Тышкевіч: «Сцэнар еўраінтэграцыі пры любых зменах для нас практычна немагчымы»

Аналітык — пра магчымыя сцэнары для Беларусі на 5-10 гадоў.

— Адзін з найгоршых сцэнароў для Беларусі адбудзецца, калі Расія застанецца моцнай, але пойдзе на пэўныя кампрамісы і з вайны ва Украіне выйдзе без так званай карцінкі перамогі, — разважае Ігар Тышкевіч на Звычайнай раніцы пра перспектывы для нашай краіны пасля магчымых адбыцца мірных перамоў.

У такім выпадку Пуціну патрэбны будзе знешнепалітычны кампенсатар. Іншымі словамі, ва Украіне не ўсё атрымалася, але затое дзесьці мы штосьці атрымаем.

І вось калі глядзець на знешнепалітычных кампенсатараў, то, па вялікім рахунку, мы маем не так багата геапалітычных пляцовак.

Ігар Тышкевіч

Афрыка далёка, да таго ж там у Расіі не ўсё так гладка, фактычна яна замацавалася толькі ў 6 з больш 50 краінаў. З Сірыяй усё глуха, на Каўказе хіба што з Грузіяй атрымаецца прасунуць нейкае больш глыбокае супрацоўніцтва, але саюзнай дзяржавы з Грузіяй не будзе.

У Цэнтральнай Азіі, мякка кажучы, Пуціну страшна, таму што Кітай лічыць гэта ўжо сваёй зонай уплыву. Малдова мае не той маштаб краіны.

Застаецца толькі Беларусь. І тут пытанне, як іншыя краіны — Украіна, частка Еўразвязу і той жа самы Кітай — будуць ставіцца да захавання незалежнасці Беларусі.

Калі яны вырашаць, што нашу краіну можна аддаць Расіі ў выглядзе кампенсацыі, тады з Лукашэнкам ці без, з дэмакратыяй ці без, гэта ўсё роўна будзе рэалізавана, на жаль.

Такому сцэнару я даў бы не больш 20 адсоткаў, але ён рэальны.

Злучаныя Штаты Амерыкі таксама ёсць у гэтай схеме, але для іх пытанне РФ ідзе хутчэй праз прызму супрацьстаяння з Кітаем. І там пытанне ставіцца так: калі трэба ўмацаваць свае пазіцыі за кошт адцягвання расійскага ўплыву, адпаведна, калі трэба аддаць кагосьці Расіі, то цалкам нармальна, што гэта будзе Беларусь.

Аналітык пералічыў яшчэ некалькі магчымых сцэнароў развіцця Беларусі на бліжэйшыя 5-10 год, пры гэтым сцэнар еўрапейскага шляху ў гэтым спісе адсутнічае.

— Калі глядзець на больш далёкую перспектыву, сцэнар еўраінтэграцыі пры любых зменах для нас практычна немагчымы.

Сцэнар «і нашым, і вашым» — адзін з найбольш верагодных, калі дзяржава будзе ўстойлівай з пункту гледжання эканомікі, калі не будзе закрыта ад усіх.

Ёсць сцэнар, які можна ўмоўна называць «роў з кракадзіламі». У такім выпадку Беларусь становіцца таксічнай для ўсіх. Такі расклад можа адбыцца, калі Расія не будзе мець магчымасцяў альбо жадання штосьці рабіць на беларускім накірунку і будзе працягваць у тым фармаце, які ёсць. Гэта значыць, быццам бы інтэграцыя.

ЕС пры гэтым застанецца закрытым, з Украінай працягнецца канфлікт. На гэтым фоне і інтарэс Кітая да Беларусі зменшыцца.

І тады краіна можа прыйсці да фармату — яшчэ не КНДР, але штосьці падобнае. Зразумела, што з пункту гледжання развіцця краіны, гэта тупіковы шлях. Прычым тупіковы — блізкі да катастрофы. Аднак такі сцэнар таксама ёсць.

Ёсць і сцэнар актыўнага палітычнага пасрэдніцтва, той, аб якім марыць Лукашэнка. І вось тут самае парадаксальнае ў тым, што ён магчымы, але эфектыўна магчымы ўжо без Лукашэнкі. Таму што ён таксічны для ўсіх.

Калі ў цябе ёсць майстэрства, уведзенае ў катэгорыю мастацтва, рабіць кульбіты ў паветры і пераабувацца за 24 гадзіны, то першы раз на гэта глядзяць з усмешкай, другі — чэшуць патыліцы, а трэці вырашаць, што калі ты махаеш рукамі і нагамі, можаш яшчэ кагосьці закрануць, таму скачы дзе-небудзь падалей.

Упісацца ў гэту схему на пачатковым этапе Лукашэнка тэарэтычна можа, але рэалізаваць яе эфектыўна ён не зможа.

Гэта будзе магчыма пасля змены палітычнай сітуацыі і нейкага транзіту. Прычым не абавязкова пры дэмакратычным ладзе, а нават калі транзіт адбудзецца ўнутры сістэмы.

Разумею, што многія лічаць нашым шляхам Еўропу і разлічваюць на рэформы. Але калі ўявіць сабе сёння абсалютна свабодныя выбары ў Беларусі, атрымаецца, што прыкладна 10-25% будзе ў нацыянальна-арыентаванай фракцыі, 30% — у групе электарату Лукашэнкі, і яны будуць у любым выпадку, на мяжы прахаднога балу будзе прарасійская фракцыя, але адсоткаў 10 атрымаюць блізкія да яе камуністы.

І яшчэ колькі адсоткаў будзе ў папулістаў рознага кшталту, нацыянальна-арыентаваных ці расійска-арыентаваных.

Пры такім парламенце немагчымы шлях ні ў Еўропу, ні кудысьці яшчэ, — робіць вынік Тышкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(38)