Навумчык: «Рэпрэсіі будуць набываюць усё больш жорсткі і масавы характар»

Палітычны аглядальнік — пра шкоднасць ілюзій і чаго чакаць у бліжэйшай перспектыве.

— Ня бачу ніякіх падстаў прагназаваць, як гэта робяць некаторыя аналітыкі, «зьмякчэньне» рэжыму, роўна як і «пацяпленьне» адносінаў з Захадам, — піша Сяргей Навумчык. — Наадварот — рэпрэсіі будуць набываюць усё больш жорсткі і масавы характар.

Цяпер караюць ужо тых, хто хоць неяк, хоць мінімальна, засьвяціўся ў нейкіх маршах 2020 году альбо калісьці паставіў «лайк» (арганізатары і актыўныя ўдзельнікі ўжо пакараныя). Тут, канешне, прастора для сілавікоў неабсяжная: выходзіла пад мільён, зьехалі ня ўсе. Тысяч сто набярэцца дакладна, было б куды садзіць.

Сяргей Навумчык

У 2020-м я напісаў, што Лукашэнка зь ягоным імкненьнем помсьціць усяму сьвету на падставе комплексу пакрыўджанага калгаснага байстрюка прагне масавых расстрэлаў. Адзінае, што здольнае стрымліваць яго — у адказ Захад можа пачаць ваенныя дзеяньні, як ён быў вымушаны іх пачаць супраць Мілошавіча за генацыд мусульманаў.

Але цяпер мы бачым, што лёс беларускага народа Захад цікавіць непараўнальна менш, чым лёс албанцаў у былой Югаславіі. Плюс, Лукашэнка прыкрыты ядзерным парасонам Пуціна. Так што рукі — разьвязаныя.

Чаму «народ-партызан» церпіць усё гэта — асобная тэма, можа быць, самая важная (зрэшты, партызанскі рух часоў т.зв. «ВОВ» мусіць быць падвергнуты рэвізіі, што пачаў у сваіх творах Васіль Быкаў).

Лукашэнка зь ягоным зьвярыным інстынктам самазахаваньня разумее, што любое «пацяпленьне» выкліча ланцуговую рэакцыю спачатку ўсё больш імклівага аслабленьня, а затым і страты ўлады. Ён вельмі добра памятае, як скончыў Гарбачоў, ня кажучы ўжо пра ўрок 2020-га.

Гэтак жа абсурдна казаць пра «транзіт». Пасада прэзыдэнта апынецца безь яго толькі ў выніку ягонай сьмерці — гвалтоўнай (што наўрад ці) альбо натуральнай (што хутчэй).

Аднак не пагаджуся і з тымі аналітыкамі, якія канстатуюць ледзь не перадсьмяротны стан Лукашэнкі.

Я, канешне, ня медык (як і гэтыя шаноўныя аналітыкі, дарэчы), але добра памятаю 70-годзьдзе Леаніда Ільіча. У параўнаньні з 70-гадовым Брэжневым 70-гадовы Лукашэнка — сьвежы агурок з градкі. Але медыцына пратрымала генсека яшчэ пяць гадоў, хаця сам Леанід Ільіч сваім стылем жыцьця змагаўся з урачамі, як мог.

За 40 апошніх гадоў медыцына прагрэсавала ў разы. Мінімальна дзесяць гадоў жыцьця я Лукашэнку даю. Адпаведна, і ўзурпацыі ўлады (тое, што ён пойдзе на «выбары» у 2030-м, можаце нават не сумнявацца).

Далей можна шмат разважаць над «Што рабіць?», але напачатку трэба пазбавіцца ад ілюзій. У такой сітуацыі ілюзіі — стан вельмі шкодны, і 2020 год гэта паказаў.

Дадам толькі вось што. Разумею, што тыя, хто ўвосень 2020-га троліў мяне за невясёлыя прагнозы і заяўляў, што «ў сьнежні (лютым 2021-га, траўні 2021-га, etc.) Лукашэнкі ня будзе, а Вы, спадар Навумчык, сваімі словамі дэматывуеце людзей, перашкаджаеце нам весьці іх да перамогі, лепш памаўчыце», — памылкі сваёй не прызнаюць, прабачэньне не папросяць, хаця б таму, што няма часу — бо сёньня, як і раней, яны ізноў вядуць да перамогі.

Гасподзь зь імі. Але тым, хто апынуўся ў эміграцыі, раю перагледзіць свае жыцьцёвыя планы з улікам таго, што эміграцыя ваша, найхутчэй, будзе доўгай — ня пяць гадоў і ня дзесяць. У мяне яна — ужо больш за 28.

Тым больш што ўсё меней фактараў, якія б давалі шанцы на прадухіленьне глабальнай ядзернай вайны.