Истоки

Аліна Рублёва

«Уплыў на агульную беларускую культуру Бахарэвіча, які «там», значна большы, чым міністра культуры Маркевіча, які «тут»

Ці можна пабудаваць нацыю без мовы, і як захаваць беларускасць нават падчас прагляду «Славянскага базару»?

У межах спецпраекта Вытокі «Салідарнасць» аналізуе беларускі нацыянальны характар і спрабуе знайсці адказы на пытанне, хто такія беларусы і куды мы як нацыя ідзём. Наш сённяшні суразмоўца — незалежны даследчык. У мэтах бяспекі мы не называем яго імя.

— Наколькі, па-вашаму, беларусы сфарміраваныя як нацыя.

— На мой погляд, гэта нават не павінна абмяркоўвацца. Сам па сабе факт пастаноўкі пытання дае апанентам нагоду сумнявацца ў тым, што беларусы адбыліся. Бо ніхто ж не аспрэчвае, што ёсць, скажам, англічане, італьянцы, кітайцы або палякі.

Але, разам з тым, крытэрыі сфарміраванасці нацыі залежаць ад канкрэтнага кантэксту – гісторыі, культуры, палітыкі. І тут можна разглядаць розныя аспекты.

Па-першае, агульнасць культуры. Усе беларусы, якія жывуць на тэрыторыі, з’яўляюцца носьбітамі беларускай культуры. Нават тыя, хто ўсяляк стараецца адмежавацца ад яе.

Напрыклад, тыя, хто вывучае традыцыйныя народныя строі і абрады, і тыя, хто глядзіць «Славянскі базар» па БТ, ці нават тыя, хто аднолькава далёкі і ад аўтэнтыкі, і ад афіцыёзу, але ўключаны ў беларускі кантэкст, бліжэйшыя адзін да аднаго, чым, скажам, да данскіх казакаў.

Бо тое, што адбываецца «тут», зразумела беларусам, незалежна ад іх поглядаў, заняткаў, адукацыі. А тое, што адбываецца «не тут», зразумелае толькі сітуацыйна. Гэтае разуменне або неразуменне і ляжыць у аснове менталітэту.

Другі аспект – гэта гісторыя і агульныя грамадскія каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць народ у адзінае цэлае. Нам ужо трыццаць гадоў спрабуюць давесці, што сапраўдная гісторыя беларусаў пачалася пасля кастрычніцкага перавароту, а да гэтага ад часоў ледавіка не адбывалася нічога вартага.

Такое адчуванне, што афіцыёз не задумваецца над тым, што нават такога непрацяглага перыяду дастаткова, каб беларусы ў асноўнай сваёй масе адчулі розніцу паміж уласнай гісторыяй і гісторыяй суседніх краін.

Бо пра гісторыю Літвы, Латвіі ці Польшчы ў ХХ стагоддзі неспецыялісты ведаюць мала, гісторыю Украіны ўяўляюць сабе адносна, а гісторыя Расіі для шырокіх мас абмяжоўваецца пераважна пералікам савецкіх генсекаў, асацыяваных з Крамлём і Масквой.

Атрымліваецца, што, скажам, афіцыйная і замусоленая Вялікая Айчынная вайна з партызанкай, бацькам Мінаем і дзедам Талашом – гэта ўсё роўна фактар, які працуе на кансалідацыю беларускага грамадства.

Тую ж частку грамадства, якая вырасла на рэпрынтах кніжак Іваноўскага, Ластоўскага, што з’явіліся ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў, і школьных падручніках па гісторыі з мяккай бел-чырвона-белай вокладкай, кансалідаваць і не трэба.

Якуб Колас і Дзед Талаш

Важным паказчыкам нацыі з’яўляецца тэрытарыяльная прыналежнасць. Беларусы вельмі добра ўяўляюць межы «свайго». У тэорыі, вядома, многія чулі, што Браншчына, Беласточчына і Віленшчына гістарычна часткова нашы, але зараз абсалютная большасць вясковых жыхароў на ўсходзе Магілёўшчыны ці Віцебшчыны выдатна адрознівае: тут сваё, а там – Расія.

І, на мой погляд, за апошнія два гады РФ зрабіла ўсё магчымае і нават немагчымае, каб беларусы яшчэ больш ментальна скампанаваліся і яшчэ больш выразна праводзілі межы паміж дзяржавамі.

Яшчэ адзін паказчык — гэта мова.

— І тут, мяркую, мы маем якраз праблему.

— Наконт беларускай мовы як крытэрыю «беларускасці». Не ўсе пагаджаюцца, але існуе такое меркаванне (і яно цалкам абгрунтаванае), што любы беларус, які жыве на гэтай тэрыторыі, з’яўляецца носьбітам беларускай мовы — або яўным, або прыхаваным.

Тое, што яўных мала — пашыраны стэрэатып. Рафінаваная беларускамоўная інтэлігенцыя на сітуацыю агульнай «беларускасці» ўплывае вельмі неістотна. Затое можна ад’ехацца на некалькі кіламетраў ад сталіцы і паслухаць, як гавораць мясцовыя жыхары — нават тыя, хто мяркуе, што карыстаецца чыстай рускай мовай.

Няма і не было ў беларускай вёсцы рускай мовы, яна там заўсёды ўспрымалася, ды і зараз успрымаецца, або як паказчык «чужасці» — таго, што чалавек немясцовы, заезджы, перасяленец, — або як паказчык супрацьпастаўлення чалавека вясковай грамадзе па формуле «я адукаваны, таму гавару па-рюску».

Да першага ставіліся з разуменнем, але насцярожана, да другога — здзекліва або нават пагардліва. Адсюль і мянушкі тыпу Гарадскі, Масквіч, Інцілягент і падобныя.

Інакш кажучы, той факт, што любы, нават самы «рускамоўны» беларус, незалежна ад месца пражывання, ведае, што такое шуфлядка, падвячорак, бульба або бусел, і з’яўляецца фактам яго прыналежнасці да беларускай культуры.

Часам пры вызначэнні паняцця «нацыя» таксама ўлічваюць наяўнасць агульных грамадзянскіх правоў і абавязкаў у яе носьбітаў.

— Ну з грамадзянскімі правамі, як можна бачыць, сітуацыя зусім патавая.

— Пасля 2020 года, канешне, гаварыць пра наяўнасць нейкіх правіл узаемадзеяння паміж грамадзянамі і дзяржавай не даводзіцца. Так, дзяржава настойліва робіць выгляд, што яна кантралюе грамадзян, але нават сама настойлівасць гэтых «спроб імітацыі» сведчыць пра іх правальнасць.

Дзеянні сілавых структур прывялі да таго, што пераважная большасць беларускага грамадства разумее, што цэлы блок законаў — галоўным чынам, тых, што датычацца грамадзянскіх правоў і свабод — больш не працуюць. Беларусы вельмі добра гэта бачаць і адпаведна ўнутрана рэагуюць.

Бяздарнае і бездапаможнае насаджванне дзяржаўнай ідэалогіі ў сістэме адукацыі ад садкоў да ўніверсітэтаў прывяло да поўнага фіяска гэтай ідэі.

Дзяржава ў гэтым плане дзейнічае цалкам савецкімі метадамі, але па агульнай неадукаванасці вышэйшае кіраўніцтва не ўлічвае розніцу ў часе: беларусы ў большасці сваёй навучыліся атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю і бачаць, што розныя адзіныя дні інфармавання, палітхвілінкі, чырвоныя гальштукі і гімн перад заняткамі — гэта крок у бок Паўночнай Карэі і Туркменістана.

— Можа, і бачаць, але гэта не выклікае яўнага супраціўлення.

— Зараз у гэтым плане беларускае грамадства падзелена на некалькі пластоў. Першы, і самы нешматлікі, — прыхільнікі таго, што адбываецца. Гэта беларусы, якія жывуць паводле меркавання «пенсія ў нас маленькая, але на жыццё хапае і дзякуй богу».

Другая — супрацьлеглая — частка выразна праявілася пасля «выбараў» 2020 года. Гэта людзі, погляды якіх на будучае беларускага грамадства падаграваліся бяздарнай афіцыйнай прапагандай і выбухнулі ў жніўні ў выглядзе пратэстаў.

Зараз гэты сегмент беларускага грамадства ў многім перамясціўся за межы Беларусі. Але, улічваючы яго дынамічнасць, актыўнасць і якасны склад (грамадскія дзеячы, журналісты, пісьменнікі, навукоўцы), нельга не прызнаць яго істотнае значэнне для сучаснай беларускай культуры.

Фігуральна кажучы, уплыў на агульную беларускую культуру Бахарэвіча, які «там», значна большы, чым міністра культуры Маркевіча, які «тут».

Трэцяя частка — самая важная і самая масавая. Гэта ўсе тыя, хто «схаваўся ў бульбу» — грамадзяне Беларусі, якім не падабаецца тое, што адбываецца ў эканоміцы, палітыцы, грамадскім жыцці, адукацыі, культуры, але якія з улікам абставін не могуць супрацьдзейнічаць сітуацыі.

Гэтыя беларусы сядзяць ціха і чакаюць змен або пасіўна падтрымліваюць ініцыятывы ўлады. Напрыклад, як гэта праяўляецца ў студэнцкім асяроддзі: трэба схадзіць у кінатэатр на прапагандысцкі фільм — акей, сходзім замест заняткаў; трэба арганізаваць якое-небудзь ідэалагічнае мерапрыемства самім — хай хто-небудзь іншы, а мы ўжо і так схадзілі ў кінатэатр.

Іншымі словамі, для гэтай часткі грамадства характэрна ціхае непрыняцце ўсяго таго, што навязваецца зверху, і перманентны сабатаж розных ідэалагічных ініцыятыў.

І, разам з тым, усе гэтыя групы беларусаў складаюць беларускую нацыю — незалежна ад поглядаў, ініцыятыўнасці або пасіўнасці і месца жыхарства. Іншая справа, як доўга сфарміраваная нацыя зможа праіснаваць у такім фармаце, які задаецца сённяшняй уладай.

— Якія галоўныя рысы нацыянальнага характару вы вылучылі б?

— І станоўчыя, і адмоўныя рысы любога народа выпрацоўваюцца на працягу доўгага перыяду, таму — фарміруюцца канкрэтнымі абставінамі. Калі ў гэтым кантэксце казаць пра беларусаў, то і пачынаць варта менавіта з абставін. А яны пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай у 1569 годзе — і яшчэ больш пасля яе падзелаў — складваліся неспрыяльна. 17-18-е стагоддзі — паланізацыя, з канца 18-га — русіфікацыя, у 20-м — і адно, і другое, і ў дадатак яшчэ саветызацыя.

Якіх рыс можна чакаць ад беларусаў у такіх умовах?.. Натуральна, умення «хавацца ў бульбу» і жыць па прынцыпе «мая хата з краю». Недзе побач з гэтымі пасыламі знаходзіцца і адвечная беларуская адзінка вымярэння паспяховасці — «каб як у людзей».

Адсюль тыя пасажы, што актыўна прадуцыруюцца прапагандай, накшталт «у нас мала хмарачосаў, затое Мінск — чысты горад»,  «у нас невялікія зарплаты, але на жыццё хапае», «хай сабе ў нас дыктатура, затое няма гей-парадаў» і так далей.

Але гістарычна так склалася, што гэтая «сярэдзіннасць» разам з уменнем хавацца, цярпець, прызвычайвацца ў іншых абставінах могуць разглядацца адначасова і як станоўчыя рысы, якія працуюць на імідж беларускага народа.

Доўгі час беларусы ўспрымаліся не як «паўмерныя» і абыякавыя, а як адэкватныя і талерантныя. Пасля лютага 2022 года такое ўспрыняцце нас іншымі народамі істотна змянілася.

— А што, як вам падаецца, больш за ўсё замінае беларусам ісці наперад? Якая самая галоўная наша праблема?

— Відаць, карані гэтай праблемы таксама варта шукаць у менталітэце. Да ўсяго названага можна дадаць яшчэ беларускую некрэатыўнасць і адсутнасць нацыянальнай ідэі. Гэта на першы погляд розныя, але ўзаемазвязаныя рэчы.

Ажыццяўленне любой глабальнай ідэі патрабуе пэўнай «безгаловасці» — умення паверыць у яе, сцвердзіць і рэалізаваць усімі магчымымі і немагчымымі сродкамі.

А беларуская нацыянальная ідэя, на мой погляд, адсутнічае як з’ява. І тое, што ў асяродку нацыянальнай інтэлігенцыі яе так доўга шукаюць, яшчэ больш пацвярджае яе несфарміраванасць, зародкавасць.

Таму важная праблема заключаецца ў адсутнасці агульнапрынятых арыенціраў. Частка народа арыентуецца на ідэю нацыянальнай тоеснасці і адэкватнасці, агучаную вядомым філосафам Абдзіраловічам у яго эсэ «Адвечным шляхам», частка — на афіцыйны дыскурс пра Вялікую Айчынную вайну і братнюю Расію, частка ні на што не арыентуецца і жыве, як пісаў Колас, па прынцыпе «прыдбаць зямлю, займець свой кут».

І зараз яшчэ, відаць, не прыйшоў час для крэатыўных асоб і крэатыўных рашэнняў, якія б маглі тры гэтыя часткі аб’яднаць у народ на падставе агульназразумелай вялікай ідэі.

Чым сённяшняя моладзь адрозніваецца ад моладзі эпохі беларусізацыі, які эфект прыносяць высілкі Бондаравай і ёй падобных і што могуць сёння рабіць людзі ўнутры краіны, каб не даць рэжыму разбурыць дзяржаву?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні чытайце ў другой частцы інтэрв’ю, якой з’явіцца бліжэйшым часам

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(18)