Абама не адказаў Расіі — магчыма, стрымліваў Нобэль, атрыманы авансам, за дэмагогію. На нобэлеўскім золаце Абамы — кроў украінцаў.
«Уявіце, што Трэці Рэйх разьбіты, а Гестапа і СС дзейнічаюць і пасьля 1945 году — як і пры Гітлеры»
Публіцыст і былы дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык – пра памылкі заходніх лідэраў, якія прывялі свет да цяжкіх часоў.
– На нашых вачах сьвет імкліва вяртаецца ў часы, калі ўсё вызначала сіла. А таксама — грошы, – піша Навумчык. – Але было б памылкай бачыць першапрычыну ў Трампе.
Пагаджуся з палітолагам Аляксандрам Фрыдманам, які піша: «Але хіба Трамп абяцаў Украіне падтрымліваць яе столькі, колькі спатрэбіцца? Не! Ён настойваў на вяртаньні Украіны да меж 1991? Не! Ён пагражаў Пуціну перасьледам за ваенныя злачынствы ва Ўкраіне? Не!
Гэта рабілі Байдэн, Макрон і Шольц, якія спалохаліся маскоўскай ядзернай дубінкі, пастаўлялі зброю са спазьненьнем і гамэапатычнымі порцыямі, не вырашыліся прыняць сапраўды разбуральныя санкцыі.
Пуціна можна і трэба было перамагчы і пакараць, але Байдэн, Макрон, Шольц і іх брытанскія калегі прайгралі — і зусім не крамлёўскаму чэкісту, а свайму страху і сваёй нерашучасьці».
Слушна, але варта пайсьці яшчэ далей. І прыгадаць бязьдзейнасьць Абамы, які ў 2014-м на анэксію Крыму быў проста абавязаны (паводле Будапэшцкага мэмарандуму) адэкватна адказаць Маскве.
Аднак і Абама — не першапрычына.
Будапэшцкі мэмарандум быў вынікам выкручваньня рук адміністрацыяй Клінтана былым савецкім рэспублікам, якіх прымусілі адмовіцца ад ядзернай зброі пад «гарантыі» Захаду (цяпер мы бачым, чаго вартыя тыя гарантыі). І ня проста адмовіцца, а аддаць іх... Расеі.
Фактычна, Клінтан узмацніў ядзерны патэнцыял Расеі.
І вось тут мы падыходзім да першапрычыны. Пасьля распаду СССР заходнія лідэры (у ЗША ў 1991-1992 прэзыдэнтам быў Буш-старэйшы) выявілі фэнамэнальную інфантыльнасьць, паверыўшы запэўненьням былога члена ЦК КПСС Ельцына, былога выкладчыка марксізму-ленінізму Бурбуліса і былога рэдактара часопісу «Камуніст» Гайдара, што Расея «крочыць па шляху дэмакратыі».
Захад не насьцярожыла, што ў кіраўніцтве «новай дэмакратычнай Расеі» няма ніводнага былога дысыдэнта — адрозна ад Польшчы, Чэхіі, Баўгарыі.
Заходнія лідэры праігнаравалі той факт, што Расея захавала свой імпэрскі характар, і хаця КПСС сканала, непарушным застаўся стрыжань імпэрыі — KGB.
Штодня дасылаючы ў Расею гуманітарную дапамогу (у пачатку 1992-га хлеба ў Маскве заставалася на тры дні) і затым выдаткоўваючы мільярдныя крэдыты (Беларусь і марыць не магла пра дзясятую іх частку), Захад нават не запатрабаваў ад Масквы ліквідаваць сетку замежнай агентуры.
Уявіце, што Трэці Рэйх разьбіты, а Гестапа, СС і г.д. дзейнічаюць і пасьля 1945 году — як і пры Гітлеры.
Я ўжо не кажу пра тое, што Захад мусіў дамагчыся ліквідацыі ядзернага арсэналу РФ.
З мінулага трэба рабіць урокі. Сьвет чакаюць цяжкія часы — надоўга. Думаю, што на дзесяцігодзьдзі. Але — не навечна.
І калі нашы дзеці ня хочуць, каб нашыя ўнукі спазналі тое, што перажылі іх продкі, — яны абавязаныя вынесьці галоўны ўрок з падзеяў канца ХХ — пачатку ХХI стагодзьдзя: Расея як імпэрыя мусіць быць зьнішчаная.
Читайте еще
Избранное