«У будучыні ўлады вольнай Беларусі павінны ўзнагародзіць беларускіх абаронцаў Украіны»
Рада БНР – на гадавіну Слуцкага збройнага чыну.
Як паведамляе Радыё Свабода, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з нагоды гадавіны Слуцкага збройнага чыну — паўстаньня ў абарону БНР у 1920-м годзе, падчас якога некалькі тысячаў узброеных патрыётаў змагаліся з расейскімі бальшавіцкімі войскамі.
— Хачу сёньня папрасіць вас, каб памяталі пра ўсіх тых нашых продкаў, што аддалі жыцьцё, каб жыла Беларусь, — заклікае старшыня Рады БНР, — Наш край не загінуў дзякуючы тым з нас, якія разумелі каштоўнасьць свабоды.
Яна адзначыла, што «сёньня вельмі важна дапамагчы тым, хто са зброяй у руках абараняе ад расейскага агрэсара Ўкраіну, бо гэта адначасна і змаганьне за незалежнасьць Беларусі. Мы павінны дамагацца вызваленьня беларускіх ваяроў з расейскага палону, неадкладнага вызваленьня былога каліноўца Васіля Верамейчыка, міжнароднага прызнаньня правоў беларускіх вэтэранаў змаганьня з Крамлём і іх сем’яў. Перакананая, што ў будучыні ўлады вольнай Беларусі павінны ўзнагародзіць беларускіх абаронцаў Украіны».
За асабістую адвагу, праяўленую ў баях супраць расейскіх агрэсараў ва Ўкраіне дзеля свабоды Беларусі і Ўкраіны, Івонка Сурвіла ўзнагародзіла мэдалём «За баявыя заслугі» трох байцоў групы спэцыяльнага прызначэньня батальёну «Волат».
Іх імёны не апублічваюцца, як і прозьвішчы трох узнагароджаных мэдалём Ордэну Пагоні асобаў, якія жывуць у Беларусі і адзначаныя за шматгадовую дзейнасьць у зьберажэньні гістарычных каштоўнасьцяў і ўшанаваньне памяці выбітных асобаў беларускай гісторыі, а таксама ўнёсак у беларускае кнігадрукаваньне.
Таксама Мэдалём Ордэну Пагоні ўзнагародзілі палітоляга Анаіс Марэн. Да нядаўняга часу яна была адмысловай дакладчыцай ААН у правах чалавека ў Беларусі і шмат зрабіла для абароны як беларусаў, якія на Бацькаўшчыне цярпяць перасьлед за свае перакананьні, так і для тых, хто апынуўся ў вымушанай эміграцыі.
Дзень Герояў — удзельнікаў Слуцкага паўстаньня ў абарону БНР — дзесяцігодзьдзямі адзначаўся ў асяродках беларускай дыяспары ў Эўропе, на амэрыканскім кантынэнце і ў Аўстраліі ў часы, калі Беларусь была часткай СССР, дзе гісторыя змаганьня супраць бальшавіцкай акупацыі замоўчвалася. Традыцыю ўшанаваньня памяці змагароў за Незалежнасьць Беларусі пераняло і новае пакаленьне эмігрантаў, адзначаецца ў звароце Рады БНР.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное