Рэакцыя: «Гэта забойства ад імя дзяржавы»

Рэакцыя на смерць палітвязня Вадзіма Храсько.

Смерць 50-гадовага палітзняволенага Вадзіма Храсько, якога раней асудзілі да 3 гадоў калоніі за данаты, стала, з аднаго боку, нечаканасцю, а з другога — заканамерным вынікам таго, што сёння адбываецца ў краіне. На сённяшні дзень стан многіх з тых, хто сёння апынуўся за кратамі, выклікае занепакоенасць.  

— Вадзім стаў чацвёртым беларускім палітвязнем, які загінуў у зняволенні — на жаль, верагодна ён не будзе апошнім, бо за кратамі вязні сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем, катаваннямі і адсутнасцю медыцынскай дапамогі, — адзначаюць у сваім звароце з нагоды смерці палітвязня праваабаронцы.

Яшчэ раней праваабаронцы склалі спіс з палітзняволеных, якія знаходзяцца ў асаблівай рызыцы.

Наконт смерці Вадзіма Храсько выказалася і нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская.

— Для злачынцаў, што зрабілі гэта, чалавечае жыццё не мае сапраўднай вартасці. Зняволеным наўмысна не аказваюць медычную дапамогу, не перадаюць лекаў. Іх проста кідаюць паміраць. А з-за рэжыму «інкамунікада» нават нельга дазнацца пра іх рэальны стан — некаторым ужо многія месяцы не дазваляюць сустрэцца з адвакатам, весці ліставанні.

Сістэма паслядоўна і наўмысна знішчае беларусаў. Мы зробім усё магчымае, каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто мае дачыненне да гэтых злачынстваў. Няма нічога больш істотнага за жыццё чалавека. І апраўдаць забойствы немагчыма.

Я выказваю шчырыя спачуванні родным ды блізкім Вадзіма Храсько. І хачу нагадаць беларусам – няма розніцы, застаяцеся вы ў краіне, ці з'ехалі: дбайце пра тых, хто ў няволі. Пішыце лісты палітзняволеным, дапамагайце іх сем'ям, патрабуйце інфармацыю аб стане тых, хто знаходзіцца за кратамі. Бо сёння задача кожнага з нас — рабіць усё магчымае, каб людзі больш не гінулі ў турмах, — заклікала Святлана Ціханоўская.

Сабралі і іншыя выказванні.

Аляксей Лявончык, праваабаронца:

— Яшчэ адзін палітвязень памёр за кратамі. За краты яго адправіў сумнавядомы Сяргей Хрыпач, хоць ведаў, што стан здароўя Вадзіма можа не дазволіць яму перажыць зняволенне.

Паводле прысланай нам інфармацыі, яго вывезлі ў шпіталь ужо тады, калі не было шанцаў на выратаванне.

Гэта ўжо чацвёртая смерць палітзняволенага ў турме. На жаль, не апошняя, бо ўладзе абсалютна напляваць на стан здароўя тых, каго яна трымае ў закладніках. Праваабаронцы маюць спіс людзей, стан здароўя якіх амаль не пакідае ім шанца выйсці з турмы жывымі, і ўсё гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы, на нашых вачох.

Просьба да сваякоў — не маўчыце, калі ваш сваяк у цяжкім стане ў турме, паведамляйце пра гэта праваабаронцам. Своечасовы візіт адваката да арыштанта можа ўратаваць жыццё, але на яго не заўсёды ёсць грошы. Не саромцеся звяртацца па дапамогу.

Мы выказваем спачуванні сваякам і паведамляем, што сем'і памерлых у турмах палітвязняў, якія звернуцца да нас па дапамогу, атрымаюць усю магчымую падтрымку. Гэта тое, што мы можам рэальна сёння зрабіць у гэтай вусцішнай сітуацыі.

Фонд салідарнасці BYSOL

Кампанія BY_help

Праваабарончы цэнтр Вясна

Вольга Гарбунова, праваабаронца:

 — Я хачу выказаць спачуванні родным і блізкім Вадзіма Храсько. Гэтая трагедыя – з якой проста немагчыма змірыцца – асабліва ўразіла мяне дзвюма акалічнасцямі.

Першае. Вадзім быў асуджаны за садзейнічанне так званай «экстрэмісцкай дзейнасці». За некалькі данатаў. Ён проста хацеў пра кагосьці паклапаціцца, падтрымаў кагосьці грашыма, праявіў салідарнасць…

Другое. Ён памёр – па афіцыйнай версіі – ад пнеўманіі. Ад тыповага і вылечнага захворвання, нават у постпандэмійныя часы. Хоць і заўсёды ёсць магчымасць даць урачам паспрабаваць выратаваць чалавечае жыццё, гэтага не адбылося. Хутчэй за ўсё з-за таго, што Вадзім быў палітвязнем. І колькі ж яшчэ людзей, якіх змяшчаюць у ШІЗА і карцэры, не ўлічваючы стан іх здароўя…

Без медыцынскай дапамогі, без элементарных бытавых рэчаў і цяпла, без нармальнай ежы ні ў аднаго чалавека не хопіць ніякіх фізічных сіл перажыць працяглае заключэнне.

У самай вялікай рызыцы знаходзяцца людзі з гуманітарнага спісу, у якіх вялікія праблемы са здароўем. Ім патрэбная дапамога ўрачоў.

У рызыцы знаходзяцца і людзі, якія сядзяць у турмах ад самага пачатку пратэстаў. Нават калі яны патрапілі ў турму адносна здаровымі, умовы ўтрымання ўжо падарвалі іх здароўе, абвастрылі хранічныя і справакавалі новыя хваробы.

Нам давядзецца несці новыя партрэты да пасольстваў, запальваць новыя свечкі і расказваць пра новых ахвяр рэжыму на мітынгах, канферэнцыях, падчас сустрэч з замежнымі палітыкамі. Гэта не вырашае праблему таго, што ў трэцім тысячагоддзі, у геаграфічным цэнтры Еўропы людзі працягваюць паміраць ад катаванняў. Але мы будзем працягваць шукаць шляхі вызвалення ўсіх палітзняволеных.

Леанід Судаленка, праваабаронца:

Відавочна!

Відавочна, чалавек у мантыі суддзі адправіў яго за краты без уліку стану здароўя!

Відавочна, што ён скардзіўся на дрэнны стан здароўя, але яго там ніхто не пачуў!

Відавочна, што ён заехаў у лагер напачатку зімы. А гэта значыць, ён суткамі на вуліцы прыбіраў снег, не меў шансаў адмовіцца, пацеў ад працы і быў мокры, а сугрэцца не было магчымасці!

Відавочна, ён мокрым і ў вільготнай бялізне быў вымушаны днямі быць на марозе і такім класціся спаць, бо цёплая вада там толькі раз на тыдзень!

Відавочна, што пнеўманія — гэта тая не хвароба, ад якой паміраюць мужчыны ў 50 год!

Відавочна, што гэта забойства ад імя дзяржавы!

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік BYSOL:

— Чацвёрты. Памерлы. Наш.

А колькі іх насамрэч? Колькі забітых дзяржавай, сваякі каго застрашаныя да мёртвай цішыні? Маўчання, якое забівае памяць.

А колькі наперадзе яшчэ некралогаў, заяў, збораў? Размоваў са сваякамі памерлых за кратамі?

Вадзім Храсько. Замардаваны за салідарнасць. Памятаем. Не прабачым.