Общество

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

В’етнам выдаў Беларусі былога каліноўца Васіля Верамейчыка. Мужчына апынуўся ў небяспечнай краіне, таму што быў вымушаны з’ехаць з Еўрасаюза — Літва абвясціла беларускага дабраахвотніка «пагрозай нацыянальнай бяспекі».

Наша Ніва пагутарыла з жонкай Васіля Яўгеніяй пра тое, як Верамейчык аказаўся чужым у Літве.

Сям'я Верамейчыкаў

У 2020-м Верамейчык, былы беларускі вайсковец, падтрымаў рух за сумленныя выбары, удзельнічаў у пратэстах. У лістападзе 2020-га яго затрымалі па крыміналцы, але пасля 10 сутак адпусцілі. Пасля гэтага Васіль выехаў з Беларусі.

З пачатку 2021-га, успамінае Яўгенія, сям’я жыла ва Украіне:

— Там мы сустрэлі вайну, там Вася пайшоў у полк Каліноўскага, і мы з дачкой засталіся ўдвая. Але пасля беларусам ва Украіне заблакавалі карткі. Я працую ў ІТ, і мая кампанія прапанавала мне выязджаць з Украіны. 

Было два варыянты — Польшча і Літва. Я паехала ў Літву, бо тут офіс кампаніі і тут было прасцей легалізавацца. Так мы з дачкой апынуліся ў Літве і летам 2022-га атрымалі дакументы: я — blue card, Варвара — дазвол на жыхарства. Васіль тады яшчэ быў ва Украіне, ён прыехаў да нас, здаецца, у пачатку верасня 2022-га.

Па прыездзе ў Літву беларус падаўся на атрыманне дазволу на жыхарства па матыве ўз’яднання сям’і. Яго заяўку разглядалі больш за паўгода — Яўгенія кажа, што рашэнне з’явілася толькі прыкладна ў маі 2023-га.

Васілю адмовілі ў дазволе на жыхарства і абвясцілі яго «пагрозай нацыянальнай бяспекі» праз тое, што ён — былы афіцэр беларускай арміі, і таму быццам бы застаецца лаяльным беларускай уладзе. У свой час Верамейчык скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі і служыў у Печах, са службы ён звольніўся ў 2016-м у званні лейтэнанта. У беларускай арміі Васіль служыў шэсць гадоў, пра што сам і напісаў у анкеце для літоўскага Дэпартамента міграцыі.

Яўгенія перадала «Нашай Ніве» копію таго рашэння літоўскіх чыноўнікаў за подпісам Эвеліны Гудзінскайтэ, дырэктаркі дэпартамента міграцыі Літвы. Вось як у паперы растлумачана, як беларус ператварыўся ў персону нон-грата ў Літве:

«Як ацэньвае Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі, В. Верамейчык падчас службы ў арміі Рэспублікі Беларусь павінен быць лаяльным да Рэспублікі Беларусь і падтрымліваць беларускі ўрад і яго агрэсіўную знешнюю палітыку, якая прадстаўляе пагрозу нацыянальнай бяспекі Літвы. Надзейнасць і лаяльнасць дзяржаве асобаў, якія працуюць у беларускіх дзяржінстытутах, кантралююць спецслужбы і службы бяспекі Беларусі. … Гэта сведчыць пра тое, што асоба можа быць выкарыстаная для выканання задач спецслужбаў і службаў бяспекі Беларусі як лаяльная і тая, што заслугоўвае даверу з боку органаў улады Рэспублікі Беларусь».

Калі Васіль атрымаў гэтае рашэнне, ён знаходзіўся ў Грузіі. Мужчына не здолеў вярнуцца ў Літву, бо ў яго ўжо была забарона на ўезд у краіну і ўвогуле ў Еўрасаюз. 

Звычайна ў тых, хто атрымаў такое рашэнне, ёсць пэўны час яго абскардзіць. Чаму Васіль гэтага не зрабіў?

— Шчыра кажучы, Васіль не вельмі глядзеў на гэтыя даты [абскарджвання]. Ён быў вельмі абражаны і пакрыўджаны на Літву. Ён лічыў сябе героем, ён прыйшоў з вайны. Васіль — былы беларускі афіцэр, які стаў на бок народу. І калі ён пабачыў гэтую забарону, проста плюнуў на гэтую Літву, сказаў: я тут нічога прасіць не буду.

Ён пачаў шукаць іншыя варыянты, але варыянтаў не знайшлося. Толькі пару месяцаў таму мы пачалі размаўляць з міграцыяй, бо, як высветлілася, ёсць працэс абскарджання гэтай забароны на ўезд у ЕС. Мы спрабавалі яе зняць, — кажа Яўгенія.

Жанчына адзначае, што перапіска з міграцыяй ішла млява. У 2025-м у Васіля павінен быў скончыцца пашпарт, і ён разглядаў розныя краіны для легалізацыі, у тым ліку Паўднёвую Амерыку. Спрабаваў і Грузію, але там, згадвае Яўгенія, яму як беларускаму актывісту забаранілі ўезд. За гэты год, кажа беларуска, стала зразумела — ніякіх варыянтаў няма.

Здаецца, у выпадку з ветэранам вайны ва Украіне такім варыянтам легалізацыі магла стаць і сама Украіна, але Васілю забаранілі ўезд і туды. Яўгенія расказвае, чаму:

— У палку Каліноўскага былі розныя погляды на яго развіццё. Быў штаб, які адседжваўся ў Кіеве і займаўся дзяльбой шкарпэтак і трусоў, а былі хлопцы, якія служылі на фронце, Вася і Брэст былі ў іх ліку. І яны былі нязгодныя з палітыкай палка.

Цяпер прайшло два гады з таго канфлікту, і мы разумеем, што Вася цалкам меў рацыю, бо полк у выніку разваліўся. Але тады штаб палка палічыў, што Вася і іншыя хлопцы перашкаджаюць развіццю.

Яўгенія адзначае, што штаб працуе ў цеснай сувязі з украінскімі спецслужбамі. Паводле слоў жанчыны, штаб ініцыяваў для Васіля і некаторых іншых байцоў, таксама нязгодных з палітыкай палка, забарону на знаходжанне ва Украіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(6)