Общество

Што вядома пра хлопцаў, затрыманых са стралянінай за дыверсіі на чыгунцы?

Сёння МУС апублікавала кадры жорсткага затрымання мужчын, датычных да сабатажу на чыгунцы. Некаторыя з іх былі паранены пры затрыманні — сілавікі «стралялі на паражэнне». «Наша Н*ва» расказвае пра трох бабруйчан, якіх узялі 30 сакавіка. Ніводзін з іх не быў работнікам чыгункі.

Як паведамляла МУС, у ноч на 30 сакавіка былі затрыманыя трое жыхароў Бабруйска, якія ўчынілі дыверсію 28 сакавіка ў Асіповіцкім раёне.

28-гадовы Яўген Мінкевіч вучыўся ў бабруйскай школе алімпійскага рэзерву, пасля завочна скончыў Мазырскі педуніверсітэт імя Шамякіна, факультэт фізічнай культуры.

Фота: bobruisk.ru

Зусім нядаўна Мінкевіча шукалі — арыенціроўкі з’явіліся ў мяцовых пабліках. Паведамлялася, што хлопец кудысьці паехаў на сваім аўто, уначы з 30 на 31 сакавіка перастаў выходзіць на сувязь.

Вопратка, якую ўказалі ў арыенціроўцы, супадае з вопраткай, у якой Мінкевіч на відэа сілавікоў.

Яго некалькі дзён шукалі валанцёры атрада «Фенікс». Яны не каментуюць абставіны пошукаў і прыватныя дэталі, але вядома, што «Фенікс» толькі сёння атрымаў дакладную інфармацыю пра Мінкевіча.

«Усё, што можам сказаць: сёння стала вядома, што ён жывы», — адказалі ў «Феніксе».

Пры гэтым, валанцёры «Фенікса» ў пошуках шчыльна супрацоўнічаюць з міліцыяй і МНС. Атрымліваецца, тыдзень сілавікі не давалі ніякай інфармацыі пра Мінкевіча, які лічыўся зніклым, хоць затрымалі яго 30 сакавіка.

Яўген працаваў санітарам на хуткай, пасля кіроўцам. Жанаты, мае малое дзіця. НН звязалася з жонкай Яўгена, але яна катэгарычна адмовілася ад каментароў. Іншыя сваякі таксама не адказваюць.

Пра вяселле Мінкевіча нават пісала мясцовая прэса. Звычайны хлопец: любіць кулінарыць разам з жонкай, марыў пра дваіх дзяцей, хлопчыка і дзяўчынку, яшчэ да вяселля падарыў жонцы шчанюка.

Не вельмі падобна на партрэт тэрарыста.

Уладзіміру Аўрамцаву 27 гадоў. Ён таксама звязаны са спортам — займаўся грэка-рымскай барацьбой, грэплінгам. Працаваў трэнерам, настаўнікам фізічнай культуры.

НН звязалася з бацькам Уладзіміра, ён раздражнёна адмовіўся ад каментароў. Цікава, што Аляксандр Аўрамцаў, бацька хлопца — былы сябар мясцовага казачага конна-спартовага клуба. Раней Аляксандр Аўрамцаў працаваў у міліцыі, ў аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі.

Дзмітрый Клімаў, трэці з затрыманых мужчын, займаўся сервісам таксі, быў рэгіянальным прадстаўніком у Бабруйску. Яму 28 гадоў.

Ён былы міліцыянт, працаваў у Калінкавіцкім аддзеле дэпартамента аховы. Пасля сыйшоў у таксісты. Клімаў і Мінкевіч нейкі час працавалі ў адной транспартнай кампаніі.

Клімаў жанаты, мае малое дзіця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(12)