Выбары — такі інструмент, які дазваляе зразумець, як грамадства жадае жыць і суіснаваць, што для яго сёння важна. Скажам, калі пры выбары лепшага фрукта дзеці сапраўды выбіралі тое, што ім будуць даваць цягам года ў школьнай ці садкоўскай сталоўцы — гэта ўжо можна ў нейкай ступені называць выбарамі. Дзеці вучацца разуменню: ад таго, што яны робяць, іхняе жыццё пэўным чынам змяняецца.
«Такі сабе карго-культ: ва ўсіх ёсць выбары, і ў нас хай будуць»
Юрыст — пра ініцыятыву «дзіцячых выбараў» у Беларусі і чаму яна можа быць карыснай для будучыні.
У Гродне ў «адзіны дзень галасавання» зладзяць яшчэ і дзіцячыя выбары. Як піша Sputnik, на адным з участкаў 25 лютага дзеці будуць галасаваць за найлепшую прадукцыю мясцовых прадпрыемстваў. Кандыдатаў усяго тры — вытворцы сухафруктаў, соку і кансерваў. Пераможцу дастанецца своеасаблівы «знак якасці», які таксама намалююць дзеці.
Паведамляецца, што такія «дзіцячыя выбары», з бюлетэнямі, назіральнікамі і выбарчай камісіяй, тут ладзяцца ўжо не ўпершыню. Так, у 2018 годзе дзеці выбіралі дрэва-сімвал Кастрычніцкага раёна Гродна, а ў 2019-м — «ідэальны фрукт для дзіцячага харчавання». І калі выбар дрэваў насамрэч адбіўся на жыцці прынамсі канкрэтнага раёна — тут сталі высаджваць больш дубкоў-пераможцаў, то астатнія выпадкі больш падобныя на маркетынгавы ход.
Пра тое, ці дазваляюць шматлікія мерапрыемствы, якія ладзяцца ў Беларусі на ўзроўні тэхнікумаў, школ і нават дзіцячых садкоў, адчуць дзецям, што іхнія галасы нешта значаць, ці ўсё гэта толькі імітацыя «выхавання выбаршчыкаў», Филин пагутарыў з юрыстам Максімам Палавінкам.
— На першы погляд, нічога асаблівага, такая сабе «гульня ў выбары», знаёмства з правіламі кампаніі. Але, калі прыгледзецца, нагадвае бацькоўскую маніпуляцыю «выбар без выбару», якая працуе і з дарослымі — прапанова выбару з варыянтаў, кожны з якіх задаволіць арганізатараў…
— Праблема можа быць і ў тым, што адбываецца «выбар без выбару», і гэта рыхтуе дзяцей для будучых беларускіх выбараў: калі насамрэч ты не выбіраеш, а нейкім чынам пацвярджаеш тое, што табе прапануюць. У дыктатурах, таталітарных рэжымах вельмі любяць ладзіць такія «выбары», як «свята народнага адзінства» і ўсенародны парыў, — зазначае юрыст.
Больш важным, аднак, суразмоўца лічыць звярнуць увагу: не ўсё тое, што называюць выбарамі, імі насамрэч з’яўляецца.
— І тут ёсць некалькі істотных момантаў, якія хацелася б адзначыць. Па-першае, трэба прааналізаваць: што наогул прапануецца выбіраць, як гэтая рэч, меркавана, будзе ўплываць на жыццё? То бок, прагаласаваць за хлопца ці дзяўчынку на конкурсе ў інтэрнэце — гэта ніяк не зменіць жыццё, і гэта не выбары.
А калі гэта проста будзе налепка на дзвярах «лепшы фрукт, абраны ў нашай школе — апельсін», і больш нічога — вядома ж, ніякія гэта не выбары. Наадварот, выхоўваецца ідэя, што на выбарах нічога сапраўднага не вырашаецца і нічога яны не змяняюць.
Максім Палавінка прыводзіць красамоўны прыклад: у Польшчы, дзе жыве цяпер сям’я, у школах развіта самакіраванне. І абраны летась у навучальнай установе, дзе вучыцца дачка суразмоўцы, «школьны прэзідэнт» абяцаў школьнікам дыскатэкі штомесяц — а нядаўна адбылася толькі першая за паўгады.
— Я адказаў дачцэ на скаргу: вось вы і вучыцеся дэмакратыі. Зараз вы можаце з сябрамі спытаць з гэтага чалавека, калі ён не выконвае свае абяцанні.
І гэта другі крок, уласцівы і абавязковы для выбараў: сістэма адваротнай сувязі, механізмы адказнасці.
Калі рэчы і справы, якія былі абяцаныя падчас выбараў, не былі здзейснены — людзі павінны мець магчымасць абараніць свой выбар, зрабіць новы, адклікаць таго, хто кепска выконвае свае абавязкі.
Гэты момант цалкам адсутнічае ў імітацыях выбараў, дзе трэба толькі паслухмяна паставіць птушачку ў абазначаным радку, і пасля ты ніяк не можаш паўплываць на сітуацыю. Такі сабе карго-культ: ва ўсіх ёсць выбары, і ў нас хай будуць.
Трэці момант — канкурэнцыя праграм. Нават калі ты не ведаеш нікога з кандыдатаў, што гэта за людзі, павінна быць магчымасць паглядзець, наколькі іх каштоўнасці супадаюць з тваімі, наколькі іх абяцанні адпавядаюць тваім запытам і чаканням. Такім чынам кандыдаты атрымліваюць пэўны мандат даверу.
І калі няма гэтай бітвы ідэй, калі кандыдатаў па сутнасці прызначаюць і кажуць ім, што трэба рабіць — яны нават не разумеюць, ці патрэбная іх дзейнасць грамадству, ці большасць жадае зусім іншага. Пры адсутнасці канкурэнцыі, немагчымасці ўбачыць, за што канкрэтна ты галасуеш, якія наступствы будуць у твайго выбару, выхоўваюцца «зручныя» людзі, якія не будуць задаваць пытанняў. Гэта, вядома ж, вельмі прыкра.
— То бок, імітацыя ёсць, а сутнасці ў ёй няма.
— Так. І гэта шкодзіць не толькі тым, хто выбірае, але і тым, хто наверсе, ва ўладзе — бо яны не разумеюць, які цяпер сапраўдны запыт. А складваць бачанне патрэб грамадства з лістоў, якія даходзяць у адміністрацыю Лукашэнкі — гэта не аб грамадстве, не аб сацыяльным кантракце.
На прыкладзе той жа садавіны: калі ёсць сапраўдны выбар найлепшага фрукта, то галоўны повар у школьнай сталоўцы будзе разумець, чаго жадаюць дзеці. А калі ён будзе кіравацца адно толькі метадычкамі гарвыканкама, то канешне, вялікая частка ежы будзе ў сметніцы.
Безумоўна, у гэтым прыкладзе патрэбныя разумныя абмежаванні, бо дзеці могуць жадаць толькі чыпсы і газіроўку — але ўсё ж ведаць, якія густы ў дзяцей, і які выбар яны робяць, гэта безумоўна добра. Бо дазваляе і наладзіць камунікацыю, і здзяйсняць змены, а не кіравацца аднымі і тымі ж метадычкамі і рэцэптурамі.
Тут мы падыходзім да яшчэ адной важнай адметнасці дэмакратычных выбараў: дэмакратыя — гэта працэс, а не вынік. Няма такога, што вось мы ў дэмакратыі, выбралі добрага кіраўніка і ляглі на канапу. Шырокае абмеркаванне, пошук кансэнсусу паміж інтарэсамі розных груп, ацэнка вынікаў дзейнасці, спрэчкі — гэта ўсё павінна быць, гэта ўсё працэс.
А ў сучаснай Беларусі, на жаль, выбары выглядаюць як зацвярджэнне ідэй кагосьці, што таксама вельмі, вельмі любяць дыктатары (помніце, як у фільме «Забіць цмока»: «Лепшыя людзі горада просяць…»).
І ўсё ж, мяркуе Максім Палавінка, вучыцца дэмакратыі на нізавым узроўні, як гэта адбывалася ў тых жа таварыствах уласнікаў, магчыма нават у бягучых умовах.
— Гэта можа быць той жа выбар фрукта, ці выбар школьнага меню, каб выхаваць у новым пакаленні разуменні, як выбары рэальна ўплываюць на жыццё. На мой погляд, калі ёсць энтузіясты, можна акуратна зладзіць добрыя і адносна бяспечныя ініцыятывы, якія не прыцягнуць шмат увагі на ўзроўні высокага начальства, але для выхавання будуць вельмі важнымі.
Такая «маленькая дэмакратыя» на нейкім лакальным узроўні, якая навучыць хаця б дзяцей: калі ты можаш уплываць на сваё жыццё — ты больш шчаслівы, чым калі ты проста плывеш па цячэнні.
Читайте еще
Избранное