Рудкоўскі: «Той, хто «падарыў» неўключэнне ў санкцыйны пакет, той можа і забраць падарунак»
Эксперт — пра тонкую палітычную гульню Кіева.
Днямі старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен заявіла, што Еўрасаюз выступіць з новымі санкцыямі супраць Беларусі за яе саўдзел у расійскай агрэсіі. Аднак папярэднія, восьмы і дзявяты, пакеты супраць РФ не ўключалі Беларусь. Як паведаміў карэспандэнт Radio Free Europe/Radio Liberty у Бруселі Рыкард Ёзвяк, адной з прычын гэтага стала просьба Украіны.
І хоць ужо праз некалькі гадзін гэтае сцвярджэнне абверг прадстаўнік украінскага МЗС, а афіцыйны Брусель і не пацвердзіў, і не абверг, выкідваць яго з-пад увагі не варта. Некаторыя аналітыкі лічаць, што гэты «зліў» з неназваных крыніц — частка інфармацыйнай аперацыі Кіева, які хоча стварыць уражанне, быццам Мінск аб чымсьці дамаўляецца за спінай Масквы. Другія кажуць, што гэта робіцца, каб беларускі і расійскі рэжымы не збліжаліся яшчэ больш. Іншыя мяркуюць, што няма адзінства меркаванняў унутры самога Еўрасаюза.
Добрая ці дрэнная навіна для беларускіх уладаў — такая «санкцыйная паўза»? Магчыма, яна адчыняе калі не дзверы, то хаця б адтуліну для ўзнаўлення дыялогу з Захадам? І як на ўсё гэта, верагодна, адрэагуе Масква? Гэтыя пытанні «Филин» абмеркаваў з палітолагам, акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётрам Рудкоўскім.
— Справа новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі з'явілася ў трох адслонах. 10 студзеня Ёзвяк, са спасылкай на фон дэр Ляйен, паведамляе, што будуць санкцыі ў тым ліку супраць Беларусі. 11-га ён паведамляе, што новыя санкцыі супраць Беларусі не будуць накладвацца па просьбе Украіны. Сёння МЗС Украіны заяўляе, што інфармацыя аб неўключэнні Беларусі ў санкцыйны пакет па просьбе Украіны «не адпавядае рэчаіснасці», — нагадвае палітолаг храналогію падзей.
Не ўваходзячы ў дэталі, падзялюся сваёй версіяй. Я схільны лічыць, што ў непублічнай плоскасці Украіна сапраўды прапанавала не ўключаць Беларусь у новы санкцыйны пакет і што беларускі рэжым у курсе гэтага. Але ў публічнай прасторы было вырашана дыстанцыявацца ад гэтага кроку, дакладней, перавесці стрэлкі на рознагалоссі ўнутры самога ЕС (якія, несумнеўна, сапраўды былі).
Як гэта выглядае з перспектывы самога рэжыму Лукашэнкі? Што ж, пасля таго, як эканоміка за год упала больш чым на 4% і дадзена абяцанне грамадству забяспечыць у новым годзе рост амаль на 3,8%, новы санкцыйны пакет, нават не самы жорсткі, — гэта дадатковы галаўны боль. Таму, канешне, неўключэнне ў санкцыйны пакет дае нейкую палёгку.
— На вашу думку, ці пакідае Кіеў поле для манеўру рэжыму Лукашэнкі і прытрымлівае санкцыйны ціск, так бы мовіць, у абмен на неўступленне беларускай арміі ў вайну?
— Прыблізна так я гэта прачытваю. З боку Украіны гэта даволі тонкая гульня, і, на мой погляд, цалкам рацыянальная. Яна не гарантуе неўступлення Беларусі ў вайну, але дэматывуе беларускі рэжым ісці ў гэтым напрамку.
А па-другое, такі ход прымушае беларускі рэжым адчуць залежнасць ад Украіны. Бо той, хто «падарыў» (неўключэнне ў санкцыйны пакет), той можа і забраць падарунак. Сёння Украіна ўратавала вас ад санкцый, але праз месяц яна можа зрабіць наадварот. Такім чынам, рэжыму прыходзіцца адчуць нейкую залежнасць ад украінскіх уладаў.
Што да верагоднасці ўзнаўлення дыялогу з Захадам, у дадзеным выпадку еўрапейскай яго часткай — гэта, на думку Пятра Рудкоўскага, палягае ў іншай плоскасці і асабліва не звязана з тым, як Украіна паводзіць сябе ў дачыненні да беларускага рэжыму.
— На дадзены момант, я лічу, не праглядаюцца такія магчымасці, — зазначае эксперт.
— А як можа адрэагаваць Масква, калі западозрыць саюзніка ў кантактах ці з Украінай, ці з «калектыўным Захадам» у сябе за спінай?
— Паколькі мы не ведаем, ці ўвогуле былі якіясь перамовы паміж рэжымам і Украінай або ЕС па тэме санкцый, то складана абмяркоўваць магчымыя наступствы магчымага падазрэння Крамля.
Але калі ўзяць у дужкі гісторыю з апошнімі санкцыямі, то даводзіцца сказаць, што беларускі рэжым у перыяд вайны час ад часу дазваляў сабе словы і дзеянні (або бяздзейнасць), якія былі на мяжы лаяльнасці. Крэмль, замест таго каб караць, імкнуўся «не заўважаць» скрыгату.
Справа ў тым, лічыць палітолаг, што Крэмль паступова губляе сваю моц і не зацікаўлены ў распачынанні «пакаральнай акцыі» супраць «саюзніка», нават калі яму і не падабаюцца паводзіны апошняга.
Пазіцыю Крамля ў дачыненні да беларускага рэжыму можна сфармуляваць так: «Хай хаця б прытвараецца, што ён — наш надзейны саюзнік». А прытваранне — гэта галоўная спецыяльнасць Лукашэнкі. Таму такі стан рэчаў задавольвае абодва бакі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное