Вольскі: Што ж трымае творчых людзей у сучасных таталітарных краінах, межы якіх яшчэ не (ці то не зусім) замкнутыя?
Усе ўсё ўжо напісалі пра Nizkiz. Прывялі аргумэнты, піша Лявон Вольскі.
— Нельга было музыкам заставацца на радзіме. Нельга, бо сьмяротна небясьпечна! Там наогул нельга заставацца нікому, хто не падтрымлівае ўладу. Бо ўрэшце па ўсіх прыйдуць, усіх знойдуць. А якая ад нас карысьць у турме?
— Але хлопцы былі патрыёты. Яны не хацелі зьяжджаць! Чаго вы да іх дачапіліся? Калі ўсе зьедуць, хто з нармальных людзей застанецца? Можа быць, вы ня ў курсе, але далёка ня ўсе, падціснуўшы хвасты, пабеглі за мяжу. Трэба камусьці (і гэта сьмелы ўчынак!) быць і тут, на радзіме!
Ну, і яшчэ шмат усялякіх словаў панапісвалі розныя людзі ў сваіх пабліках з гэтае сумнае нагоды. Але, пішы ці не пішы, ясна адно: далёка ня ўсе творчыя асобы, нават, усьведамляючы небясьпеку, зьехалі зь Беларусі. Музыкі, мастакі, літаратары, дзеячы тэатру і кіно — шмат хто зь іх вырашыў застацца на радзіме. З розных нагодаў. І нават безь ніякае нагоды. Усяму ды ўсім назлосьць!
Вось яны засталіся і цяпер ходзяць па вуліцах, здымаюць грошы з банкаматаў, плацяць штраф за парушэньне правілаў дарожнага руху, выклікаюць таксоўку, сядзяць у кавярні, купляюць праезны, ідуць у кіно, набываюць прадукты ў гіпэрмаркеце… Яны жывуць. А як калісьці сьцьвярджаў дзядуля Ленін, «жыць у грамадзтве і быць вольным ад грамадзтва немагчыма».
Тут яшчэ істотна — якое гэта грамадзтва? Бо ёсьць такія, што ад творчае асобы асабліва нічога не патрабуюць. Плаці свае падаткі, не парушай агульнапрынятыя правілы (асабліва крымінальны кодэкс), а лепей за ўсё, зрабіся вядомы на ўвесь сьвет, каб праславіць сваё грамадзтва, сваю краіну. Шчыра табе за гэта падзякуюць. Можа, нават, ордэнам якім уганаруюць. А можа, і прэмію грашовую выпішуць!
А ёсьць грамадзтвы іншыя. Там, у якой бы галіне мастацтва ты ні працаваў, трэба ўсяляк дэманстраваць адданасьць курсу кіраўніцтва гэтага грамадзтва, а тое кіраўніцтва — гэта, звычайна, адзін немалады чалавек, які патрабуе ўсеагульнае ўвагі ды пакланеньня. Ну, ці то група асобаў. Як у СССР.
Бо як было ў СССР? Калі ты дзеяч культуры ды не ўступіў у партыю — ты падазроны. Калі ты ня пішаш (вершы, аповесьці, п’есы, карціны, сцэнары фільмаў) пра Леніна-партыю-камсамол — ты ненадзейны.
Калі ты мастак-авангардыст ці рок-музыка — ты стоадсоткава схаваны вораг. Бо нармальныя людзі малююць мішак у лесе і сьпяваюць пра каханьне і «птушку шчасьця заўтрашняга дня».
Таму шмат якія творцы йшлі на кампраміс: сёньня напішуць таленавітую карціну, а заўтра — Леніна на лёсавызначальным зьезьдзе партыі.
Ці то: сёньня сьмелую дзёрзкую паэму, а заўтра — захопленае палатно пра камсамольска-маладзёжныя будоўлі і будатрады. Тыпу: вінаваты, выпраўляюся! А музыка — адной рукою запісвае рок-альбом, а другой — грае ў афіцыйным ВІА.
Зрэшты, асабліва радыкальныя ўладкоўваліся на працу дворнікамі ці то вартаўнікамі, а музыкай займаліся, нібыта, «у вольны ад асноўнае працы час». Проста хобі такое! Ім тады ня трэба нічога ўхваляць ды ўслаўляць, бо што зь яго возьмеш — з вартаўніка ці то качагара!
Але ў СССР свая спэцыфіка — зь яго ня зьедзеш, не ўцячэш. Мяжа на замку. Што ж трымае творчых людзей у сучасных таталітарных краінах, межы якіх яшчэ не (ці то не зусім) замкнутыя?
Не, мы тут не гаворым пра тых, хто публічна падтрымлівае палітыку ўладаў. Бо ёсьць і такія. У суседняй Расеі гэтых «творцаў» — сотні, калі ня тысячы. Ухваляюць. Падтрымліваюць.
Услаўляюць! Іх можна паспрабаваць зразумець — хтосьці стары і ня ў стане аналізаваць рэчаіснасьць, у некага ёсьць тэатр (студыя, прадусарскі цэнтр), таму ён лічыць за лепшае «прагінацца» пад уладу, яшчэ хтосьці ня хоча страціць велізарныя тэрыторыі, на якіх можна зарабляць немалыя грошы, таму сьпяшаецца засьведчыць сваю ляяльнасьць (але і ў гэтым выпадку ніхто ні ад чаго не застрахаваны, і прыклад гэтаму — «голая вечарынка», пасьля якой «паляцелі голавы» нават у, нібыта, адданых прыхільнікаў вайны, забойстваў мірных жыхароў і бамбаваньня ўкраінскіх гарадоў), нехта губляе форму й ня здольны напісаць нешта новае, хаця б такога ўзроўню, як старое, і ўкручваецца ў канцэртовы тур «за вайну» — хоць нешта зарабіць.
У Беларусі таксама ёсьць усялякія мастакі-музыкі, якія «горача падтрымліваюць і ўхваляюць», але гэтым разам мы пра іх гаварыць ня будзем. Можа, як-небудзь потым.
Вось я зараз думаю: што мяне трымала на радзіме столькі гадоў, калі было ўжо абсалютна зразумела, што з гэтай уладай ня тое, што пра супрацу (крый Божа!), а пра мірнае суіснаваньне не вядзецца? Калі з 2004-га году пачаліся забароны, і я разумеў, што, нягледзячы на часовыя адлігі, гэтыя забароны будуць вяртацца зноў і зноў?
Калі прэзэнтацыя альбому «06» была адмененая ў апошні момант, а гаспадар інтэрнэт-кавярні, дзе ўсё мусіла адбывацца (пра нармальныя вялікія залы тады не было й размовы!), быў вымушаны нешта прыдумаць пра “тэхнічныя праблемы” пасьля «ўплывовага тэлефанаваньня»? Калі забаранілі «Крамбамбулю» ў менскім «Рэпабліку», і мы вярталі на марозе квіткі гледачам каля дзьвярэй гэтага клюбу?
Калі, у рэшце рэшт, быў забаронены выніковы канцэрт конкурсу «Засьпявай.BY», дзе я мусіў граць невялікі сэт, і партал TUT.BY гасьцінна прапанаваў сваю пляцоўку ў офісным будынку, і людзей перанакіравалі туды, і я там зайграў, і нараніцы да маёй зусім немаладой маці ўварваліся асобы ў форме і цывільным з крыкамі пра тое, што «ваш сын жорстка парушыў канцэртовае заканадаўства і мусіць панесьці адказнасьць», і яна, да сьмерці напалоханая, дала ім (хаця я папярэджваў, каб яна так не рабіла!) тэлефон маёй здымнай кватэры, і яны прыбеглі туды, а там была адно мая дачка, якая сказала ім, што ня ведае, дзе я на гэты момант знаходжуся, і ў той раз усё на гэтым (незразумела чаму) і суцішылася?
Калі нас за спробу зайграць акустычны канцэрт на адной з цэнтральных менскіх вуліцаў павезьлі ў Цэнтральны РУУС і там трымалі тры гадзіны ў дворыку і пасьля складаньня абсурдовых пратаколаў адпусьцілі?
Што мяне там трымала? Рамантыка супрацьстаяньня? Адрэналін падпольнай барадзьбы? Азарт небясьпечнай гульні? Сувязь з роднай зямлёй? Гатоўнасьць разьдзяліць лёс народу? Ці проста звыклая завядзёнка, якую ня так і проста разбурыць? Звычка жыць там, дзе ты жывеш, прызвычаенасьць да ўмоваў (хай сабе нялёгкіх), у якіх ты існуеш?
У мяне няма адказаў на гэтыя пытаньні. Як няма адказу на пытаньне «чаму шмат незалежных творчых асобаў працягвае заставацца ў Беларусі»? Ня ведаю. Халера яго ведае. Так ужо атрымалася. Так выпалі карты. Так склалася сытуацыя. Лёс склаўся так…
…што «хрусьць! — і папалам».
Читайте еще
Избранное