Як былы супрацоўнік калгасу стаў буйным бізнесоўцам і адраджае старадаўнюю сядзібу
У межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» – гісторыя жыцця жыхара Карэліцкага раёна Уладзіміра Кветкі, які ўкладае грошы ў адраджэнне сядзібы, дзе нарадзіўся знакаміты фатограф першай паловы XX стагоддзя Ян Булгак.
Вёска Асташын сёння выглядае як тысячы іншых беларускіх вёсак. За адным выключэннем – прадпрымальнік Уладзімір Кветка аднаўляе тут старадаўнюю сядзібу. На працягу многіх гадоў ёю валодалі некалькі гаспадароў. Сярод іх ў канцы XIX стагоддзя была сям’я Булгакаў, з якой выйшаў знакаміты фатограф Ян Булгак. Родныя мясціны, у тым ліку Асташын, ён апісаў у кнізе «Край дзіцячых гадоў».
Сядзіба ў Асташыне, 1914 год
Сядзіба пасля вайны, у 1922 годзе. Здымак з архіва Irena Chuchla. Як указвае Уладзімір Кветка, рэшткі лесвіцы знаходзяцца сёння пад зямлёю
Як зарабіў грошы
– Мне 36 гадоў, я нарадзіўся ў 8 км ад Асташына ў вёсцы Унехава. Па адукацыі – эканаміст. Скончыў Навагрудскі сельска-гаспадарчы тэхнікум, затым БАТУ.
15 гадоў працаваў у калгасе ў вёсцы Лукі, ад якога атрымаў кватэру. Затым заняўся будоўляй, арганізаваў фірму, у якой яшчэ два гады працавалі каля 70 чалавек. Сёння гэты бізнес падыходзіць да фіналу. Эканамічная сітуацыя ў краіне не спрыяе: прыходзіцца чакаць, калі разлічацца, хадзіць і прасіць свае ж грошы. Таму я вырашыў заняцца фермерствам і яшчэ больш шчыльна – аднаўленнем сядзібы. Узяў вакол яе ў арэнду 42 га зямлі, ужо пасадзіў 8 га бульбы, каб на восень з’явіліся першыя сродкі.
Хацеў стаць гісторыкам, але лёс распарадзіўся інакш
– Адкуль у мяне цікавасць да гісторыі? Я ж пасля школы хацеў паступаць на гістарычны факультэт у Магілёў. Але маці і бацька не пусцілі, пабаяліся, што для сельскага жыхара гэта занадта ж няблізка – я да 11-га класа дрэнна пераносіў дарогу і далёка амаль нікуды не выязджаў. Да таго ж у той момант узніклі праблемы са здароўем: атрымаў пасля купання запаленне лёгкіх. Таму ў выніку і паступіў у суседні з Карэліцкім раёнам Навагрудак.
Як палюбіў Асташын
– Я быў паляўнічым. За дзень праходзіў па ваколіцах па 25-30 км. Справа ж не толькі ў паляванні на жывёл, а ў жаданні палюбавацца краявідамі. Так і зацікавіўся гісторыяй сядзібы. Пры мне на гэтым месцы знаходзіліся калгасныя склады, а калі яны выехалі, будынкі прыйшлі ў запусценне. Яшчэ б гадоў 5-6 і тут засталіся руіны.
Не ведаю, як вам гэта растлумачыць, але неяк зайшоў у склеп аднаго з будынкаў, запоўненага смеццем, і ў мяне ў вачах адразу паўстала: вось тут будуць дубовыя сталы, вось тут більярд...
Загарэўся і пачаў рухацца ў гэтым накірунку. Знайшоў паразуменне з мясцовымі ўладамі. Да здзіўлення, ідэю падхапілі на ўсіх узроўнях: і старшыня райвыканкама, і старшыня калгаса. Хаця ўпэўнены на 100%, што ні адзін з іх да канца не верыў, што я змагу ажыццявіць ідэю: ну знайшоўся дурань, які хоча гэтым заняцца, чаму б і не. Я ж мясцовы, не прыехаў адкульсьці з чамаданам грошай.
Колькі грошай уклаў
– Напэўна, можна трохі сябе пахваліць – хватка ў мяне ёсць: за месяц я зрабіў усе дакументы, выкупіў два з трох будынкаў. Гэта быў 2008 год. У красавіку пачаў працы, у канцы мая стаў гаспадаром, а ў ліпені быў ужо тут прапісаны – гэта патрабавалася, каб атрымаць крэдыт пад нізкі працэнт па лініі агратурызму. Мне тады трохі не пашанцавала: якраз выдачу гэтых крэдытаў прыпынілі ў сувязі з выпадкамі немэтавага выкарыстання. Але праз паўгады пасля іх аднаўлення я стаў першым у краіне, хто атрымаў грошы.
Мне далі на асваенне 50 млн. На іх я змог зрабіць лазню, перакрыць дах, набыць більярд і яшчэ на нейкую дробязь. Больш дапамогі з таго часу не было.
Спачатку як эканаміст я лічыў, колькі сродкаў ідзе на сядзібу. Але калі з’явіліся спісаныя паўагульныя сшыткі, то вырашыў іх спаліць. Перастаў рабіць падлікі па адной простай прычыне: каб не хвалявацца.
Першыя два будынкі-руіны я выкупіў дзесьці па 5 тысяч даляраў за кожны. Трэці – за 6,5 тысяч. За адну базавую мне ніхто нічога не прадаў :) Плюс афармленне зямлі.
Калі сёння чалавек першы раз прыедзе на сядзібу, то ацаніць аб’ём зробленага не здолее. Убачыць роўнае поле збоку і нават не задумаецца пра яго. А ў 2008 годзе тут стаялі старыя бетонныя сенажныя ямы. Каб іх ліквідаваць, я за 100 км адсюль прыганяў трактар.
Сама будоўля больш прыемны момант, чым усё гэта выпраўленне. Забіў адзін цвік – ужо рух наперад. А ў зямлю, каб яна стала выглядаць прывабна, было закапана столькі грошай... Гэта пякельная работа, якой не відаць.
Пра крытыку
– Чатыры гады таму пра сядзібу ў Асташыне пісала «Наша Ніва», у каментарах на сайце мяне крытыкавалі. Пісалі, да прыкладу, што не варта ставіць у будынках старой сядзібы пластыкавыя шклопакеты.
З аднаго боку, заўвага слушная. З іншага – людзі не разумеюць рэалій. Напісалі, што ў такім месцы павінны быць дубовыя шклопакеты (хаця ў Булгакаў іх не было). Але ж адзін такі шклопакет будзе каштаваць каля тысячы даляраў. Аддаць 5 тысяч за вокны ў адным памяшканні? Прабачце, у мяне такой магчымасці няма. Я спрабаваў званіць у польскую амбасаду, але зразумеў, што мы нікому не патрэбны, пакуль самі нешта не зробім. Спадзявацца варта толькі на сябе.
Каб зрабіць копію той сядзібы, трэба атрымоўваць прыбытак. Я не мільянер. Акрамя душы трэба ж яшчэ забяспечваць сям’ю. Таму падзяліў працу па аднаўленні сядзібы на некалькі этапаў. Першы будынак я ўжо адрамантаваў, некалькі гадоў прымаю тут гасцей (да 10 чалавек), што прыносіць нейкія грошы.
Выгляд з спальні на возера
Зараз дабудоўваю другі будынак, у якім знаходзяцца тры аўтаномныя спальні, куды ўжо можна заносіць мэблю. Думаю, запушчу яго ў гэтым годзе.
У трэцім будынку размесціцца банкетны зал і спальні. Тэрміны сканчэння гэтай працы называць не рызыкую.
Калі ўсё запрацуе, то можна будзе надаваць будынкам старадаўні выгляд, як на фотаздымках, – таксама паступова, адзін за адным. Да прыкладу, перарабляць дахі пад двухузроўневыя.
Пра канфлікт з мясцовымі, які вырашыўся
– Усім людзям дагадзіць немагчыма. Я хоць і мясцовы жыхар, але паразуменне з вяскоўцамі знайсці было няпроста, бо на замлі з’явіўся гаспадар. Азёры каля сядзібы раней былі калгаснымі, а затым я забраў іх ў арэнду. Прыгнаў эскаватар на два тыдні, за арэнду якога плаціў 35 даляраў у гадзіну, спусціў і поўнасцю вычысціў возера, зарыбіў яго. А людзі ж прывыклі тут лавіць, не хацелі разумець, што месца стала прыватнай уласнасцю, што за рыбалку трэба плаціць.
На прэтэнзіі я адказваў адным пытаннем: дык а чаму вы не ўзялі азёры ў арэнду? Трэнні цягнуліся можа з некалькі гадоў, пакуль дзякуючы напорыстасці і міліцыі я не змог прывучыць людзей, што гэта не калгаснае, што гэта прыватнае.
Сёння да мяне з задавальненнем прыязджаюць людзі. Такога нізкага кошту на рыбалку, відаць, у краіне няма. 25 тысяч за ўваход, а на выхадзе – 25 тысяч за кілаграм карпа. Калі карась – ніхто вас чапаць не будзе. Учора вось у мяне 5 кг карпа рыбак злавіў.
Пра гісторыю пад нагамі
– Мы вельмі мала ведаем сваю гісторыю. А яна, як кажуць, літаральна пад нагамі. Зусім побач з сядзібай у Асташыне яшчэ 100 гадоў таму стаяў кальвініскі збор.
1914 год. Фота radzima.org
Падчас Першай сусветнай вайны рускія ўсталявалі там на вежы дазорны пункт (фронт стаяў на суседняй рацэ Сервеч), з-за чаго ён і быў знішчаны немцамі.
За Мірам у Карэліцкім раёне знаходзіцца вёска Сімакова. Праязджаеш яе – злева роўнае поле і справа роўнае поле. Здаецца, ну што тут такога? Але калі ведаць, што менавіта пад Сімакова быў першы бой у 1812 годзе паміж расійскім войскам і войскам Напалеона, то як можна заставацца да гэтага абыякавым? Глядзіш і разумееш, што каб выстраіць арміі, патрэбна было менавіта такая роўная пляцоўка.
Чаму Беларусь не Польшча
– У 5-6 гадзін раніцы ў палякаў ужо ўсе шавеляцца і бегаюць, на кожнай вуліцы людна. Людзі прывыклі працаваць. А ў нас большасць прывыкла скардзіцца на тое, як цяжка жыць, як няма ўмоваў. Але на простае пытанне «а што ты зрабіў, каб жыць лепей?» у іх адказу няма. Змяняць у краіне трэба шмат, але пачынаць трэба з невялікага. Замест таго, каб стаяць і размахваць рукамі «ой, мы страцілі гэта і гэта», варта паспрабаваць самому нешта зрабіць. Цяжка толькі першыя 100 гадоў, далей будзе прасцей :)
«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Чакаем вашых прапаноў і запрашэнняў у госці на кухонныя пасядзелкі на [email protected]
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное