Вёў сямейны Youtube-канал, працаваў у IT. Што вядома пра палітвязьня Вадзіма Храсько, які загінуў за кратамі
Вадзім Храсько працаваў у сфэры IT. Ягоная фірма абслугоўвала Нацбанк і шэраг іншых дзяржаўных арганізацый. У мужчыны засталася жонка і двое малых дзяцей, піша Радыё Свабода.
Палітвязень Вадзім Храсько памёр у ноч на 9 студзеня ад запаленьня лёгкіх. Яго даставілі з калёніі «Віцьба» у шпіталь, але выратаваць жыцьцё мужчыны лекарам не ўдалося. Мужчыну пахавалі ў Менску. Яму было 50 гадоў.
Працаваў у IT-фірмах, зарэгістраваных у пачатку 1990-х
Паводле інфармацыі, якую можна знайсьці ў сацыяльных сетках Вадзіма, ён спачатку хадзіў у школу ў Заслаўі, потым у Менску. Прафэсійная адукацыя пазначаная як няскончаная. Ягоны бацька Навум, імаверна, мог паходзіць з Латвіі. Чалавек з такімі імём і прозьвішчам ёсьць у сьпісах КПСС у латвійскім архіве.
Вадзім жыў у Менску. Працаваў у сфэры IT, у фірмах, якія займаліся распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня з пачатку 1990-х гадоў. Адно зь першых месцаў працы — замежнае прадпрыемства «Лаппа ИП», якое існавала з 1991 году. Офіс месьціўся на тэрыторыі Акадэміі навук.
Апошнім месцам працы Вадзім пазначыў кампанію «Авест». Ён быў кіраўніком групы. Там ён працаваў з 2000 году.
Гэта прыватная кампанія, якая распрацоўвала праграмнае забесьпячэньне крыптаграфічнай абароны інфармацыі, абараняла бізнэсы ад кібэратакаў. Ейнымі кліентамі былі Нацбанк, Міністэрства падаткаў і збораў, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, Міністэрства працы, Беларуская чыгунка, Белагрампрамбанк і некаторыя іншыя банкі.
Вёў сямейны Youtube-канал, глядзеў «Жыцьцё-маліна»
Вадзім вёў старонку ў сацыяльных сетках на расейскай мове. Публікаваў там у асноўным фота і відэа з жонкай і старэйшай дачкой. Ягоная жонка паходзіць з Татарстана, там жа пара ўзяла шлюб. У сям’і двое дзяцей, 5 і 9 гадоў.
Мужчына нават меў свой невялікі Youtube-канал зь сямейнымі відэа. Ён фіксаваў, як старэйшае дзіця пачынае хадзіць, бавіцца, сьвяткуе народзіны. «Прамень сонца залатога», — падпісаў ён адзін з фатаздымкаў з дачкой. Апошняя ягоная публікацыя ў сетках была ў 2017 годзе.
Вадзім глядзеў беларускі Youtube-канал Мікіты Мелказёрава «Жыцьцё-маліна», перадачы расейскага журналіста Ільлі Варламава і дакумэнтальныя фільмы пра прыроду. Слухаў гурт Depeche Mode і цікавіўся, як можна зрабіць пляж з басэйнам дома.
Адправілі на тры гады ў калёнію за некалькі данатаў
Вадзіма Храсько затрымалі летась у красавіку незадоўга да ягонага дня нараджэньня. У жніўні яго асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму за некалькі данатаў. Артыкул гучыць як «фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня».
Дэталі справы невядомыя, але такой арганізацыяй мог быць, прыкладам, BySol, які зьбірае грошы для рэпрэсаваных беларусаў, або полк Каліноўскага, які ваюе на баку Ўкраіны.
Храсько спрабаваў абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе, але яго пакінулі ў сіле, нягледзячы на сур’ёзнае захворваньне мужчыны. Да таго ж МУС унесла яго ў «сьпіс экстрэмістаў».
Палітвязьня накіравалі ў калёнію пад Віцебскам, дзе сядзіць шмат былых чыноўнікаў, сілавікоў, эканамічных злачынцаў. Там ён прабыў каля двух месяцаў.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо чацьвёртая сьмерць у зьняволеньні асуджанага па палітычных матывах. 21 траўня 2022 года ў шклоўскай калёніі № 17 (Магілёўская вобласьць) памёр 50-гадовы актывіст і грамадзкі дзеяч Вітольд Ашурак, 7 траўня 2023-га ў віцебскай калёніі — 61-гадовы блогер і актывіст Мікалай Клімовіч з хворым сэрцам. 11 ліпеня 2023 — прывезены ў бальніцу з горадзенскай турмы № 1 57-гадовы мастак Алесь Пушкін, у якога дыягнаставалі прабадную язву.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное