История

Андрэй Кныш

Палітык, які мог аб’яднаць беларусаў

25 год таму памёр выбітны палітык, дзяржаўны дзеяч, навуковец Генадзь Карпенка. З дапамогай архіваў «Салiдарнасць» прыгадвае, што пра яго жыццё і смерць пісала тагачасная прэса.

Біяграфія Генадзя Карпенкі ўражвае. Навуковец-вынаходнік, доктар навук, аўтар шматлікіх навуковых прац, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Дэпутат парламента, намеснік старшыні Вярхоўнага Савета. Старшыня пастаяннай камісіі ВС па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.

У 1987-м узначаліў маладзечанскі Завод парашковай металургіі. Прадпрыемства, якое мела сур’ёзную запазычанасць, за кароткі час пад ягоным кіраўніцтвам стала прыбытковым. 

Увогуле, маладзечанскі перыяд ягонай кар’еры, калі ён кіраваў статысячным горадам, варты экранізацыі. Прыватызацыя, асобная эканамічная зона, якая прывабіла камерцыйныя банкі і прадпрыемствы з усёй краіны, дэсаветызацыя тапонімаў, якой ні да, ні пасля нідзе больш не было ў такіх маштабах — гэта далёкі ад паўнаты спіс дасягненняў Карпенкі за лічаныя гады.

У 1993-м журналіст «Народнай газеты» Павел Якубовіч, той самы, які праз колькі год узначаліць пры Лукашэнку «Советскую Белоруссию», так уразіўся поспехамі маладога мэра і ягонай каманды, што назваў у сваім артыкуле Маладзечна «Горадам Сонца».

Генадзь Карпенка быў паслядоўным крытыкам Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым інтэрв’ю, зробленым у 1995-м, ён паставіў дыягназ новай уладзе, праявы якога мы напоўніцу зведалі на сабе ў нашыя дні:

Пасля фактычнага разгона Вярхоўнага Савета ў 1996-м Карпенка стаў лідарам дэмакратычных сілаў. Паводле ўспамінаў ягоных паплечнікаў і сяброў, ён адмовіўся ад удзелу ў альтэрнатыўнай прэзідэнцкай кампаніі 1999-га, арганізаванай Віктарам Ганчаром, ягоным колішнім намеснікам у Маладзечанскім гарвыканкаме.

читайте также

Карпенка, прагматык і рэаліст, збіраўся ісці на выбары ў 2001-м. Зважаючы на ягоны тагачасны рэйтынг, гэта мела сэнс. Але вясна 1999-га перакрэсліла гэтыя планы.

З паведамленняў «Радыё Свабода» ад 6 красавіка 1999 года:

«Сёньня а 7 гадзіне раніцы памёр віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня, сябра Каардынацыйнай Рады Дэмакратычных Сілаў Генадзь Карпенка.

Ён быў дастаўлены ў 9-ты шпіталь яшчэ 31 сакавіка з дыягназам крывазьліцьцё ў мозг. 1 красавіка яму была зробленая апэрацыя па выдаленьні гематомы.

Усе гэтыя дні ён знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленьні лякарні ў непрытомным стане. Генадзь Карпенка не дажыў да свайго 50-годзьдзя менш за паўгода».

Як паведамлялі тады незалежныя СМІ, развітацца з Генадзем Карпенкам прыйшлі тысячы беларусаў. Жалобнае шэсце рушыла ад Акадэміі навук, дзе адбывалася грамадзянская паніхіда, да Усходніх (Маскоўскіх) могілак.

«Мінск не памятае такой колькасці народа з часоў пахавання Пятра Машэрава», — пісала газета «Навіны».

Народны паэт Генадзь Бураўкін на смерць свайго цёзкі напісаў развітальны верш, які і сёння адгукаецца прарочымі словамі:

Зноў сэрца нам сціскае вырак горкі,

Нібы выпрабоўвае знарок.

На родным небе патухаюць зоркі,

І над Радзімаю гусцее змрок.

 

Не адпускае нас бяда сляпая,

Вось-вось надзею выпаліць датла.

Як доўга нам трагічна не хапае

Зямнога і нябеснага святла.

 

І вось ужо на дальнім даляглядзе

Над забыцця пажухлаю травой

Узносіцца самотны цень Генадзя,

Яшчэ адной вяршыняй верставой.

 

Няўжо і ў праўду будзе шлях бясконцы,

І мы так і не зладзім для дзяцей

Наш край святла, наш вольны Горад Сонца,

Як з намі марыў ён, як ён хацеў?

Злева ад Генадзя Карпенкі – Валеры Костка, падпалкоўнік КДБ

У афіцыйную версію смерці палітыка не паверылі многія. Найперш сям’я, ягоныя паплечнікі і праваабаронцы. Акалічнасці заўчаснага сыходу Карпенкі насамрэч выклікаюць пытанні па сённяшні дзень.

Прыгадаем, што пра гэта казалі ягоная жонка Людміла і блізкі паплечнік Валеры Костка, падпалкоўнік КДБ запасу Валеры Костка.

Апошні правёў уласнае расследаванне дня, калі Генадзь Карпенка трапіў у шпіталь. Пра гэта праз восем дзён пасля смерці палітыка паведамляла «Радыё Свабода»:

«31 сакавіка з самай раніцы Карпенка рыхтаваў свой чарговы артыкул пра эканамічнае становішча ў Беларусі. У 11 гадзінаў да яго прыехаў Костка. Амаль дзьве гадзіны яны размаўлялі пра пэрспэктывы разьвіцьця палітычных падзеяў у Беларусі, абмяркоўвалі канкрэтныя дзеяньні каманды Карпенкі на бліжэйшы час. (…) Каля 13-тай гадзіны Костка і Карпенка разьвіталіся.

Вядома, што праз паўгадзіны Карпенка сустрэўся з былым рэдактарам «Знамя Юности» Міхасём Кацюшэнкам. (…)

За абедам Карпенка і Кацюшэнка адкаркавалі бутэльку шампанскага, прычым, як сьведчыць журналіст, нават не дапілі яе да дна. (Гэта наконт таго, што некаторыя пасьля казалі, быццам Карпенка ў той дзень быў ушчэнт п’яны.)

А 15-й па Карпенку заехаў ягоны сябар. Ён забраў Генадзя Дзьмітравіча, па дарозе яны захапілі журналістку Людмілу Бялкоўскую, і ўжо ўтраёх паехалі на вуліцу Беларускую, дзе знаходзіцца офіс стрыечнага брата Карпенкі Леаніда Кошаля.

Тут на стале былі толькі кава і канапкі. Інтэрвію, пра якое дамовіліся за два дні да 31 сакавіка, цягнулася гадзіну. Раптам Карпенка са словамі: «Прабачце, я зараз вярнуся» устаў і накіраваўся ў бок прыбіральні.

Яго не было пяць хвілінаў, дзесяць, пятнаццаць. Ён стаяў на левай назе, абапёршыся правым плячом на сьцяну. Сказаць хоць бы адно слова Карпенка ўжо ня мог. Выклікалі хуткую дапамогу.

Як лічыць сёньня Людміла Бялкоўская, «шмат чаго тады было зроблена ня так і ня хутка. Напрыклад, у прыёмным аддзяленьні шпіталя хуткай дапамогі лекароў чакалі хвілінаў дваццаць. Несьці хворага ў нэйрахірургічнае аддзяленьне — а гэта некалькі сотняў мэтраў падземным калідорам — давялося дзяўчаткам-санітаркам».

Дарэчы, на другі дзень, калі хворага пераводзілі ў 9-тую клініку, побач была толькі ягоная жонка. Яе пакінулі ў прыёмным пакоі побач з мужам чакаць, калі яго забяруць у палату.

Праз дваццаць год Валеры Костка скажа ў інтэрв’ю, што інсульт у Карпенкі мог быць справакаваны, што ў той трагічны дзень ён меў яшчэ адну сустрэчу, на якой былі тры чадавекі, і пра якую Костка даведаўся пазней.

Былы супрацоўнік КДБ прыгадваў, што першы дзень Карпенку не аказвалі ніякай дапамогі. Ягоная версія:

— Карпенку адразу адвезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі, і суткі ён ляжаў там без дапамогі! Гэта мяне насцярожвае. Бо ёсць рэчывы, якім трэба 24 гадзіны, каб яны расклаліся ды зніклі з арганізма, і потым іх немагчыма выявіць аналізам. Яму не адразу пачалі аказваць дапамогу ў 9-м шпіталі, а суткі пратрымалі ў шпіталі хуткай дапамогі — без дапамогі.

Фота: rh.by

У снежні 1999-га Людміла Карпенка падзялілася з журналістамі сваімі падазрэннямі, якія яна пазней яшчэ не раз агучыць:

— Да мяне выходзілі людзі й гаварылі, што ён сапраўды быў забіты. Мяне проста папярэджвалі, каб я не гаварыла пра гэта. Я не называю іх імёнаў, але мне нават называлі прозвішча тых, хто забіў.

Я сама ў гэтым упэўненая, бо ўсе падзеі, якія адбываліся да смерці Генадзя і пасля, пераконваюць мяне ў гэтым. Да гэтага было некалькі спробаў яго забіць. Гэта й страляніна па машыне, у якой ён мусіў ехаць, гэта і спроба падмяніць лекі, калі ён ляжаў у шпіталі.

Было і замоўлена ягонае забойства. Генадзь дакладна гэта ведаў, называў нават мне прозвішча таго, хто павінен быў гэта выканаць. Але калі гэта было ўскрыта, тады ў іх анічога не выйшла.

Жонцы і дзецям Карпенкі ў выніку давялося з’ехаць з Беларусі ў Германію праз палітычны пераслед.

Застаецца спадзявацца, што акалічнасці заўчаснай смерці Генадзя Карпенкі рана ці позна стануць вядомымі. Але ў любым выпадку фактам застаецца тое, што ягоны сыход стаў першым у шэрагу трагічных і змрочных падзей 1999-га.

У маі знік былы міліцэйскі мінiстр Юры Захаранка, у верасні — Віктар Ганчар. Беларуская апазіцыя была абезгалоўленая.

І калі зірнуць на гэта шырэй, то беларусы страцілі не толькі сур’ёзнага суперніка Лукашэнкі на выбарах 2001-га.

Такія асобы, як Генадзь Карпенка, у любой краіне нараджаюцца, як кажуць, раз на сто гадоў. Ён мог аб’яднаць беларусаў — вось так, не больш і не менш, пісалі пра Карпенку пасля ягонай смерці.