Общество

Ірына Верабейчык

Пашкевіч: «У краіне няма візіі будучыні, і патлумачыць, дзеля чаго гэта ўсё, ніводны ідэолаг талкова не можа»

Гісторык — пра тое, ці спрацуе разлік прапагандыстаў на кароткую памяць беларусаў.

Беларусы заўважылі ў дзяржустановах ідэалагічныя метадычкі з фэйкам пра БНФ і «моцнага лідара» Аляксандру Лукашэнку, які нібыта за трыццаць год адвёў краіну ад бездані.

Але ж 1994 год, да якога апелююць аўтары гэтага прапагандысцкага тэксту — не падзеі Другой сусветнай вайны, а найноўшая гісторыя Беларусі, у краіне шмат жывых сведкаў і ўдзельнікаў гэтага часу. Тады на каго разлічаны настолькі нахабнае перакручванне фактаў і хлусня?

— Памяць у насельніцтва насамрэч бывае кароткая, гэта мы заўважаем на прыкладзе розных народаў, — гаворыць у экспрэс-каментары «Салідарнасці» сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч. — З цягам часу адбываецца пэўная аберацыя: у галаве пакідаецца толькі нешта выбранае, а рэальная карціна не кожнаму даступная.

Аляксандр Пашкевіч

Дый не кожны хоча гэта аналізаваць, многім людзям бывае нават камфортна знаходзіцца ў палоне міфаў. Таму, па вялікім рахунку, такая прапаганда можа працаваць, і часта працуе. Гэта мы бачым на прыкладзе суседняй Расіі, дзе закідаюць яўныя фэйкі, няпраўду транслююць праз усю прапагандысцкую машыну — і народу гэта ў значнай ступені «заходзіць».

У Беларусі ў гэтым плане, мяркуе гісторык, значна больш складаная сітуацыя, і відавочны падман наўрад ці добра ўспрымаецца людзьмі, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі ці ўзроставай катэгорыі; проста таму, што сама ўлада непапулярная.

— Міфы пра непамыльнасць улады, пра нейкія яе цудатворныя дзеянні мусяць сумяшчацца з тым, у што рэальна вераць людзі. А 2020 год паказаў, што ўжо той народнай любові да Лукашэнкі, якая была ў 90-х, даўно няма, многім ён надакучыў з розных прычын, людзі хацелі змены гэтай улады.

І тое, што ўдалося звесці сітуацыю да цяперашняга стану, калі Лукашэнка фактычна безальтэрнатыўны і ніякай адкрытай апазіцыі ў краіне няма, — гэта звязана не з уменнямі прапаганды, не з тым, як яна лоўка ўздзейнічае на людзей і перафарматуе іх свядомасць.

Мы не павінны мець ілюзій. Усё дасягнутае пры Лукашэнку — дасягнута перадусім сілай. Уся альтэрнатыўная думка проста груба падаўляецца, прымяняюцца палітычныя рэпрэсіі, нязгодныя выціснутыя з краіны, а тыя, хто застаўся ў Беларусі і не памяняў сваіх поглядаў, змушаныя маўчаць. У такой камфортнай, безальтэрнатыўнай сітуацыі ідэолагі могуць гаварыць усё, што заўгодна — а як пярэчанняў няма, то выглядае, што ўсе гэтаму вераць.

Але я думаю, што гэта, канешне, не так. Бо не ліквідаваныя тыя глабальныя прычыны, па якіх Лукашэнку ў 2020 годзе грамадства адрынула.

Таму, на маю думку, усе гэтыя паперкі больш для паказухі робяцца, па звыклых схемах і расказваюць розныя небыліцы. Для беларускіх прапагандыстаў гэта не ўпершыню: мы памятаем, як яшчэ ў 1990-я гады выдаваліся фільмы кшталту «Нянавісць. Дзеці хлусні», дзе пра апазіцыю гаварылася абсалютная лухта, без усякіх доказаў, без нічога — і пракатвала.

Так і цяпер ідэолагам трэба паказаць сваю кіпучую дзейнасць. Аднак сумняюся, што ў дзяржаўных установах каля стэндаў людзі становяцца ў радок, каб прачытаць, што ж там такое развешана — хутчэй, чалавек, які зняў гэтую лістоўку для гісторыі, быў адным з нямногіх за доўгі час, хто звярнуў на яе ўвагу. А ідэолагам галоўнае было напісаць і вышэйшаму начальству даць справаздачу, каб засведчыць сваю карыснасць.

— А чаму яны наогул дзейнічаюць паводле састарэлых схем? Лукашэнка ж гэтак сама, у духу лектара таварыства «Веды», любіць папалохаць страшылкамі: «Калі б мы не ўтрымалі краіну ў 2020-м, тут бы НАТА ляскала», «Калі б у 1990-я мы не прыйшлі, расцягнулі краіну». То бок, не хваліцца поспехамі, не абяцае, што будзе добра, а прыстрашвае, што магло быць і горш. На каго разлічаны гэты пасыл, калі горш пры Лукашэнку ўжо было, і не раз?

— Тут ён дзейнічае дастаткова лагічна. Яму ж трэба набываць нейкую легітымнасць, тлумачыць, чаму ён застаецца ва ўладзе. Чаму ў 2020 годзе задушыў пратэсты, чаму не праводзіць сапраўды дэмакратычных выбараў, чаму выціснуў апанентаў ў краіны ці загнаў пад плінтус унутры краіны — на гэта трэба даваць адказ.

І ў яго адказ такі: можа быць, мы нешта нават робім не па законе, «часам не да законаў», жорстка і бязлітасна — але за намі вельмі высокая місія, мы ратуем краіну. Адсюль і наратыў, што калі б не Лукашэнка, то ўсё б даўным-даўно развалілася ці было вельмі страшна.

Тое, што ў 1990-ыя яму не было альтэрнатывы і тым больш няма цяпер — па вялікім рахунку, такі міф, які ствараюць любыя ўзурпатарскія рэжымы. Асабліва, калі ім няма чым хваліцца ў іншых сферах, у той жа эканоміцы. Тады яны ствараюць паралельную рэчаіснасць пра тое, што наўкол усе лютыя ворагі, і толькі мы краіну трымаем на краі прорвы, не даем упасці.

Не выключаю, што дзесьці і сам Лукашэнка ў гэта шчыра верыць, бо жыве ў сваім замкнёным свеце, у многім адарваўся ад рэалій краіны, ад сучаснага грамадства. Да таго ж вядома, што ён — чапавек, які не валодае сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, яму прыносяць раздрукоўкі ў тэчках. І, вядома, людзі, якія забяспечваюць яго гэтай інфармацыяй, карыстаюцца гэтым — падбіраюць ці тое, што яны самі хацелі б, каб ён так думаў, ці падладжваюцца пад тое, што ён успрымае.

У такім рэжыме з цягам часу, мяркую, чалавек сам пачынае верыць у тое, што ён прапагандуе — і Лукашэнка ў сваю выключнасць, асаблівую місію, прынамсі часткова таксама верыць.

Магло б быць горш, таму цаніце, што маеце — даволі прымітыўная прапагандысцкая тэхналогія, якая, аднак, часамі працуе. У нашым выпадку — працуе толькі разам з рэпрэсіямі, калі ўсім нязгодным, хто мог бы гэта аргументавана аспрэчыць, не даюць выказвацца, любая альтэрнатыўная думка крыміналізаваная.

Аднак нават у такіх варунках, дадае Аляксандр Пашкевіч, ідэолагі не могуць прапанаваць пераканаўчых наратываў, працуюць без душы.

— Адсутнасць сфармаванай, цэласнай ідэалогіі адчувальная. У краіне няма візіі будучыні, і патлумачыць, дзеля чаго гэта ўсё, ніводны ідэолаг талкова не можа. Звычайна на публіку гучыць набор кандовых, штампаваных фраз. Але ж словаў пра тое, што нешта закладаецца ў падмурак няхай аддаленай, але лепшай будучыні — па-мойму, гэтага няма. Таму што няма ідэі. Ёсць толькі персаналісцкі рэжым і яго ўслаўленне, — рэзюмуе суразмоўца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(14)