Политика

Рэкордныя лічбы яўкі, узмоцненая ахова на ўчастках, адсутнасьць незалежных назіральнікаў: як праходзяць выбары-2024 у Беларусі

25 лютага ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі, піша Радыё Свабода.

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Падчас парлямэнцкіх выбараў 2019 году ў Беларусі

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі 24 лютага заявіла, што ў выбарах дэпутатаў датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, уключаных у сьпісы для галасаваньня. Гэта крыху вышэй за лічбы, агучаныя на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году: тады ЦВК казала, што яўка на датэрміновым галасаваньні склала 41,7%.

Паводле ЦВК, найбольш высокая яўка ў Гомельскай вобласьці —49,93%, за ёй — Магілёўская (49,43%), Берасьцейская (44,72%), Віцебская (41,71%), Менская (40,47%), Гарадзенская (39,98%) і Менск (30,07%). Участкі для галасаваньня працавалі з 12 да 19-ай гадзіны безь перапынку на абед. Афіцыйнага пацьверджаньня прычын, чаму выбарнік ня можа прагаласаваць у асноўны дзень выбараў, не патрабавалася.

У асноўны дзень галасаваньня 25 лютага ўчасткі для галасаваньня будуць адчыненыя з 8:00 да 20:00. На ўчасткі, якіх у Беларусі сфармавалі 5411, выбарнікаў завабліваюць забаўляльнай праграмай «ад паказу мод да міні-гастроляў» і буфэтамі са «сьвежай прадукцыяй».

Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі выбараў праваабарончыя арганізацыі выявілі на іх шматлікія парушэньні.

Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.

Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя, на адным з рэпартажных фота дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА нават схавала асобы кандыдатаў.

Разам з тым дзеяньні выбарнікаў улады кантралююць максымальна: раней улады забаранілі фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня для галасаваньня. Цяпер праваабаронцы паведамляюць пра адсутнасьць шторак у кабінках для галасаваньня — верагодна, так улады вырашылі кантраляваць, каб не фатаграфавалі бюлетэні.

На некаторых участках для галасаваньня вывешвалі папярэджаньні пра забарону выносіць бюлетэні, а таксама фатаграфаваць іх, паведамляе кампанія незалежнага назіраньня Праваабаронцы за свабодныя выбары.

На ўчастках узмацнілі ахову, разьмясьцілі трывожныя кнопкі, а таксама відэакамэры. На дзяржаўным тэлебачаньні паказалі сюжэт, у якім сілавікі трэніраваліся затрымліваць выбарнікаў, якія фатаграфуюць выбарчыя бюлетэні, разганяць людзей ля выбарчых участкаў, якія «штучна стварылі чаргу» і нібыта нават «падпалілі чалавека», штурмаваць будынак камісіі з дронам.

Актывісты БРСМ і пярвічкі «Белай Русі» ладзілі пікеты «ў падтрымку выбараў», а месцамі (напрыклад, у Сьветлагорску) — нават агітацыйныя канцэрты і флэшмобы. Да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні беларусаў актыўна агітавалі рэгіянальныя СМІ і чыноўнікі, апошнія і самі галасавалі датэрмінова.

На Гарадзеншчыне зь першага дня тон задавала самае высокае кіраўніцтва вобласьці. Датэрмінова прагаласаваў і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.

Паводле незалежных назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», па ўсёй Беларусі датэрмінова галасавалі чыноўнікі, пэнсіянэры, студэнты, вайскоўцы.

У Гомельскай вобласьці ў службовых чатах распаўсюджвалі «просьбы» арганізаваць стоадсоткавую яўку для датэрміновага галасаваньня, а таксама патрабавалі справаздачу пасьля гэтага.

З прычыны самай нізкай яўкі выбарнікаў на Гарадзеншчыне ў першы дзень датэрміновага галасаваньня кіраўніцтва аблвыканкаму ў наступныя дні праводзіла агітацыйныя сустрэчы ў працоўных калектывах. У першы ж дзень галасаваньня многіх асуджаных да абмежаваньня волі ва ўстановах адкрытага тыпу Гарадзенскай вобласьці арганізавана пасадзілі ў транспарт і адвезьлі галасаваць.

На Магілёўшчыне для студэнтаў праводзілі ідэалягічныя лекцыі ў ВНУ, «настойліва рэкамэндавалі» прагаласаваць датэрмінова, «матывуючы» іх магчымымі праблемамі з пражываньнем і навучаньнем, а таксама абяцалі адзін вольны ад навучаньня дзень, калі прагаласуюць датэрмінова.

Са Сьветлагорску праваабаронцам паведамлялі пра групу жанчын пэнсійнага ўзросту, «ці то актывістак, ці то «карусельшчыц», якія былі заўважаныя адразу на некалькіх выбарчых участках».

Тым, хто галасаваў упершыню, раздавалі падарункі. Усім выбарнікам, якія ўпершыню галасуюць, на некаторых участках Берайсьцейшчыны ўручылі падарункавыя экзэмпляры Канстытуцыі.

Жыхару аграгарадка Адрыжын за галасаваньне на выбарах падарылі гарбату Tess, а ў Барысаўскім раёне выбарнікам абяцалі ў падарунак пернік з сымболікай «адзінага дня галасаваньня».

Таксама ў якасьці «падарунка выбарнікам» у Беларусі зладзілі бясплатны паказ савецкай камэдыі «Белыя Росы» ў кінатэатрах і паўсюль, дзе адкрылі выбарчыя ўчасткі, але перад ім — абавязковы прагляд прапагандысцкага фільму «Беларусь. Адзінства».

Праваабаронцы паведамлялі пра затрыманьні ў сувязі з выбарамі. Так, сілавікі затрымалі жыхара Кіраўска, які нібыта зьбіраўся «ўсталяваць схаваную камэру на выбарчым участку». На відэа сілавікоў мужчыну абвінавачваюць у сувязі з «кааліцыяй пратэставых двароў», закадравы голас кажа, што ён нібыта заклікаў людзей выходзіць на вуліцы і «парушаць грамадзкі парадак».

Таксама сілавікі паведамлялі пра затрыманьне мужчыны, які нібыта хацеў «сарваць выбары». На відэа ён кажа, што зь ім нібыта зьвязаліся людзі, якія хацелі, каб ён зьбіраў зьвесткі на чальцоў выбарчых камісій і «рыхтаваў людзей да назіральнай дзейнасьці і далейшых правакацый на ўчастках», а таксама здымаў відэа і дасылаў іх у «экстрэмісцкія рэсурсы».

– Яшчэ з папярэдніх этапаў гэтых выбарчай кампаніі было бачна, што нейкай канкурэнцыі, спаборніцтва, гонкі кандыдатаў чакаць не давядзецца. Тыповыя пікеты, тыповыя праграмы, ідэалягічныя лекцыі замест агітацыі. За каго галасаваць — гаворкі не ідзе (зразумела, што насамрэч галасаваць няма за каго).

Гэты тыдзень мы з зацікаўленасьцю глядзелі, што будзе адбывацца, бо было не зусім зразумела якую стратэгію абяруць улады: нуль шуму і ніякіх натоўпаў на выбарчых участках альбо клясычныя загоны на датэрміновае галасаваньне. Выглядае, што ўсё ж выйграла старая добрая клясыка, — пракамэнтавала юрыстка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Сьвятлана Галаўнёва.

З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(21)