История

Мікола Андрэйчык

«Нас у Беларусь не пушчалі»

Праз «бясконцыя разбітыя дарогі» яны вярнуліся, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу.

Вільня, снежань 2024-га. Стаю ля светла-шэрай сцяны і гляджу на шыльду ўверсе: «На гэтым месцы стаяў дом, у якім жыў у II пал. XIX ст. выдатны беларускі паэт, асветнік і дзеяч культуры Францішак Багушэвіч».

І не проста жыў, а стварыў тут зборнікі «Дудка беларуская», «Смык беларускі», сфармуляваў асновы нацыянальнай ідэі. Багушэвіч нарадзіўся недалёка ад Вільні і задыхаў на поўныя грудзі пасля таго, як вярнуўся на Радзіму праз 20 гадоў выгнання.

Пры паўстанні ў 1863-м ён удзельнічаў ва ўзброеных сутычках з царскімі войскамі, быў паранены ў нагу – выратавалі сяляне. Каб не патрапіць пад рэпрэсіі, збег на чужбіну, схаваўся ва Украіне.

Працаваў судовым следчым, ездзіў па ўкраінскіх і расійскіх гарадах. Але як толькі абвесцілі амністыю і з’явілася магчымасць легальна вярнуцца, усё кінуў і ў 1884-м перавёз сям’ю ў Вільню. У адным з сваіх вершаў апісаў, што выратавала забранага з Беларусі ў царскае войска салдата: «Умёр бы то, мусіць, я тут. Каб не жменька той роднай зямлі».  

Дзед Калчак здолеў вярнуцца, але яшчэ доўга баяўся выходзіць у людзі. Пра гэта мне распавялі ў Валоках ужо шмат гадоў пасля яго смерці ў 1990-х. Пры другіх немцах ён трапіў на фронт, цудам выжыў. Яго таварышаў у акопе пастралялі зверху, хоць і рукі паднялі. Сашу немцы не забілі, бо рассмяяліся – у яго рост быў метр шэсцьдзесят.

Выжыў у лагеры пры знясіленай працы. У 1944-м даў дзёру. Пад Брэстам пачуў папярэджанне: «Куды бяжыш, дурань? У ГУЛАГ?»

Імчаў з захаду начамі. Абапал ціснуліся ваўкі: раней беглі ад чалавека, а за вайну прывучыліся есці мёртвых.    

Дадому дабраўся, але хаваўся ў людзей на хутары – падалей ад чужых вачэй. Саветы праводзілі для ваеннапалонных «фільтрацыю» – паспрабуй дакажы, што цябе не варта адпраўляць у Сібір. Хату ў Валоках шмат пазней паставіў, у лазню не хадзіў – меў шасцізначны нумар на спіне. Паставіў на ногі трох дзяцей, але нораў да апошніх дзён жыцця меў жорсткі: адсюль і мянушка.

Добра запомніў яго па дзяцінстве, дзед Калчак быў мужам адной з шасці сясцёр маёй бабулі. Тады думалася: усё, што вакол, – яно так і шмат гадоў таму было, і так застанецца шмат пазней. Ды і ў дарослым жыцці яшчэ нейкі час заставалася ілюзія, што ўсё нібыта ідзе сваім чарадом. Пакуль не пачаліся адкрыцці.

Склеп з закаткамі ля нашай хаты ў Валоках выявіўся стогадовым бліндажом. Пры наступленні першых немцаў дзеда майго дзеда і ўсю яго сям’ю выгналі ў бежанства ў Расію на Волгу – ўлады запужвалі, што вёску спаляць калі не немцы, дык казакі: для ворага рыхтавалі выпаленую зямлю.

Шмат гадоў жылі ў Царыцыне, можна было ўжо і заставацца. Але як у пачатку 1920-х дазволілі вяртацца, пабралі тых, хто выжыў, селі на воз і паехалі на захад – так хацелася дадому.  

Праз бясконцыя разбітыя дарогі дабраліся да Валок, ужо польскай тэрыторыі, а там усё выпалена, перарыта акопамі – якраз тут фронт паўтары гады стаяў і не рухаўся. Ні хаты, ні сада, ні агарода – замест іх адзін бетонны бліндаж, што застаўся ад немцаў. Жылі ў галечы, спалі ў спадчыне ад немцаў – у сырасці і холадзе. Пасля ўжо пабудавалі і хлеў, і хату, і бліндаж той пад склеп прыстасавалі.   

Як бальшавікі прыйшлі, новы страх з’явіўся – як казала мая баба, «каб не адправілі да белых мядзведзяў». Яшчэ раней у БССР геолага Гаўрылу Гарэцкага арыштавалі як «контррэвалюцыянера» і прысудзілі да расстрэлу, але ўсё ж пераправілі прысуд на 10 гадоў і адправілі ў Беламорска-Балтыйскі лагер. Змог выйсці датэрмінова, але ў Беларусь вярнуцца не дазволілі, таму первёз сям’ю на поўнач Расіі. Нават развітацца з маці не пусцілі. Пасля чарговага арышту ў 1938-м другі раз пагражалі растраляць, але нейкім цудам зноў застаўся жывы.

Яго сын Радзім Гарэцкі ўзгадваў: «Нас у Беларусь не пушчалі. Бацьку рэабілітавалі ў 1958 годзе, але толькі праз дзесяць гадоў дазволілі вярнуцца. Яму было ўжо пад 70, стары чалавек, ды яшчэ столькі перажыў».

Але ў Мінску быццам бы паламадзеў, працаваў без стомы. Унёс вялізны ўклад ў развіццё беларускай геалогіі, геаграфіі, археалогіі, фальклору. Дамогся вяртання з забвення імя расстралянага старэйшага брата Максіма. Пашыраў беларускамоўны асяродак і зрабіў яшчэ шмат шмат чаго іншага.

За тры гады да смерці Гаўрылы Гарэцкага ў Мінску пад акрытым небам адкрыўся Музей валуноў (ці «Парк камянёў»), у які па яго ініцыятыве з усёй краіны прывезлі артэфакты, што налічваюць тысячы гадоў беларускай гісторыі.

Мінчанам, асабліва жыхарам Уручча, ён вядомы як выдатнае месца для прагулак. Першы раз пры наведванні парка можа ўзнікнуць пачуццё недагаворанасці і незавершанасці. Усё становіцца на месцы, калі ведаць, якія абрысы музей уяўляе з вышыні птушынага палёту – карты Беларусі.