Але пры гэтым працаваў механізм выпуску пару: сістэма законаў абароны правоў спажыўцоў і зваротаў грамадзян. І яна працавала цудоўна. Але пры адной умове — людзі не лезуць у палітыку, а дзяржава не лезе да людзей.
Тышкевіч: «Я ўпэўнены, што зараз ідзе апошні электаральны тэрмін Лукашэнкі»
Палітолаг — пра сакрэт стабільнасці аўтакратыі і лёсавызначальную змену грамадства.
— Зараз скончыцца апошні поўны электаральны цыкл Лукашэнкі, — разважае Ігар Тышкевіч на канале Жыццё-маліна. — Беларуская сістэма ўлады працавала фактычна ў ручным рэжыме.
Існавала старая сацыяльная дамова — тым, хто хоча зарабляць, дзяржава тэарэтычна нямоцна замінала. Гэта тыя ж вольныя эканамічныя зоны, Парк высокіх тэхналогіяў, парк «Вялікі камень».
У гэтым быў сакрэт стабільнасці сістэмы Лукашэнкі. Звароты грамадзян і абарона правоў спажыўцоў — гэта 90% незадаволенасці. І калі ты наладжваеш гэтую сістэму, яна вельмі паспяхова каналізуе праблемы.
А сістэма, калі прылюдна адчытвалі і прыніжалі чыноўнікаў, працавала на ўра.
Але такая сістэма ручнога кантролю працуе да таго моманту, пакуль не адбываецца яе перагрузка. Таму што ты мусіш у ручным рэжыме рэагаваць на пэўную колькасць зваротаў знізу.
Калі гэтых зваротаў становіцца занадта шмат, нават калі ты хочаш адрэагаваць, ты не паспяваеш. У цябе проста не хапае сіл.
Адной з ключавых прычын, якія стварылі перадумовы беларускага палітычнага крызісу, на думку палітолага, стала змена грамадства.
— Яно стала больш складаным. Яшчэ 15 гадоў таму гарадскога сярэдняга класа фактычна не існавала. А ў 2020 годзе мы яго ўбачылі. Яшчэ адна прычына — аўтакратыя, якая існуе доўга.
Кар’еру на пэўным моманце пачынаюць рабіць майстры мастацкага прагібу, а не тыя, хто можа браць на сябе адказнасць.
У нечым такая сістэма без штучнай падтрымкі нават супярэчыць сістэме выпуску пару. Таму што мясцовым чыноўнікам наўрад ці падабаецца, калі іх прыніжаюць, асабліва публічна. Да таго ж не заўсёды мясцовы чыноўнік мае рэсурсы, каб штосьці вырашыць.
Паўстае пытанне балансу: у аднаўленні кадраў павінны быць самастойныя людзі, якія могуць браць адказнасць, альбо людзі, якія проста гатовы «брать под козырек». Гэта пытанне негатыўнага адбору.
На працягу пяці-дзесяці гадоў здараецца тое, што на нізавым і сярэднім узроўні кар’еру робяць не разумныя, а паслухмяныя. І 2020 год гэта цудоўна прадэманстраваў, нават на прыкладзе той жа камунікацыі па кавіду.
Яна была абсалютна завалена, што і стала адной з прычын праблем. Далей была рэакцыя на пратэсты людзей.
А зараз атрымліваецца, што Лукашэнка можа наняць і геніяльных кансультантаў. Але ім будзе вельмі цяжка штосьці зрабіць без аднаўлення самой базы сістэмы.
Бо нават самая разумная парада — бярыце і рабіце — упіраецца ў тупога чыноўніка. Таму фактычна гэтая сістэма сама сабе зжырае, — робіць выснову Тышкевіч.
Палітолаг упэўнены, што знішчэнне аўтарытарнай сістэмы, запушчанае ёй самой, спыніць не атрымаецца нават пры дапамозе жорсткіх рэпрэсій.
— Быццам бы існуе варыянт змяніць сістэму і запусціць сацыяльныя ліфты як раз-такі праз аднаўленне чынавенства. Але ж тут тыповы прыклад: паглядзіце, як Лукашэнка запускае палітычныя партыі — яму страшна.
Далей, структура грамадства, якая змянілася. Прынамсі ёсць адна ключавая група, якая не цалкам выехала — гарадскі сярэдні клас. Гэта альбо кваліфікаваныя працаўнікі, альбо ўладальнікі малога бізнесу.
Змянілася і бізнес-сістэма. Апошні год у нас адсотак валавога ўнутранага прадукту, які згенераваны недзяржаўнымі кампаніямі, ужо перавышае тое, што згенеравана дзяржаўнымі. Фактычна мяняецца сама сістэма існавання краіны Беларусь.
Я сапраўды ўпэўнены, што зараз ідзе апошні электаральны тэрмін Лукашэнкі.
Бо можна паспрабаваць зацэментаваць, заціснуць рэпрэсіямі, пайсці на выбары 2025 года і табе намалююць 99%. Але пытанне ўпіраецца ў іншае — сістэма, пра якую я казаў, далей працаваць не зможа.
Улічваючы тое, што мяняецца эканамічны базіс, што мяняецца грамадства, існаванне такой сістэмы будзе ўспрымацца як тормаз і як хіба нават бліжэйшым атачэннем.
Можна паспрабаваць трансфармаваць сістэму, тады Лукашэнка зможа яшчэ паспрабаваць пасядзець, але яму давядзецца сыходзіць на нейкую іншую пасаду.
А можна нічога не змяняць, сядзець і бясконца заціскаць гаечкі. Але тады можа здарыцца, што заўгодна, у тым ліку і найгоршы варыянт асабіста для Александра Лукашэнкі, — не выключае палітолаг.
Читайте еще
Избранное