Разлічваем, што пад канец года ці трошкі раней будуць фізічныя ўзоры пашпарту, якія будуць дасылаюцца ў Еўракамісіі, а адтуль у еўрапейскія краіны. Праз некалькі тыдняў трэба будзе пачынаць перамовы пра прызнанне. Ужо ёсць першыя станоўчыя сігналы аб магчымым прызнанні.
«Узмацніць адно аднаго і вярнуць сабе нашую краіну»
У Варшаве прайшла канферэнцыя Новая Беларусь 2023, якую праводзiлi Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада. Шукалi адказ, што варта зрабіць, каб адрадзіць нашую краiну.
На канферэнцыі абмяркоўвалі ў трох панэлях: «Што зрабілі і што збіраюцца зрабіць дэмакратычныя сілы для пераходу да дэмакратыі?», «Ад саюза з агрэсарам да новых магчымасцяў: еўрапейскі выбар для Беларусі» і «Новая Беларусь: якую краіну мы хочам пабудаваць?».
Ціханоўская адкрыла форум
Лідэр дэмсіл Беларусi ва ўступным слове заявіла:
– Мы звыклі, што на кожнае публічна сказанае слова прыпадае два словы падтрымкі, але і дзесяць слоў крытыкі. Мы звыклі, што ў нас няма магічнай сілы, каб заўтра спыніць вайну і выратаваць усіх палонных. Болей за тое, мы пачынаем звыкаць, што месяцамі не маем вестак ад нашых палітзняволеных.
Я ніколі не думала, што ў маім жыцці будзе момант, калі я пагляджу на відэа з Сяргеем – і не буду з першага моманту ўпэўненая, ці гэта ён. З намі адбылося так шмат бесчалавечных, балючых, пакутлівых падзей, што мы прызвычаіліся чакаць горшага. Але сёння я заклікаю вас адшукаць тое, што пазбавіць нас гэтай дрэннай звычкі.
Само тое, што сёння мы знаходзімся тут, ладзім адкрытыя дыскусіі, праводзім публічныя слуханні Кабінета – гэта вялікае дасягненне для грамадства, якое амаль 30 гадоў не бачыла жыцця ў вольнай краіне. Бо празрыстасць, разнастайнасць поглядаў і свабода слова – гэта фундамент, на якім будуецца дэмакратычная ўлада. Што за будынак з’явіцца на гэтым фундаменце, залежыць толькі ад нас з вамі.
Сахашчык: «Не можам выключыць, што вайна скончыцца трохі па-іншаму»
— Мы не можам выключыць, што вайна скончыцца трохі па-іншаму: Украіна не згубіць незалежнасць, але згубіць частку тэрыторыі, — сказаў, у сваю чаргу, прадстаўнік АПК па абароне і нацбяспецы Валерый Сахашчык, паведамляе Позiрк.
Паводле яго слоў, можа атрымацца так, што РФ «не дасягне мэтаў спецыяльнай вайсковай аперацыі, як яны называюць вайну, але замацуецца на нейкіх тэрыторыях». У такой сітуацыі, лічыць прадстаўнік АПК, «Беларусь застанецца пад моцным уплывам Расійскай Федэрацыі».
Еўрасаюз, мяркуе Сахашчык, пры такім варыянце развіцця падзей «па сканчэнні гарачай фазы канфлікту паспрабуе зафіксаваць статус-кво няважна ў якім стане», а Расія «застанецца галоўным ваенна-палітычным гульцом ва Усходняй Еўропе».
Кавалеўскі: «Разлічваем, што пад канец года ці трошкі раней будуць фізічныя ўзоры пашпарту»
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валер Кавалеўскі выступіў з відэапрэзентацыяй, падчас якой расказаў, што з сябе ўяўляе дакумент, распрацаваны Кабінетам для беларусаў-эмігрантаў, пiша Наша Нiва.
Макет дакумента са спецыяльнымі ахоўнымі ўласцівасцямі, адпаведнымі стандартам Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO), паводле Кавалеўскага, ужо распрацаваны. На наступным этапе АПК павінен будзе знайсці дзяржаву-партнёра, якая забяспечыць тэхнічную падтрымку.
Альтэрнатыўны пашпарт, паводле задумы, мае пацвярджаць беларускае грамадзянства, з ім таксама можна будзе падарожнічаць. Аднак дазвол на ўезд ці пражыванне ў той ці іншай краіне ўсё адно трэба будзе атрымліваць. Але з альтэрнатыўным пашпартам можна будзе адкрываць рахунак у банку, набываць і рэгістраваць тэлефонную сім-карту.
Плануецца, што на пачатковым этапе альтэрнатыўны пашпарт будзе дзеяць у межах Шэнгенскай зоны ў ЕС, а далей тэрыторыя ягонага выкарыстання будзе пашырацца праз перамовы.
У перспектыве альтэрнатыўны пашпарт змогуць атрымаць усе грамадзяне Беларусі, якія пажадаюць гэта зрабіць. Аднак спачатку яго будуць выдаваць пераважна тым, хто мае бягучую патрэбу ў замене ці аднаўленні дакументаў. На цяперашні момант стаіць пытанне пра закупку матэрыялаў і ствараецца юрыдычная асоба для поўнага суправаджэння дакумента.
Усе надпісы на дакуменце будуць выкананыя па-беларуску (кірыліцай і лацінкай) і па-англійску. На старонках яго будуць выявы архітэктурных помнікаў. Кавалеўскі падкрэслівае, што пры стварэнні ўзору пашпарта працавала адмысловая геральдычная камісія, і ўсё ў ім узгоднена з адмыслоўцамі.
Вітольду Ашурку ўручылі медаль «Гонар і годнасць» пасмяротна
Падчас канферэнцыі Святлана Ціханоўская перадала медаль ягонаму брату Андрэю, паведамляе Белсат.
Нагадаем, Вітольд Ашурак загінуў два гады таму ў шклоўскай калоніі. Пра трагедыю родным паведамілі 21 траўня 2021 года. Сваякам сказалі, што прычына смерці – спыненне сэрца, хоць да турмы палітвязень на здароўе не скардзіўся. Апошнія дні перад смерцю ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары, умовы ўтрымання ў іх праваабаронцы называюць катаваннямі.
Вітольд быў асуджаны да пяці гадоў зняволення за ўдзел у пратэстах 2020 года.
Прызначэннi i звальненне
Святлана Ціханоўская агучыла некаторыя кадравыя змены, з улікам абмеркаванняў, якія прайшлі ў Каардынацыйнай радзе.
Раней стала вядома, што Каардынацыйная рада выказала недавер Аляксандру Азараву ў якасці прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета ў аднаўленні правапарадку і законнасці. Увечары прагучала, что Азараў зняты з гэтай пасады. У той жа час – застанецца пры Кабінеце для каардынацыі «Плана Перамога».
Таксама Лідэр дэмсіл Беларусi прызначыла:
- Генадзя Манько – кіраўніком міссіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве, якi, як прагучала, «цягам апошняга году адказваў за супрацу з палком Каліноўскага і ўсталяваў добрыя кантакты ва Ўкраіне».
- Маргарыту Ворыхаву – дарадцай па моладзевай палітыцы і студэнцтву. Яна, адзначыла Ціханоўская, «кіруе арганізаціяй «Рада», мае значный палітычный досвед – прадстаўляла Беларусь у кантактнай групе Рады Еўропы і ў Кансультатыўнай групе ў Еўразвязе».
Святлана Ціханоўская: «Мяне можа спыніць толькі адно: калі я не буду адчуваць падтрымку беларусаў»
Дэмакратычны лiдэр у фінальным слове падвяла вынікі форуму: «Канферэнцыя дала нам магчымасць ацаніць зробленае, а таксама зазірнуць у будучыню: якой будзе наша перамога і якім шляхам яна будзе дасягнутая.
Я чакаю рэкамендацыі Каардынацыйнай рады па выніках слуханняў. Мы прыкладзём намаганні, каб палепшыць працу Кабінета. У бліжэйшы час мы прызначым кіраўніка апарату Кабінета і прадставім агульную стратэгію. Узімку мы правядзем выбары ў Каардынацыйную Раду, каб яна стала сапраўды прадстаўнічым органам беларусаў. Таксама мы разам заслухаем справаздачу Каардынацыйнай Рады».
Напрыканцы свайго выступу Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім беларусам: «Дзякуй вялікі, што далучыліся да нашай Канферэнцыі. Я адчуваю вашую падтрымку кожны дзень. І я буду з вамі да самай перамогі. І спадзяюся, што вы падтрымаеце мяне на гэтым шляху».
***
Як назіральнікі каментавалi падзеі канферэнцыі.
Сяргей Навумчык, аглядальнiк:
– Для абсалютнай большасьці прамоўцаў на канфэрэнцыі ў Варшаве (ня ўсіх, але большасьці) гісторыя пачалася з 2020 году. Вось гучыць, што «ў 2020 праблема геапалітычнага выбару не стаяла».
Праблема геапалітычнага выбару перад Беларусьсю стаяла з моманту абвяшчэньня Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году, а ў аддаленай гістарычнай перспектыве яна стаяла больш як 200 гадоў. Іншая справа, што розныя палітычныя сілы рабілі розны выбар. Хтосьці – у бок цывілізацыі, а хтосьці – у бок Арды.
БНФ, напрыклад, адразу заявіў пра дэструктыўную ролю Расеі як у беларускай гісторыі, гэтак і ў намерах спачатку Кебіча, потым Лукашэнкі кіравацца інтарэсамі Масквы. За нежаданьне значнай часткі палітычнай эліты (у тым ліку і ў г.зв. дэмлягеры) зразумець гэтыя ісьціны беларускі народ плаціць вялізную цану – і дай Бог, каб яна не была яшчэ большай.
Аляксандр Класкоўскі, аглядальнiк:
– Сачу за трансляцыяй з канферэнцыі «Новая Беларусь» — і зноў чаплянула гэта тэрміналогія: «гандлявацца палітвязнямі», «гандаль палітычнымі зняволенымі».
Па-першае, калі казаць пра палітычны сэнс, то такія выразы ў дачыненні да дэмакратычных сіл, на мой погляд, апрыёры прыніжаюць найважнейшую задачу вызваліць людзей з палону.
Па-другое, у мяне і чыста лінгвістычная прэтэнзія. Відаць, каму-кольвек словы «торг», «таргавацца» здаюцца русізмамі, але гэта не так. Таму заклікаю іх рэабілітаваць.
Читайте еще
Избранное