Таму я досыць скептычна стаўлюся да таго, ці нанясе гэта сур’ёзны ўрон — нароблена ўжо шмат іншых спраў, якія значна горш адбіліся на беларускай эканоміцы і міжнародных адносінах, чым прыняцце гэтага параграфа.
Стрыжак: «Выключэнне Беларусі і Расіі з міжнародных структур — проста справа часу»
Праваабаронца — пра тое, ці варта спадзявацца на мяккія прысуды прафсаюзным лідарам.
Праз некалькі дзён павінна адбыцца паседжанне Адміністратыўнай рады Міжнароднай арганізацыі працы, дзе разгледзяць прымяненне параграфа 33 статута ў адносінах да Беларусі.
За ўсю гісторыю арганізацыі, адзначаюць эксперты, падобныя меры прымаліся толькі аднойчы: у 2011 годзе ў дачыненні да ваеннай хунты М’янмы. МАП заклікала ўсе краіны перапыніць любыя стасункі з рэжымам М’янмы, і тая аказалася ў эканамічнай блакадзе. Але ці рэальна падобнае ў адносінах да Беларусі?
Міжнародная арганізацыя працы — арганізацыя ААН, у якую Беларусь уваходзіць з 1954 года. Краіна ратыфікавала 51 канвенцыю з 190, у тым ліку 8 асноўных, сярод якіх і канвенцыя свабоды асацыяцый.
Узаемдзеянне па лініі дзяржавы ідзе праз Мінпрацы і сацыяльнай абароны, а таксама праз Федэрацыю прафсаюзаў. І калі тэхнічнае супрацоўніцтва МАП з Расіяй было прыпыненае ў канцы сакавіка 2022 года, то Беларусь застаецца чальцом арганізацыі дагэтуль.
Напрыклад, сёлета ў чэрвені беларуская дэлегацыя прымала ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі працы: міністр Ірына Касцевіч казала пра «неабгрунтаваныя і неправамерныя санкцыі» супраць Беларусі з боку ЕС і ЗША, якія нібыта ствараюць сур’ёзныя перашкоды для рэалізацыі канцэпцыі годнай працы, і таму іх трэба неадкладна спыніць.
У той жа час унутры Беларусі ўлады сёлета рашэннем Вярхоўнага суда ліквідавалі 5 незалежных прафсаюзных арганізацый. МАП выказала глыбокую заклапочанасць арыштамі прафсаюзных лідараў і патрабавала неадкладна вызвліць іх.
Якіх захадаў варта чакаць ад МАП і ці мае міжнародная супольнасць сёння эфектыўныя механізмы супрацьдзеяння беларускаму рэжыму, Филин абмеркаваў з праваабаронцам, былым чальцом Рады прафсаюза Р*П Андрэем Стрыжаком.
— Усе міжнародныя дамоўленасці — гэта, скажам так, пагадненні джэнтльменскага клубу, уступаючы ў які, ты пагаджаешся іх падтрымліваць і выконваць, — зазначае праваабаронца. — А ці можна заключыць джэнтльменскае пагадненне з дваравым гапаром?
Таму сітуацыя выглядае так, як яна выглядае: Лукашэнка не будзе выконваць нават тых словаў, якія ён даваў. І Пуцін таксама, гэтыя хлопцы на адзін капыл.
Калі гаварыць пра 33 параграф, тут ёсць такая сумная іронія лёсу. Хачу нагадаць, што Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), які зараз фактычна разгромлены і расцярушаны, а кіраўнік Аляксандр Ярашук зараз знаходзіцца ў турме, як і ягоны намеснік Сяргей Антусевіч, у свой час быў вельмі моцна крытыкаваны з розных бакоў, але вельмі паслядоўна адстойваў пазіцыю, што 33 параграф — гэта нешта кшталту ядзернай зброі ва ўзаемаадносінах Беларусі і Міжнароднай арганізацыі працы, і ўвогуле міжнародных структур.
Маецца на ўвазе не тое разбуральнае дзеянне, якое параграф можа нанесці беларускай эканоміцы, а факт: калі гэты параграф будзе ўведзены, то ў прынцыпе далей няма пра што размаўляць. Бо бакі перастаюць адзін з адным наогул камунікаваць, пераходзячы да адкрытага супрацьстаяння.
Ці будзе мець плён зараз магчымае прыняцце МАП гэтага праграфа? На думку Андрэя Стрыжака, як і ў выпадку з іншымі міжнароднымі механізмамі, самае галоўнае — добраахвотнасць іх выканання.
— Мяркуючы па тым, што адбываецца ў Беларусі і ў Расіі ў апошнія часы, можна з упэўненасцю казаць, што выключэнне гэтых дзяржаў з міжнародных структур — проста справа часу. Бо яны не выконваюць нават сваіх уласных пагадненняў.
Мы бачым гэты працэс на прыкладзе Беларусі. Як факт — дэнансацыя факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб міжнародных і палітычных правах. Яго ў прынцыпе складана было імплементаваць у Беларусі, бо на рашэнні яна «забівала», а зараз наогул выходзіць з пратаколу, і супраць Беларусі ніхто не зможа падаваць скаргаў.
Прыблізна тое ж самае адбываецца зараз з МАП і будзе адбывацца з усімі нязручнымі для беларускай улады міжнароднымі пагадненнямі. Паступова яны будуць альбо адміраць, альбо ад іх будуць голасна адмаўляцца праз нейкія міжнародныя скандалы.
— А калі казаць пра адваротны працэс? Фактычна ў закладніках у беларускага рэжыму застаюцца прафсаюзныя лідары і актывісты, якраз у лістападзе адбудзецца цэлы шэраг судоў над імі. Ці могуць улады паспрабаваць такім чынам аказаць ціск на МАП?
— Мне падаецца, што гэта больш не прадмет торгу. Калі раней Беларусь была зацікаўленая ў заходніх рынках, а пераслед незалежных прафсаюзаў і ціск на іх быў досыць вялікім фактарам пагаршэння магчымасцяў гандляваць, то зараз сам рэжым санкцый, якія былі ўведзены супраць беларускіх банкаў, суб’ектаў бізнесу, розных галін прамысловасці, — больш значная праблема, чым тая, што можа вынікаць з-за тых тэрмінаў, якія суды дадуць Фядынічу ці Ярашуку.
На жаль, прафсаюзныя лідары будуць сядзець. Бо раней Лукашэнка заўсёды гандляваўся палітзэкамі, але зараз на Захадзе проста няма рынку пад іх, як бы цынічна гэта ні гучала. Не гатовы сёння Захад размаўляць з Лукашэнкам з гэтых пазіцый.
Я не бачу магчымасці, каб ішло паслабленне нейкіх санкцый, каб выпускаліся людзі. Яскравым прыкладам, на мой погляд, з’яўляецца спроба пагуляць з амністыяй, якая скончылася нічым.
Таму, мяркую, штосьці напішуць на гэты конт прапагандысты, але каб гэта неяк паўплывала на выпраўленне беларускай сітуацыі ў міжнародным плане — не, такога не будзе. Бо на кон пастаўленыя значна большыя рэчы, з якімі ідзе гульня: удзел Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны, увогуле сатэлітарнасць Беларусі ў адносінах да Расіі — пытанні незалежнасці, правасуб’ектнасці і іншых рэчаў, якія будуць тычыцца ўсёй краіны.
На мяккія прысуды прафсаюзным лідарам і актывістам, гаворыць праваабаронца, разлічваць не выпадае:
— Зараз бачны стандарт: усім лупяць шалёныя 10+ год. Тыя абвінавачанні, што выстаўленыя маім былым калегам, даволі сур’ёзныя — таму, на жаль, умоўнымі альбо кароткімі тэрмінамі не абыдзецца.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное