Политика

Тышкевiч: «Параза Пуціна — гэта шанс для Беларусі ня толькі перазагрузіце сыстэму ўлады, але й адскочыць ад Масквы»

Аналiтык Iгар Тышкевiч адказаў землякам, якія раптам «дружна пакрыўдзіліся на Зяленскага». Асабліва пасьля таго як прадстаўнічая дэлегацыя адной з палітычных групаў наведала Кіеў.

Давайце па пунктах:

1. Лёгіка Зяленскага: украінскі інтарэс ў пытаньнях завяршэньня вайны. І падкрэсьлена рацыянальны падыход.

Лагічна. Бо Зяленскі прэзідэнт Украіны і сыходзіць у лёгіцы са сваіх інтарэсаў.

2. У інтарэсах Украіны працаваць на тое, каб беларускі рэжым не пачаў актыўна удзельнічаць у вайне. Прынамсі на той момант, пакуль трэба стрымліваць досыць вялікую расейскую групоўку. Калі на гэтым фоне трэба не зважаць на прагу Лукашэнкі гаварыць пра перамовы — ок. Калі такая пазыцыя спрыяе працягу гандлю Менску й Масквы пра ўдзел/няўдзел у наземнай вайне — таксама ок. Покуль дыктатары гандлююцца, Украіна атрымлівае каштоўны рэсурс — час.

3. Калі заявы Зяленскага нехта ў Менску ўспрымае як шанс прапетляць, кінуўшы ў пэўны момант слабеючага Пуціна — таксама ок — палёгка ў вайне.

А пытаньні адносінаў зь менскім рэжымам будуць вырашацца пасьля вайны. І з улікам шкоды, што ўжо нанесена спрыяньнем агрэсіі (і фактычна удзелам у ёй).

Частка землякоў «пакрыўдзілася»? Частка гэтае часткі (уж даруйце за таўталёгію) й пагатоў — яны ж адпраўлялі «дэлегацыю»!

Спадарства, а цяпер простае пытаньне на лёгіку: для Украіны ў гарачай фазе вайны важным мае быць пералом на франтах ці вырашэньне за беларусаў праблем перадачы ўлады?

Наконт суседзяў і палітыкі, для Украіны важныя прадказальныя суседзі, а не перамога той ці іншай палітсілы. Прыклад — Турэччына. Таму ня варта спрабаваць зваліць свае праблемы на іншых, наўзамен павесіўшы сьцяжок на аватарцы.

Цяпер па лёгіцы поствайны. Бо ёсьць і абураныя пытаньні «а чаму ж дапамагаць». Адказ вельмі просты: параза Пуціна створыць турбулентнасць у расейскай палітыцы, аналагічную пачатку 90-х. Крамлю будзе не да суседзяў. І гэта вакно магчымасьцяў, шанс для Беларусі ня толькі перазагрузіце сыстэму ўлады, але й адскочыць ад Масквы.

Такія шансы выпадаюць нячаста. А зараз ён ствараецца Украінай, якая не здалася. Вось каб мець другі гістарычны шанс і варта дапамагаць украінцам.

І таму зараз месца не эмацыйнай «крыўдзе» ці наадварот захапленьню, а цьвярозай нацыянальнасьці ды працы на пэрспэктыву.

Дзіўна, што да часткі асобаў з палітычнымі амбіцыямі гэта не даходзіць, — адзначае Iгар Тышкевiч.