Скандалы

У Крупках міліцыя затрымала мастака Алеся Пушкіна. Ён выйшаў з плякатам «Achtung Russia!»

У 220-ю гадавіну нараджэньня расейскага паэта Аляксандра Пушкіна ягоны беларускі цёзка мастак Алесь Пушкін зладзіў пэрформанс супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і русіфікацыі, піша Радыё Свабода.

6 чэрвеня Алесь Пушкін выйшаў да крамы сеткі «Эўраопт» у цэнтры Крупак з плякатамі «Achtung Russia!» і «Bloodymir!» з выявамі Пуціна, а таксама плякатамі «Stop russian agression on Europe» («Спыніце расейскую агрэсію ў Эўропе»), «Russia — war!» («Расея — вайна»), «Беларусь у NATO» і сьцягам Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Пратэстнай пляцоўкай стала крама «Эўраопт» у горадзе Крупкі Менскай вобласьці, у якой 8 траўня ў Пушкіна адбыўся інцыдэнт на моўнай глебе, там яго адмовіліся абслугоўваць па-беларуску.​

Праз паўгадзіны да Пушкіна выйшаў ахоўнік крамы і спрабаваў справакаваць яго на канфлікт.

Неўзабаве пад’ехала міліцыя. Міліцыянты канфіскавалі ўсе плякаты і сьцяг мастака і спрабавалі яго затрымаць, але Пушкін супраціўляўся, тады некалькі міліцыянтаў сілай пацягнулі яго ў міліцэйскую машыну.

Дата была пэрформансу выбраная невыпадкова: 6 чэрвеня — дзень нараджэньня расейскага паэта Аляксандра Пушкіна.

Мастак Алесь Пушкін, які жыве ў вёсцы Бобр Крупскага раёна, вядомы актыўным адстойваньнем правоў беларускамоўных. Ён часта зьвяртае ўвагу на дзеяньні дзяржаўных службоўцаў, работнікаў пошты, крамаў, сельсавету, ідэолягаў, праваслаўных сьвятароў, якія грэбуюць беларускай мовай і культурай. У абарону беларускай мовы Алесь Пушкін неаднаразова пісаў лісты ўладам, пасьля якіх часам каралі парушальнікаў. У траўні хацелі пакараць яго самога за настойлівае патрабаваньне абслужыць па-беларуску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(35)