История

Андрэй Кныш

«…Што стрэне лютая бяда, падружыць з допытам, з турмою»

Страшныя паралелі. Ночы расстраляных паэтаў прысвячаецца.

У другой палове кастрычніка стала вядома пра затрыманне ў Мінску актораў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. «Праваабаронцам вядомыя як мінімум тры прозвішчы, інфармацыя пра іншых людзей правяраецца» — такія кароткія паведамленні сталі жахлівай руцінай нашых дзён.

Тым часам некалькі спектакляў у тэатры адмянілі, на ўваходзе з’явіліся абвесткі, што прычынай гэтаму стала хвароба аднаго з актораў.

А ў каментарах да гэтай навіны пішуць, што на сёння Тэатр беларускай драматургіі застаўся ці не апошняй выспачкай беларушчыны сярод сваіх калегаў. Што ў Купалаўскім апроч «Паўлінкі» ўласна беларускага бадай нічога і не знойдзеш.

На днях міністр культуры Анатоль Маркевіч заявіў, што культурнае асяроддзе «ачысцілася ад дэструктыўных элементаў». І трэба адзначыць, што ён асабіста прыклаў да гэтага руку

І навіна пра затрыманых актораў, і заява чыноўніка, адказнага за культуру, злавесна супалі па часе з чарговай гадавінай «Чорнай ночы». 29 кастрычніка 1937 года сярод расстрялянай сотні прадстаўнікоў нацыянальнай эліты быў і паэт Міхась Чарот.

Ягоную п’есу «На Купалле», напісаную ў 1921 годзе, ставілі ў Беларускім драмтэатры. У гады беларусізацыі яе паказвалі чатыры сотні разоў. У 1923-м п’есу чакаў вялікі поспех на Усерасійскій сельскагаспадарчай выставе ў Маскве.

Менавіта ў гэтай п’есе прагучала песня «Купалінка», якая пайшла ў народ, а праз сто год яе з новай сілай заспявалі на вуліцах беларускіх гарадоў.

Сцэна з п’есы «На Купалле»

Дзякуючы аповесці Чарота «Свінапас» з’явіўся першы беларускі фільм — «Лясная быль» рэжысёра Юрыя Тарыча. Але ні заслугі таленавітага літаратара, ні сяброўства ў літаратурных аб’яднаннях ды ЦВК БССР, а ні статус першага беларускага пралетарскага паэта не ўратавалі яго ад арышту і нялюдскіх здзекаў у засценках НКВД.

Па Чарота прыйшлі 24 студзеня 1937-га. Праз дзесяць месяцаў сталінская «тройка» абвесціла яго «ўдзельнікам кантррэвалюцыйнай арганізацыі» і асудзіла на смерць.

Праз год быў расстраляны і Уладзімір Тэраўскі — кампазітар і дырыжор, аўтар музыкі да чаротавай п’есы «На Купалле», а таксама гімна «Ваяцкі марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі…»). Яго сталіністы зрабілі «польскім шпіёнам».

Апошні свой верш Чарот напісаў за дзень да смерці. Напісаў на сцяне турэмнай камеры:

Я не чакаў

І не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, –

Кажу вам – я не вінаваты!

Як тут не згадаць насценны малюнак Алеся Пушкіна з Валадаркі, дзе ён чакаў суда за карціну, якая да падзей 2020-га ні ў каго не выклікала пытанняў. У той камеры каго толькі не было з творчых людзей. Сярод іх і фатограф Аляксандр Васюковіч, які і вынес кальку малюнка на свабоду.

Алесь Пушкін не прычакаў свабоды, ён памёр у засценках новых сталіністаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(14)