«Скончылася літаральна два дні таму». З паліклінік знікла кітайская вакцына?
Тыя, хто вырашыў прышчапіцца, кажуць, што кітайскую вакцыну вылавіць ужо немагчыма. Ці так гэта насамрэч? Наша Ніва раўбіралася ў сітуацыі.
Мінск: «Тэлефануйце на наступным тыдні»
Мы звярнуліся ў медустановы розных раёнаў Мінска. У большасці прапануюць «Спутнік» — расійскага ці беларускага разліву.
У 17-й паліклініцы не ведаюць, калі завязуць кітайскую вакцыну. «Скончылася літаральна два дні таму, цяпер толькі «Спутнік», — кажуць у рэгістратуры.
Амаль тыдзень таму кітайская вакцына скончылася ў 23-й паліклініцы. «Ёсць «Спутнік V», выпушчаны ў Расіі і ўпакаваны ў Беларусі, і «Спутнік лайт». Кітайская невядома калі з’явіцца», — апісваюць сітуацыю ў 5-й паліклініцы.
У 14-й прапануюць толькі «Спутнік» — расійскі ці ад «Белфарма».
Скончылася кітайская вакцына і ў 8-й паліклініцы. Новая партыя, кажуць, будзе магчыма праз тыдзень-два.
У 1-й і 26-й паліклініцы, куды мы дазваніліся, таксама даступны толькі «Спутнік».
«Кітайскай вакцыны няма. Вам першы кампанент? Патэлефануйце, можа, у пятніцу. Жыхароў з іншага раёна не бяром, у нас пакуль толькі свае», — патлумачылі ў 30-й паліклініцы.
А вось у 35-й кітайская вакцына яшчэ засталася. «Можна з іншага раёна, прыходзьце з пашпартам», — адказалі ў даведцы.
Тое, што праблема з даступнасцю кітайскай вакцыны будзе як мінімум да наступнага тыдня, пацвердзілі і ў Адзінай рэгістратуры сталіцы.
«Вакцына скончылася ўчора, толькі калі ў саміх паліклініках засталіся запасы. Тэлефануйце на наступным тыдні, на гэтым ужо не паступіць. Калі будзе, то спачатку завязуць у паліклінікі, а пасля ў мабільныя пункты вакцынацыі», — распавялі там.
А што ў рэгіёнах?
У некаторых райцэнтрах можна без праблем зрабіць прышчэпку кітайскай вакцынай. Напрыклад, у Ваўкавыску, каб доўга не чакаць, прапануюць папярэдне запісацца. У Быхаве тая ж сітуацыя.
У Століне ў наяўнасці толькі другі кампанент кітайскай вакцыны.
Тым, хто жыве ў Паставах, прапануюць расійскую прышчэпку.
«Кітайскай засталося мала. Можа, на сёння хопіць, а можа і не», — папярэджваюць у Рагачоўскай ЦРБ.
Читайте еще
Избранное