12 лютага стала вядома, што каардынатарцы валанцёрскай службы ПЦ «Вясна» Марфе Рабковай Следчым камітэтам было прад’яўленае новае, больш жорсткае абвінавачванне па ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы, здзейсненае групай асобаў).
Нагадаем, што Марфа Рабкова ўжо пяць месяцаў знаходзіцца пад вартай у СІЗА па абвінавачванні па ч. 3 арт. 293 КК (фінансаванне ды іншая падрыхтоўка масавых беспарадкаў).
Згодна з наноў прад’яўленымі абвінавачаннямі Марфе Рабковай пагражае да 12-ці гадоў пазбаўлення волі.
«Новыя абівнавачванні Марфе Рабковай былі прад’яўленыя неўзабаве пасля дэманстрацыі па нацыянальным тэлебачанні фільма пад назвай «Траціл пратэста», у якім даводзіцца пра, нібыта, датычнасць нашай арганізацыі ў цэлым і каардынатаркі валанцёрскай службы Марфы Рабковай да нейкай тэрарыстычнай дзейнасці, – гучыць у заяве. – Новыя абвінавачванні Марфе выставілі 11 лютага – пасля прапагандысцкага сюжэту на дзяржаўным тэлебачанні і ў дзень так званага УНС».
У сувязі з гэтым сябры Рады «Вяснаы» адзначаюць:
«ПЦ «Вясна» з’ўляецца правабарончай арганізацыяй, якая мае цалкам легітымныя мэты дзейнасці і ажыцяўляе яе зыходзячы з замацаванага ў Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды права кожнага індывідуальна альбо ў групе асобаў абараняць правы іншых.
На працягу 25-ці гадоў дзейнасці наша арганізацыя рэгулярна сутыкаецца з актамі ціску, запалохвання і пераследу сябраў арганізацыі за ажыцяўленне праваабрончай дзейнасці, была пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі і вымушаная апошнія 18 гадоў абараняць правы чалавека ў краіне без рэгістрацыі Міністэрства юстыцыі.
У розныя гады нам пагражалі крымінальнай адказнасцю за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, за дыскрыдытацыю Рэспублікі Беларусь, ці абвінавачвалі ў «грубым парушэнні дзеючага заканадаўства». У 2011 годзе старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі ў выніку палітычна матываванага прысуду, вынесеннага ў парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва, быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі за нібыта «фінансаванне беларускай радыкальнай апазіцыі». Аднак арганізацыя працягвала і будзе працягваць сваю дзейнасць, нягледзячы на гэтыя перашкоды з боку афіцыйных уладаў, паколькі нашая праца патрэбная беларускім людзям, беларускаму грамадству.
Ад пачатку чарговага вострага крызісу правоў чалавека ў краіне ў траўні 2020 г., 18 сябраў нашай арганізацыі зведалі ціск і пераслед, уключаючы адміністрацыйныя арышты, за сваю актыўную праваабарончую дзейнасць. Чатыры сябры арганізацыі і валанцёры на дадзены момент знаходзяцца ў СІЗА, у тым ліку і каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ «Вясна» Марфа Рабкова.
Мы ў чарговы раз заяўляем, што Марфа Рабкова з’яўляецца правабаронцай ПЦ «Вясна» і падвяргаецца рэпрэсіям выключна за сваю негвалтоўную дзейнасць па абароне правоў чалавека.
Любыя спробы стварэння грамадскага меркавання аб нібыта датычнасці Марфы Рабковай і ПЦ «Вясна» да нейкай «тэрарыстычнай дзейнасці» з’яўляюцца вартымі жалю спробамі маніпуляцыі грамадскім меркаваннем, спробамі стварэння вобраза Марфы як небяспечнай «тэрарысткі» ў вачах грамадскасці.
Гэта грубейшым чынам парушае прэзумпцыю невінаватасці, гарантаваную Канстытуцыяй Беларусі яе грамадзянам, што ў сваю чаргу з’яўляецца парушэннем гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва.
Мы расцэньваем нападкі дзяржаўных СМІ на ПЦ «Вясна» і прад’яўленне новых абвінавачанняў сяброўцы нашай арганізацыі Марфе Рабковай як працяг рэпрэсіўных дзеянняў у дачыненні да «Вясны» і прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці краіны ў цэлым.
Мы патрабуем неадкладна вызваліць з-пад варты правааброцаў ПЦ «Вясна» Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу, нашых калег з Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а такскма сотняў іншы палітычных зняволеных.
Рукі прэч ад Марфы, рукі прэч ад «Вясны», рукі прэч ад праваабаронцаў!»
Читайте еще
Избранное