Вы, прабачце, пас**ць не можаце, вы ў 30 градусаў дзеля гэтага вымушаны ісці на вуліцу, дык, можа, вы б гэтым заняліся?
«У Якутыі прыбіральняў у дамах няма, а жыхары расказваюць, што яны пакажуць амерыканцам, як іх трэба бамбіць»
Дырэктарка беларускай школы ў Батумі Аксана Акуневіч — пра тое, як і чаму рускія замяшчаюць нас у краіне.
— «Масква — столица нашей родины» ці вяртаешся з Масквы, а табе: «У сталіцы была» — вось гэта раўненне на Маскву, раўненне на рускасць — тое, што проста насаджвалася, — разважае Аксана Акуневіч на Еўрарадыё пра тое, чаму беларусы выціскалі з сябе беларускае. — Гэта ж трэба супыніцца і падумаць: «Стоп. А хто я, ці то я адношуся да вось гэтай рускай цывілізацыі, альбо ў мяне сапраўды ёсць штосьці сваё?».
А людзі не любяць думаць, гэта балюча.
Хочацца сабе атаясамліваць з кімсьці вялікім.
Узгадваючы пра знакавыя сустрэчы з рускімі, беларуская настаўніца задумваецца аб ступені пранікнення прапаганды.
— Мусіць у 2017 годзе я была ў Якутыі. Мы сядзім: 30 градусаў марозу, у іх паўсюль цэнтралізаванае ацяпленне, бо інакш усе вымруць, вечная мерзлата, гуляюць гэтыя перакошаныя дамы на сваях, а прыбіральняў няма.
І яны ганарацца, расказваюць, як яны пакажуць амерыканцам, як іх трэба бамбіць.
Перад вайной у 2021 годзе мяне запрасілі на Міжнародную Байкальскую школу ў Расію. Там збіралі лепшых рускіх адораных дзяцей і часам запрашалі замежных гасцей.
Дык вось у мяне быў шок! Стаяць падлеткі, рэальна разумнейшыя людзі, якіх шукалі па розных школах, гарадках і вёсках, яны проста паміж сабой размаўляюць-размаўляюць і раптам так: «Мы русские — с нами бог», — і далей размаўляюць.
Як зомбі — і гэта не жарт такі, бо яны не кажуць, мы рускія — зараз усім дабро нанясём, альбо мы на Байкале — гэта найлепшае возера, — здзіўляецца Акуневіч.
Яна вымушана адзначыць, што, на жаль, беларусам у Беларусі зараз амаль няма чаго супрацьпаставіць насаджэнню рускага.
— З украінцамі сустрэнешся, ці з літоўцамі дзе-небудзь на выездзе ў лесе, яны сядзяць і пачынаюць свае песні спяваць, якія ведаюць усе.
А што беларусы падхопяць, акрамя «Купалінкі»? У нас няма вакол чаго аб’ядноўвацца.
Я заўважаю, як, напрыклад, на медыйныя пляцоўкі ў краіне, калі з’ехалі нашы журналісты, панабіралі рускіх і з’явіліся абароты «отечственный», «поребрик» ці яшчэ штосьці.
Ідзе замяшчэнне. Яшчэ і да 2020 года калі запытваліся, чаму вы не з’язджаеце, мне знаёмыя казалі, вы думаеце, што вы з’едзеце, і гэта пустое месца будзе чакаць? Не, тут прыедуць новыя.
І калі я вярнулася ў 2022 годзе ў Беларусь, убачыла, што вось —жнівень, цёпла, звычайна Менск пусты, а тут парк Горкага набіты людзьмі — і я чую, што гэта іншыя людзі, гэта прыехалі рускія.
Так, яны замяшчаюць нас. Так было і на ўсходзе Украіны. Дасюль некаторыя рускія, як і раней, калі выходзяць на пенсію, купляюць зямлю ў Беларусі.
Мы ўжо зараз моцна адарваныя — беларусы, якія з’ехалі, і тыя, хто засталіся. Прайшло толькі чатыры гады. Магчыма, у Польшы гэта менш заўважна.
У Грузію людзі прыязджаюць часцей, і на адпачынак таксама. І мы ўжо зараз бачым розніцу: тая ўнутраная свабода, якая ў нас ужо ёсць, і мы думаем, што маразму да такой ступені быць не можа, а яны кажуць: «Як, у вас тут сцяг? Як, вы тут вітаецеся «Жыве Беларусь!»?»
Бо там стаіць гэты ўнутраны бар’ер, фільтр. І гэта нам давядзецца, трэба будзе ўпісацца, калі мы хочам застацца беларусамі. Бо яны жывуць на сваёй, нашай зямлі.
Тыя, хто застаецца ў Беларусі, а такіх людзей многа — шчырыя беларусы, якія за беларушчыну, за беларускую мову — яны ўжо многае робяць, яны месца нам, умоўна, трымаюць.
І гэта наша адказнасць — думаць, як туды ўпісацца, думаць пра іх і карыстацца тымі магчымасцямі, якія ў нас зараз ёсць.
Калі б зараз адкрылася мяжа? А людзі ўжо паклалі некалькі год на інтэграцыю ў нейкую краіну, яны масава не паедуць у Беларусь. Таму што ўжо вырашылі пытанні з мовай, з ліцэям, з універсітэтам, а ў беларускіх універсітэтах пазвальнялі выкладчыкаў.
Атрымліваецца, што ты прыедзеш толькі дажываць пенсіянерам?
Таму гэта наша адказнасць, бо людзі там жывуць. Яны працягваюць вучыцца, і калі няма праграм еўрапейскіх, ездзяць у Расію. Тая ўкладае вялікія грошы ў дзяцей, падлеткаў, адукацыю. Яны вымываюць разумных. А што мы можам прапанаваць? — задаецца пытаннем беларуская настаўніца.
Читайте еще
Избранное