўражанне пра беларусаў.
— Трэба дасылаць інфармацыю ў нашы СМІ. Як мне падаецца, на гэтым кірунку, на жаль, мала працуюць, бо ў асноўным мы чуем толькі пра полк Каліноўскага.
Дарэчы, Крысціна праводзіла даследаванне пра тое, як часта і ў якім кантэксце згадвалася Беларусь ва «Українській правді». Студэнтка аналізавала кожны травень з 2010 па 2023 год.
— Па-першае, пра Беларусь пісалі мала. Калі пісалі пра Лукашэнку, то гэта было нешта нейтральнае — ён не апісваўся ні пазітыўна, ні негатыўна. Але мне здаецца, што нейкая сімпатыя паміж Зяленскім і Лукашэнкам была — гэта было бачна па публікацыях у іншых медыя.
Ва «Українській правді» пра Беларусь (калі казаць толькі пра травень) была альбо адна навіна на месяц, альбо не было ўвогуле. Па-іншаму было ў 2021 годзе — сітуацыя з затрыманнем Рамана Пратасевіча асвятлялася вельмі падрабязна.
Але я заўважыла, што зусім не пісалі пра тое, што адбываецца ў Беларусі: амаль не пісалі пра апазіцыю, толькі некалькі разоў пра Святлану Ціханоўскую. Пасля 24 лютага 2022 года Беларусь згадвалася толькі ў кантэксце вайны, але пры гэтым распавядалі і пра беларускіх добраахвотнікаў на баку Украіны.
Беларусы могуць думаць, што ўкраінцы шмат пра іх ведаюць. Але гэта не так. Падчас даследванняў, напрыклад, цяжка нешта даведацца, бо ў вас самыя закрытыя архівы ў Еўропе. Калі я параўноўвала дысідэнцкія рухі 1960-1980-х у Беларусі і Украіне, сутыкнулася з гэтай праблемай.
Мала таго, што схаваныя архівы, так яшчэ і амаль усе даследчыкі, якія займаліся гэтай тэмай у Беларусі, ужо з'ехалі.
— А тое, што, па вашых высновах, ва Украіне не было добрага асвятлення беларускай сітуацыі, паўплывала на стаўленне ўкраінцаў да беларусаў?
— Калі пачалася поўнамаштабная вайна, я была ў Польшчы. І я не бачыла ніякіх канфліктаў паміж беларусамі і украінцамі, якія жылі ў Польшчы. У тых, хто жыў ва Украіне, было іншае стаўленне.
Канешне, тое, што на афіцыйным узроўні недастаткова тлумачылі сітуацыю, паўплывала. Але я не думаю, што гэта неяк змяніла б першую рэакцыю. Калі б на нас напала неважна якая краіна з дыктатарскім рэжымам, мы ўсё роўна рэагавалі б гэтак жа, бо мы бачым смерць кожны дзень. І беларусам трэба гэта разумець, як і тое, што змяніць стаўленне да сябе — гэта іх задача.
Я бачу, што і з украінскага боку цяпер вядзецца праца ў гэтым кірунку. «Українська призма» піша добрыя аналітычныя артыкулы, шмат робіць Яўген Магда.
— Вы прадстаўніца ўкраінскай моладзі. Я ведаю, што, акрамя даследаванняў, вы таксама наведваеце супольныя мерапрыемствы з беларускай моладдзю ў эміграцыі. Як думаеце, што мы можам рабіць для развіцця нашых адносін — цяпер і ў будучыні?
— Я б адказала так: «думай глабальна, дзейнічай лакальна». Мы можам разважаць пра будучыя адносіны ў глабальным маштабе, але ўжо цяпер лакальна рабіць нейкія ініцыятывы. Асабліва гэта лёгка рабіць, напрыклад, у Польшчы: там вельмі шмат украінскіх і беларускіх студэнтаў.
Цяпер шмат моладзі вымушана з'язджае з нашых краін не таму, што хоча, а таму што такія абставіны. Але, безумоўна, павінны быць людзі, гатовыя ініцыяваць такія мерапрыемствы. Не трэба арганізоўваць маштабныя падзеі, гэта можа быць нават проста вечар украінска-беларускай паэзіі.
Магчыма, цяпер моладзь не мае вялікага ўплыву, каб штосьці мяняць. Але праз 10-15 гадоў нават такія сустрэчы могуць даць плён.
— А калі казаць пра тых, хто жыве ва Украіне і Беларусі?
— Тут усё больш складана. Моладзь у нашых краінах зараз «кансервуецца». І, на жаль, мне здаецца, што мы рухаемся ў вельмі розных кірунках.
Украінская моладзь цяпер больш рухаецца да патрыятычнасці, многія ўжо нарадзіліся з разуменнем, што побач з намі жыве вораг. Таксама ва Украіне мы зараз маем рэшата: шмат хто з хлопцаў выязджае з краіны, калі ім спаўняецца 17 гадоў. Застаюцца вельмі патрыятычныя людзі, адбываецца кансервацыя грамадства.
У Беларусі, як не круці, але працуе прапаганда і таксама адбываецца кансервацыя грамадства. На жаль, у нас няма дакладных сацыялагічных звестак, якія б адлюстроўвалі рэальную пазіцыю моладзі ў Беларусі.
Як тут знаходзіць агульнае, калі мы рухаемся па-рознаму, я не ведаю. Але думаю, што ў гэтым можа дапамагчы TikTok. Я бачу вельмі шмат відэа беларусаў унутры краіны, якія любяць этна, ходзяць у вышыванцы і цікавяцца беларускай літаратурай. Дарэчы, можна заўважыць, што некаторыя працэсы ў нашых краінах звязаныя.
Напрыклад, пасля 2022 года шмат украінцаў цалкам перайшлі на ўкраінскую мову. Ведаю, што такая тэндэнцыя ёсць і сярод беларусаў. І я думаю, што нам важна падтрымліваць адно аднаго. Я, напрыклад, люблю пісаць каментары пад беларускімі відэа.
І, шчыра кажучы, я лічу, што TikTok — гэта адзін з нямногіх рэсурсаў, што цяпер можа нам дапамагчы. Шмат чаго мы не можам змяніць, нават проста размаўляць можа быць небяспечна. Часам мне здаецца, што TikTok адрывае нас ад рэальнасці, але ў гэтым выпадку, наадварот, ён дапамагае трымаць сувязь з рэальнасцю.
Акрамя таго, нягледзячы на немагчымасць непасрэднага кантакту, мы можам вывучаць адзін аднаго і паглыбляць свае веды аб нашых грамадствах. У выпадку з беларусамі гэтыя даследаванні нельга публікаваць на афіцыйным узроўні і небяспечна ў нейкіх выданнях, якія знаходзяцца ў краіне, але яны важныя як для сучаснасці, так і для будучыні.
Цяпер гэтыя веды дапамогуць супрацьстаяць усёпаглынальнай прапагандзе, а потым стануць рэсурсам для далейшага супрацоўніцтва.
Нам вельмі пашанцавала з інтэрнэтам, які дае доступ да шырокага спектру мастацкай літаратуры, музыкі і медыярэсурсаў.
На нашу будучыню, шчыра кажучы, я гляджу з песімізмам. Пакуль незразумела, ці будуць нашы краіны цалкам вольныя. Але калі гэта здарыцца, я думаю, што праблем у адносінах не будзе.
Канешне, вялікую працу павінны рабіць і дэмакратычныя сілы Беларусі. Зараз яны, як мне падаецца, канцэнтруюцца на эміграцыі — што зразумела, бо гэта прасцей. Але важна звяртацца і да тых, хто жыве ў Беларусі. Цяпер прапаганда моцная, і трэба знаходзіць спосабы працаваць з тымі, на каго яна ўплывае.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное