Вячорка: «Лукашэнка стаў асцярожней. Ён думае пра шляхі адыходу»

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка — пра перамовы з рэжымам і новыя вызваленні палітвязняў.

— Ёсць пэўныя ўмовы: калі Лукашэнка спыняе рэпрэсіі, вызваляе ўсіх палітвязняў, тыя санкцыі, якія былі ўведзеныя за парушэнні правоў чалавека, могуць быць прыпыненыя, не знятыя, — заявіў Франак Вячорка на Обычном утре. — Але ўсё, што тычыцца вайны, удзелу Лукашэнкі ў міжнароднай агрэсіі, міжнародных злачынствах, застаецца.

Дарадца Святланы Ціханоўскай адзначыў, што, дзякуючы дыялогу паміж беларускімі дэмакратычным сіламі і прадстаўнікамі новай адміністрацыі ЗША, стала магчымым вызваленне двух беларускіх палітвязняў і амерыканскага грамадзяніна тыдзень таму.

— Гэта, скажам так, быў пралог, пачатак. Зараз ёсць магчымасць прасунуцца наперад.

Мы бачым, хто бы што ні казаў, Лукашэнку баляць санкцыі, і Крыс Сміт, які вярнуўся з Мінску, пацвердзіў, што вызваленне гэтых людзей — якраз вынік ціску.

Менавіта пад цяжарам міжнароднай ізаляцыі і санкцыйнага ціску Лукашэнка гатовы рабіць саступкі.

У выпадку, калі ён іх сапраўды зробіць, калі гэта не будуць проста словы, проста абяцанні і людзей рэальна выпусцяць, спыняцца рэпрэсіі, то мы, як і абяцалі, будзем прапаноўваць партнёрам змякчыць пэўную частку санкцый.

Цяпер важна фіксаваць, у якім кірунку ідзе маштаб рэпрэсій: ці яны эскалююцца, ці змяншаюцца. У бліжэйшыя тыдні мы павінны адчуць дакладна, як паводзіць сябе рэжым. І ад гэтага ў тым ліку будзе залежыць рэакцыя і магчымасці для працягу дыялогу.

Самае важнае — не дапусціць новых затрыманняў і арыштаў. Другое — трэба прыпыніць любыя суды. Трэцяе, што тычыцца палітвязняў, усе павінны быць выведзены з рэжыму інкамунікада, да іх павінны атрымаць доступ, яны павінны атрымаць медычную дапамогу.

Гэта тое, што можна зафіксаваць. Але цяжка зафіксаваць атмасферу страха. Таму што проста спыненне затрыманняў не значыць, што адразу атмасфера ў грамадстве змякчаецца і мы зноў сябе адчуваем, як у 2019 годзе, і людзі зноў могуць свабодна выходзіць на вуліцы, выказваць свае думкі.

Таксама ёсць пытанне, напрыклад, што рабіць з усімі арганізацыямі, як медыя, як НДА, якія былі вымушаныя выехаць з Беларусі. Ці спыненне рэпрэсій прадугледжвае, што яны ўсе атрымліваюць рэгістрацыю, ці ўсе беларусы могуць вярнуцца назад? — ставіць пытанні Вячорка.

Палітык кажа, што працэс перамоў насамрэч пачаўся яшчэ ў мінулым годзе. Ён складаны і шматступенны, але зараз у яго з’явіліся новыя перспектывы.

— Дыялогі вяліся ўвесь час. Але з прыходам прэзідэнта Трампа з’явілася магчымасць, таму што Лукашэнка адчувае вялікую няўпэўненасць.

Паскараюцца працэсы па Украіне, набліжаюцца мірныя перамовы, невядома, як будзе паводзіць сябе новая адміністрацыя ў дачыненні да краін Усходняй Еўропы. Яна значна больш смелая і рашучая ў сваіх заявах.

Гэта палохае Лукашэнку, таму што, напрыклад, як працаваць з заходнімі дэмакратыямі, ён ведае, бо яны прадказальныя. Ён ведае дакладна, што яны тут не пяройдуць чырвоную лінію, тут праглынуць, а тут праз тры дні забудуць.

У выпадку з Трампам усё абсалютна непрадказальна. Таму Лукашэнка стаў асцярожней. Плюс ціснуць эканамічная і ваенная сітуацыі. Ён таксама думае пра нейкія шляхі адыходу.

Як далёка ён гатовы пайсці, наколькі пуцінскі павадок увогуле дазволіць яму рухацца, таксама вялікае пытанне, — разважае Вячорка.

Але ж ён адзначае, што галоўны напрамак самой Беларусі зараз акрэслены. Гэта стала адным з вынікаў Мюнхенскай канферэнцыі.

— Было важна зазначыць, што мы з украінскай дэлегацыяй сінхранізаваліся па мэсэджах і што мяжа Еўропы павінна прахадзіць на мяжы Усходняй Беларусі. Цяпер гэта афіцыйная пазіцыя Украіны і яна супадае з нашай пазіцыяй.

Беларусь — частка Еўропы, яна павінна быць выцягнутая (з уплыву Расіі). Гэта таксама пацвердзілі і еўрапейскія лідары.

Другі важны вынік — тое, што ёсць давяральныя адносіны з ключавымі асобамі новай адміністрацыі ЗША.

Гэта людзі, якія не працавалі па нашым рэгіёне. Яны нічога не ведаюць пра нашу праблему, наш боль. Думаю, што зараз мы адчыняем новыя дзверы і наступныя паўгода будзем працаваць менавіта ў такім плане адукацыі, — сказаў Вячорка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.9(37)