Намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду
«З’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмруху».
Пра свой зыход з пасады Валер Кавалеўскі паведаміў у Фэйсбуку і апублікаваў фота на беразе мора.
— Сёння я прымаю рашэнне аб складанні з сябе абавязкаў намесніка кіраўніцы і прадстаўніка па замежных справах у Аб’яднаным пераходным кабінеце. На гэтым напрамку з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі, — напісаў Валер Кавалеўскі.
Ён адзначыў, што за тры с паловай гады працы ў Офісе Святланы Ціханоўскай і ў Аб’яднаным пераходным кабінеце зроблена шмат змястоўнай працы ў знешняй палітыцы і дыпламатыі, у тым ліку ўсталяванне супрацы з урадамі і міжнароднымі арганізацыямі, узмацненне палітычнага і санкцыйнага ціску супраць беларускага рэжыму, мабілізацыя дапамогі для ўсяго руху і шмат іншага.
— Я ўдзячны Святлане Ціханоўскай за давер і калегам па руху і міжнародным партнёрам за плённую супрацу па гэтых напрамках, — запэўніў Кавалеўскі.
Перакананы, што міжнародная дзейнасць павінна быць толькі дадаткам да працы па дасягненні змен у Беларусі. Менавіта праца з беларускімі грамадзянамі, з беларускім бізнесам, з беларускімі палітычнымі структурамі і грамадскімі ініцыятывамі з’яўляецца найскладанейшым, але і найбольш абгрунтаваным і перспектыўным шляхам дасягнення мэтаў руху: абароны незалежнасці Беларусі, аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту, усталявання канстытуцыйнага парадку ў нашай краіне і пераходу да дэмакратычнай формы кіравання.
Нагадаем, Валер Кавалеўскі далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай у снежні 2020 года, а 9 жніўня 2022 года быў прызначаны намеснікам кіраўніка і прадстаўніком па міжнародных справах Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі.
Кавалеўскі з 1998 па 2006 год працаваў у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, спецыялізаваўся на беларуска-амерыканскіх адносінах, а потым займаўся пытаннямі правоў чалавека ў міжнародных арганізацыях. Кавалеўскі сышоў з дыпламатычнай службы падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.
Читайте еще
Избранное