Калі казаць пра колькасць у 85-100 самалётаў, то тут акурат ключавое не тое, ці змогуць столькі выпусціць. Тут ключавое ў тым, ці будзе на гэта пакупнік.
Тышкевіч: Звычайнаму беларусу можа падацца, што Беларусь ледзь не з «Боінгам» збіраецца канкурыраваць
Аналітык — пра перспектывы праекта «саюзнага» самалёта.
Намеснік прэмʼер-міністра Пётр Пархомчык расказаў пра планы Беларусі і Расіі выпусціць першыя супольныя самалёты да 2026 года.
Чыноўнік нагадаў пра леташні візіт прэм’ера Рамана Галоўчанкі ў Екацярынбург, у часе якога баранавіцкі 558-ы авіяцыйны рамонтны завод і Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі падпісалі дамову аб стварэнні 19-мясцовага самалёта.
— Мы сёння разам распрацоўваем і ствараем гэты самалёт, вядзем доследна-канструктарскія работы. Мусім да 2026 года вырабіць першыя два самалёты, — цытуе Пархомчыка дзяржтэлебачанне. — Мы ўжо сёння маем цвёрдую замову, то бок мінімальная колькасць самалётаў, якую мы павінны будзем вырабіць да 2030 года, гэта 85-100 штук. Калі будзем паспяхова выконваць пастаўленыя задачы, іх можа быць і больш.
Пракаментаваць перспектывы выпуску «саюзнага» самалёта Филин папрасіў аналітыка Украінскага інстытуту будучыні Ігара Тышкевіча.
— Наколькі выканальнай ва ўмовах вайны і санкцый выглядае задача па зборцы самалётаў у такой колькасці?
— Што мы можам лічыць іх самалётам? Калі вы пойдзеце на сайт Уральскага завода цывільнай авіацыі, то убачыце, што ключавая іх прадукцыя — гэта праект самалёта ЛМС-901 «Байкал». Ягонае прызначэнне — замена старога савецкага самалёта Ан-2.
Гэта вінтавы аднаматорны самалёт, які можа размяшчаць ад 12 да 19 пасажыраў. Анансаваны выпуск самалётаў, якія могуць узяць на борт акурат 19 пасажыраў. Таму, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тую ці іншую мадэрнізацыю ЛМС-901.
Ці гэта рэальна? Самалёт даволі просты, сама схема лёгкаматорнага самалёта не такая складаная, як можа падавацца. Улічваючы кампетэнцыі 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода, тэарэтычна гэта магчыма. Пытанне — наколькі гэта патрэбна?
Так, баранавіцкі завод спецыялізуецца акурат на вайсковай авіятэхніцы. У беларускіх службаў — гэта і памежнікі, і Узброеныя Сілы — апроч верталётаў выпадае сегмент лёгкаматорных самалётаў для перавозкі невялікай колькасці асабовага складу, а таксама для РЭБ.
З пункту гледжання матэрыялаў, рухавікоў ды іншага. У прынцыпе, тут тэхналогія таксама адпрацаваная, таму нічога звышскладанага ў гэтым няма. Таму ці ліцэнзійная зборка, ці супольнае давядзенне да розуму ЛМС-901 «Байкал» тэарэтычна магчымыя.
З пункту гледжання тэрмінаў вытворчасці. Калі да 2030 года, то выглядае, што гаворка ідзе пра глыбокую мадэрнізацыю альбо пра стварэнне чагосьці новага.
Бо калі яго няма, то ты, канечне, можаш выпускаць бясконца, але нават лёгкаматорны самалёт — гэта дарагая рэч. І таму працаваць на склад дзеля ўласнага задавальнення ты не будзеш.
Зрэшты, калі Лукашэнка ўтрымаецца ва ўладзе да гэтай даты, яму нейкія два самалёцікі пакажуць. Нават калі гэта будзе ўральскі ЛМС-901 «Байкал», перафарбаваны ў беларускую ліўрэю.
Таму што выпрабаванне ўжо пройдзенае, першы палёт яго ўжо адбыўся ў 2022-м, а камерцыйны палёт быў запланаваны на 2023-і, але быў перанесены. Таму, хутчэй за ўсё, гаворка пра ўральскі «Байкал».
— А навошта тады агучваць такія лічбы — 85-100 адзінак?
— Калі казаць пра Беларусь, то Лукашэнка любіць дэманстраваць нібыта паспяховасць сваёй палітыкі, ён любіць вялікія лічбы. Адпаведна, і беларускія чыноўнікі ведаюць пра гэтую ягоную любоў. Гэта ж гучыць: мы зробім 85 самалётаў.
Звычайнаму беларускаму гледачу ці слухачу можа падацца, што Беларусь робіцца ледзь не канкурэнтам «Боінга». Хоць гаворка пра тое, што ў народзе называюць «кукурузнікам». Сабраць 85 «кукурузнікаў»? Даруйце, але пасля вайны Ан-2 збіралі ў хлявах.
— Намеснік прэм’ера Пархомчык сярод іншага падкрэсліў, што для паўнавартаснай вытворчасці праекту яшчэ патрэбныя шматлікія інвестыцыі — на набыццё складанага абсталявання, на будаўніцтва вытворчых плошчаў і г.д. Ці можа гэты супольны праект стаць крыніцай для чарговага «распілу» бюджэту?
— Само сабой, што гэта будзе прапускацца праз нейкую «саюзную» праграму, дзе свой кавалак здолеюць адкусіць і адны, і другія. Гэта натуральна. Таму што праектаў тых жа камерцыйных лёгкаматорных самалётаў у свеце вельмі шмат. Гэта не вялікія транспартнікі, не вялікія цывільныя лайнеры.
Натуральна, што гэта складаней, чым аўтамабіль, але гэта значна прасцей, чым Airbus ці Boeing. І такіх праектаў існуе не адзін дзясятак у свеце.
І калі ёсць такое жаданне, заяўка паказаць эфектыўнасць імпартазамяшчэння, то, натуральна, пад гэта можна стрэсці грошы. З аднаго боку гэта зробяць уральскія вытворцы, з другога боку не супраць стрэсці грошы хтосьці з атачэння Лукашэнкі.
Адпаведна, будзе «саюзная» праграма. А калі чагосьці не будзе хапаць, таго ж рухавіка, ці авіёнікі, то гэта дакупяць у Кітаі, дзе ёсць уласныя мадэлі лёгкаматорных самалётаў. Возьмуць кітайскае і назавуць сваім, гэта ж не праблема.
Читайте еще
Избранное