Общество

«Нелицеприятно» выказаўся пра Ўсебеларускі народны сход». Пэнсіянэру пагражае да пяці гадоў турмы

Нашы калегі з Радыё Св*бода даведаліся, што стала прычынай затрыманьня пэнсіянэра, былога дэпутата сельскага Савету.

14 студзеня ў вёсцы Церуха Гомельскага раёну міліцыя затрымала 68-гадовага Мікалая Віцікава. Сёньня стала вядома, што пракуратура санкцыянавала яму арышт на два месяцы. Цяпер Віцікаў у СІЗА як падазраваны па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу — за распальваньне варожасьці.

— Мікалай Герасімавіч меў такую асаблівасьць — дабіваўся, каб усё было па законе, каб было справядліва. Таму яго і выбіралі дэпутатам сельскага Савету.

Яшчэ летась ён запісаў свае разважаньні пра Ўсебеларускі народны сход. А сёлета вырашыў падзяліцца імі з рэдакцыяй раённай газэты «Маяк», наколькі я ведаю, — расказала Свабодзе крыніца.

6 студзеня ў Віцікава прайшоў вобшук. Сьледчыя і экспэрты шукалі «экстрэмізм» і сымболіку. Ничога не знайшлі. У пастанове на вобшук было напісана, што Віцікаў ««нелицеприятно» выказаўся пра Ўсебеларускі народны сход».

14 студзеня па пэнсіянэра прыйшла міліцыя, яго забралі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Сёньня стала вядома, што яго арыштавалі на два месяцы. Цяпер яму пагражае да пяці гадоў.

— Яшчэ адзін такі момант — ён хацеў арганізаваць у Церусе дыялёгавую пляцоўку па абмеркаваньні Канстытуцыі. Ня ведаю, ці зьвязана гэта зь ягоным затрыманьнем, ці не. Ён чалавек з актыўнай пазыцыяй, — дадала крыніца.

У вёсцы Мікалая Герасімавіча ведаюць як добрага і адэкватнага чалавека. Ён дапамагаў у розных патрэбах мясцовай царкве.

Раённая газэта «Маяк» выказалася пра затрыманьне пэнсіянэра. Ягоны ліст з прапановамі наконт праекту Канстытуцыі выданьне назвала «падобным да кляўзы», а самога Віцікава — «правінцыйным інтэлігентам пэнсійнага ўзросту», «сельскім правакатарам», які «разносіць свае пасквілі па ўсім раёне».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(45)