Общество
Сяргей Навумчык, Радыё Свабода

Як Карпенку выключылі з барацьбы

17 верасня Генадзю Карпенку – дэпутату Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў, члену-карэспандэнту Акадэміі навук – споўнілася б 65 гадоў.

Той званок ад Генадзя Карпенкі ў траўні 94-га быў нечаканы.

І не таму, што вельмі рана (недзе а восьмай), а таму, што Карпенка ніколі мне дахаты не тэлефанаваў. Ён увогуле ніколі мне не тэлефанаваў. Размова была кароткая.

– Сяргей, прывітаньне, гэта Карпенка. Ты будзеш дома ў бліжэйшыя паўгадзіны?

– Так.

– Дык тады мы з Антончыкам падскочым.

– А што здарылася?

– Ды нічога асаблівага. Я тут подпісы дэпутатаў зьбіраю за сваё вылучэньне.

– Генадзь Дзьмітрыевіч, кажу як ёсьць: я ў камандзе Пазьняка і Вы самі разумееце, што гэта будзе дрэнна выглядаць: і з тым, і з тым. Зразумейце мяне правільна.

– Сяргей, разумею. Няма праблемы.

Ганна Ахматава казала: «Калі я бачу ва ўспамінах дыялёгі – я адкладаю кнігу». Мелася на ўвазе, што мэмуарыстыка – жанр дакладны, гэта – не бэлетрыстыка, дзе дыялёгі нараджаюцца аўтарскай фантазіяй. А прыгадаць праз гады гутарку даслоўна – немагчыма. Вялікая паэтэса мела рацыю, але не ва ўсім. Шмат што залежыць ад памяці. У сваіх нататках я вельмі рэдка прыводжу наўпроставыя выказваньні – толькі тыя, якія памятаю дакладна. І якія гучаць ува мне з інтанацыяй, нібы пачуў іх толькі што. Іх ня так ужо шмат, і гэтая размова з Карпенкам – адзін з такіх дыялёгаў.

Сытуацыя для абодвух была ня самая прыемная: выглядала, што Карпенка прапаноўваў мне не зусім джэнтльмэнскі ўчынак, а я – адмовіў у просьбе, якая, у прынцыпе, мне нічога не каштавала.

І было б нармальна, калі б нашы адносіны пасьля гэтага зрабіліся кепскімі.

Але здарылася наадварот: якраз з гэтага моманту ў мяне пачалі складвацца добрыя стасункі з Карпенкам, бо да гэтага мы хіба толькі віталіся пры сустрэчах.

З Карпенкам у мяне сапраўды не было сяброўства, і доўгі час мы ў Апазыцыі БНФ не ўспрымалі яго як надзейнага патэнцыйнага партнэра. Трэба прызнаць, што сам Генадзь Дзьмітрыевіч даваў для гэтага падставы.

Між іншым, пра яшчэ адну асаблівасьць (ці, у яе разуменьні, загану) мэмуарыстыкі Ахматава не ўзгадала – гэта перанос цяперашніх ацэнак асобаў і падзеяў у мінулае, і сьвядомае альбо ненаўмыснае іх скажэньне.

Так адбылося і з Карпенкам.

Праз дваццаць гадоў пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў пра Карпенку часам пішуць як пра страчаны шанец, як пра палітыка, які мог бы перамагчы Лукашэнку і быў бы непараўнальна лепшым за абранага прэзыдэнта. Першае – спрэчнае (а для мяне – дык адназначнае: Карпенка прайграў бы Лукашэнку, калі б выйшаў зь ім у другі тур, чаму – пра гэта ніжэй). А вось з другім цяжка не пагадзіцца. Але можна сьмела сьцьвярджаць, што ці ня кожны другі грамадзянін Беларусі быў бы лепшы за таго, хто атрымаў перамогу. Але гэта – з пазыцыі менавіта цяперашняй. Тады ж, вылучаючы кандыдатаў, палітычныя сілы выбіралі не выпадковага «другога сустрэчнага», а асобу, у якой яны былі ўпэўненыя.

У 1994-м такой упэўненасьці Генадзь Карпенка не даваў.

... Генадзь Карпенка быў абраны ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня з пасады дырэктара завода парашковай мэталургіі, што ў Маладзечне. У тым жа 1990-м годзе абараніў доктарскую дысэртацыю. Для 41-гадовага гэта была бліскучая кар’ера. Абраньне ж яго на першай сэсіі Вярхоўнага Савету старшынём парлямэнцкай камісіі па навукова-тэхнічным прагрэсе (што аўтаматычна рабіла яго членам Прэзыдыюму), вынесла яго на палітычны Алімп.

У 1991-м Карпенка ўзначаліў гарвыканкам Маладзечна, запрасіўшы ў намесьнікі Віктара Ганчара.

(У тым жа 1991 годзе Аляксандар Лукашук разам зь Юрыем Гарулёвым зьняў дакумэнтальны кінафільм «Дэпутаты», дзе галоўнымі героямі быў Карпенка, Ганчар і аўтар гэтых радкоў. Фільм прайшоў у кінатэатрах, потым яго паклалі на паліцу. Некаторыя эпізоды з фільму часта выкарыстоўваюцца ў стужках і перадачах БТ, але, канешне, бяз нас. Цалкам гэты фільм у апошнія 20 гадоў не паказвалі.)

Карпенка стварыў самыя лепшыя ў Беларусі ўмовы для бізнэсу, менавіта у Маладзечне (а ня Менску) былі зарэгістраваныя шмат якія найбуйнешыя ў краіне прыватныя фірмы. Карпенка перайменаваў вуліцы, ліквідаваўшы савецкія назвы. 25 сакавіка 1993 году ў горадзе быў адкрыты мэмарыяльны камень «Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі». У Маладзечне праводзіўся музычны і тэатральны фэстывалі.

У апошніх некаторыя бачылі памкненьне Карпенкі да самарэклямы, жаданьне «засьвяціцца» разам з эстраднымі ды тэатральнымі зоркамі.

Аднак кожную станоўчую ініцыятыву якога заўгодна палітыка можна аднесьці да самарэклямы, пытаньне ў тым, наколькі карысна гэта для грамадзтва. Напрыклад, «Славянскі базар» у Віцебску ад пачатку меў прарасейскую, праімпэрскую арыентацыю, у Маладзечне ж нічога падобнага не было. Гэта былі імпрэзы з выразна беларускім калярытам.

Словам, Карпенку можна было б назваць калі не ідэальным, дык узорным мэрам.

Але на агульнанацыянальнай палітычнай арэне, у парлямэнце, ягоная дзейнасьць падавалася супярэчлівай.

З 1991 году Карпенка ўзначаліў Партыю народнай згоды (ПНС), у якой пераважна на ключавых пасадах была намэнклятура «другога эшалёну». Працытую характарыстыку партыі, дадзеную ў дасьледаваньні «Трансфармацыя шматпартыйнай сыстэмы ў Беларусі» Галіны Дракахруст, Юрыя Дракахруста і Дзьмітрыя Фурмана. Яны пісалі, што створаная «у значнай меры «пад» яркую постаць свайго лідэра, дэпутата ВС, папулярнага мэра горада Маладзечна Генадзя Карпенкі, якому тады прадракалі бліскучую палітычную будучыню.

У яе ўвайшло шмат прадстаўнікоў кіруючай эліты, так бы мовіць, «сярэдняй рукі», якіх адпуджваў радыкалізм БНФ і неабходнасьць у ім вучыць беларускую мову і якім не знайшлося «годнага месца» ва ўладных структурах. Хоць лідэры ПНС шырока карысталіся дэмакратычнай рыторыкай, ідэалёгія яе была абсалютна невыразнай. (Пасьля галоўны лідэр ПНС Г. Карпенка апынецца выгнаным зь яе шэрагаў, а шэраг лідэраў другога эшалёну стануць «паплечнікамі» Лукашэнкі.)»

Усе тры гады, якія правёў Карпенка ў Вярхоўным Савеце перад прэзыдэнцкімі выбарамі, ён вагаўся паміж дэмакратамі і намэнклятурай. У 1991-м Карпенка прагаласаваў за незалежнасьць, падтрымліваў большасьць заканадаўчых прапаноў Апазыцыі БНФ. Аднак у студзені 1994-га выказаўся за адстаўку Станіслава Шушкевіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савету, а ў сакавіку падтрымаў увядзеньне ў Канстытуцыю разьдзелаў аб прэзыдэнцтве, супраць чаго выступаў Народны Фронт.

Пазыцыя Карпенкі шмат у якіх важных пытаньнях падавалася нам нявызначанай.

І тым ня менш, Народны Фронт не варожа паставіўся да прэзыдэнцкіх амбіцый Карпенкі: мы ведалі, што ён не рабіў нічога, што ставіла б пад пагрозу незалежнасьць Беларусі (у адрозьненьне ад Шушкевіча, які ў 93-ім «рублёвую зону» падтрымліваў, і Дамову аб Калектыўнай бясьпецы СНД падпісаў).

Што, між іншым, абвяргае сьцьвярджэньні пра нібыта няздольнасьць Пазьняка да кампрамісаў.

Нідзе і ніколі ніхто зь лідэраў ці актывістаў БНФ не сказаў на адрас Карпенкі ніводнага дрэннага слова.

Пяць дэпутатаў Апазыцыі БНФ паставілі за Генадзя Карпенку свае подпісы.

Потым можна было сустрэць меркаваньне, што паміж БНФ і Карпенкам існавала дамова: дэпутаты ставяць подпісы, а ён дапамагае зьбіраць подпісы за Пазьняка ў Маладзечне. Гэта – няпраўда, ніякай дамоўленасьці не было. БНФ быў упэўнены, што зьбярэ подпісаў нашмат больш, чым патрэбныя для рэгістрацыі 100 тысяч. Так і атрымалася – сабралі 232 тысячы. Ставячы подпісы за Карпенку, дэпутаты Апазыцыі кіраваліся хутчэй асабістымі адносінамі (напрыклад, Сяргей Антончык быў ягоным бліжэйшым сябрам, і было б дзіўна, калі б ён яму адмовіў).

У траўні 1994 году аналітычны выпуск інфармагенцтва «Павет» заўважаў:

«Некаторыя дэмакратычныя лідэры скептычна ацэньвалі шанцы Карпенкі пры зборы подпісаў. Рэйтынг Карпенкі паступова падвышаецца, але і палітыкі, і экспэрты лічаць, што перамога Карпенкі на цяперашніх выбарах малаверагодная. Аднак у яго вялікія шанцы стаць прэм’ерам у выпадку перамогі шмат каго зь цяперашніх кандыдатаў. Таму дэпутаты ахвотна падпісваюцца за ягонае вылучэньне ў прэзыдэнты, відавочна, чакаючы, што ў будучым Карпенка не забудзе іх падтрымкі. Апазыцыя не імкнулася сабраць дэпутацкія подпісы за Пазьняка, і таму пяцёра дэпутатаў (Антончык, Беленькі, Голубеў, Заблоцкі, Зданевіч) таксама падпісаліся за Карпенку. Акрамя таго, за Карпенку падпісаліся восем дэпутатаў фракцыі Сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) на чале зь лідэрам БСДГ Алегам Трусавым.

Аднак БСДГ падтрымлівае ў прэзыдэнцкай кампаніі Станіслава Шушкевіча.

Адносіны паміж Карпенкам і Шушкевічам выключна напружаныя вось ужо некалькі гадоў. Але, як гэта не парадаксальна, электарат Шушкевіча, Карпенкі і Кебіча шмат у чым супадае. Прычына гэтага ў тым, што, пры рознасьці сваіх пазыцыяў, усе трое ва ўспрыманьні большасьці насельніцтва належаць да «памяркоўных» палітыкаў. Таму вылучэньне Карпенкі адымае частку галасоў патэнцыйных прыхільнікаў як Шушкевіча, гэтак і Кебіча. Пасьля таго, як выявілася, што Карпенка набраў неабходную колькасьць подпісаў дэпутатаў, у камандзе Шушкевіча пачалася паніка.

Дэпутаты БСДГ зьвярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію з заявай, што яны адклікаюць свае подпісы за Карпенку. Адклікаў свой подпіс і Дзьмітры Булахаў. (подпіс Булахава, які ўзначальваў ініцыятыўную групу па збору подпісаў за Лукашэнку, была са згоды Карпенкі замененая на подпіс Івана Ціцянкова. – С.Н.) Акрамя таго, у падпісным лісьце Карпенкі знайшоўся подпіс, аддадзены і за Вячаслава Кебіча (ён, паводле Закону, ня мае юрыдычнай сілы). Такім чынам, калі Цэнтральная выбарчая камісія прызнае права дэпутатаў адклікаць свае подпісы, у Карпенкі застанецца 68 подпісаў (неабходна 70). Дэпутаты БНФ ня будуць адклікаць свае подпісы.

Безумоўна, што і з 112 тысяч подпісаў грамадзян некаторая колькасьць будзе забракаваная. Калі колькасьць сапраўдных подпісаў будзе менш за 100 тысяч, дык Карпенка ня будзе зарэгістраваны кандыдатам у Прэзыдэнты.

Гэты варыянт будзе вельмі прымальны для Вячаслава Кебіча. Аднак наўрад ці выйгрыш, атрыманы Станіславам Шушкевічам, будзе большым, чым нэгатыўныя наступствы гэтага кроку. Ужо цяпер учынак БСДГ атрымаў асуджэньне ў дэмакратычных колах як прыклад «бруднай палітыкі». Учынак ацэнены таксама і як удар па і бяз гэтага нетрываламу адзінству дэмакратычных сілаў. Гэта кідае цень і на Станіслава Шушкевіча і вельмі аслабляе ягоны аўтарытэт у дэмакратычна арыентаванай часткі насельніцтва».

Гэты прагноз быў зроблены ў апошні тыдзень траўня 1994 году, за некалькі дзён да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Прагноз спраўдзіўся – у дзень рэгістрацыі Карпенка пазбавіўся магчымасьці балятавацца ў прэзыдэнты краіны.

Вось як разьвіваліся падзеі.

Калі на рэгістрацыі кандыдатаў 31 траўня чарга дайшла да Карпенкі, старшыня Цэнтравыбаркаму Аляксандар Абрамовіч паведаміў, што са 108 354 сабраных подпісаў сапраўднымі прызнаныя 93 472 – гэта значыць, неабходных для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў Карпенка не набраў. Адначасна з 78 дэпутатаў 14 дэпутатаў Вярхоўнага Савету адклікалі свае подпісы. Такім чынам, засталіся 64 подпісы – пры тым, што Закон патрабуе 70.

Абрамовіч назваў аргумэнты «за» і «супраць» таго, каб прызнаць права дэпутатаў на адкліканьне подпісаў. Выказаліся і некаторыя члены ЦВК. На думку прысутных, большасьць членаў ЦВК схіляліся да таго, каб не рэгістраваць Карпенку. Зразумела, што вырашыць гэта магло толькі галасаваньне.

Але да галасаваньня не дайшло.

Нечакана Карпенка папрасіў слова і прачытаў заяву (адразу пасьля выступу ён даў мне копію, тэкст быў падрыхтаваны загадзя):

«Незалежна ад рашэньня, якое мусіць прыняць сёньня Цэнтральная выбарчая камісія, будзе яно для мяне станоўчым ці адмоўным, я загадзя здымаю сваю кандыдатуру, бо лічу, што як і ў палітыцы, так і ў жыцьці трэба падлічваць і карыстацца толькі ЧЫСТЫМІ (курсіў Карпенкі – С.Н.) галасамі. Брудныя ж выкідаюць на сьметнік. Адпаведная пісьмовая заява з маім подпісам пададзена ў Цэнтральную выбарчую камісію да канца рэгістрацыйнага тэрміну кандыдатаў у Прэзыдэнты нашай Рэспублікі.

Гэта заява афіцыйная і хачу падкрэсьліць, што я дастаткова паважаю сябе самога, каб НІКОЛІ не адмаўляцца ні ад сваіх слоў, ні ад свайго подпісу. Шчыра дзякую членам ініцыятыўнай групы за працу. Шчыра дзякую народным дэпутатам, усім грамадзянам нашае Радзімы, хто сумленна паставіў свой подпіс у маю падтрымку. Нават у тым выпадку, калі па нейкай недарэчнасьці гэтыя подпісы былі абвешчаныя несапраўднымі. Дзякую за ўвагу».

Карпенка падаў аркуш паперы Абрамовічу.

На гэтым прэзыдэнцкая кампанія 1994 году ў якасьці патэнцыйнага кандыдата для яго была скончаная.

«Мы толькі паспрабавалі, пройдзе час – і сваё возьмем» – сказаў мне праз пару дзён у буфэце гатэлю «Кастрычніцкая» кіраўнік штабу Карпенкі драматург Аляксей Дудараў.

Для Карпенкі гэтыя словы ня спраўдзіліся.

Хаця ацэнка адкліканьня подпісаў у дэмакратычнай супольнасьці была дадзеная адразу, да гэтага часу, як гэта ні дзіўна, так і ня быў зроблены аналіз дзеяньняў ні дэпутатаў, ні магчымых варыянтаў дзеяньняў самога Карпенкі.

Спачатку – пра дэпутатаў.

Адкліканьне подпісаў выклікала абвінавачаньне ў немаральнасьці. Я не зьбіраюся даваць ацэнкі менавіта ў гэтай, маральнай плоскасьці, але вось што прыкметна: за мінулыя пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў гады ў бок дэпутатаў з фракцыі БСДГ гучалі папрокі, што яны непрыгожа абышліся з Генадзем Карпенкам. Але ніколі не казалася, што да таго, як адклікаць подпісы за лідэра Партыі народнай згоды, дэпутацкая фракцыя БСДГ ужо зрабіла ўчынак, які ніяк нельга назваць прыкладам палітычнай пасьлядоўнасьці.

Увесь папярэдні час сацыял-дэмакраты ўваходзілі ў склад Апазыцыі БНФ, былі неаддзельнай яе часткай, мне было б нават цяжка сказаць, чым дэпутаты – сябры БСДГ адрозьніваліся ад «чыстых» фронтаўцаў. Мы вызнавалі адзіныя палітычныя прынцыпы, выступалі з адзінай эканамічнай праграмай, разам працавалі над законапраектамі, прымалі сумесныя заявы.

Гэта была тая самая згуртаванасьць дэмакратычных сілаў, пра якую як пра неабходную ўмову перамогі дэмакратыі казаў Васіль Быкаў. Мы сумесна перажылі драматычныя падзеі жніўня 1991-га (і ў будучыні будзем разам у ноч з 11 на 12 красавіка 1995-га).

І таму маўклівая, ніякім чынам публічна не абгрунтаваная адмова фракцыі БСДГ падтрымаць на выбарах лідэра Апазыцыі БНФ Пазьняка і агітацыя за Шушкевіча (тым больш, што члены фракцыі бачылі стаўленьне Шушкевіча да апазыцыі ў папярэднія гады) – гэта было невытлумачальна.

Я не хачу апраўдваць «шараговых» дэпутатаў, але ў выпадку з Пазьняком мела месца партыйная дысцыпліна, выкананьне рашэньня кіраўніцтва партыі. Той жа самай прычынай тлумачылі дэпутаты – члены фракцыі БСДГ і адкліканьне подпісаў за Карпенку: рашэньне кіраўніцтва партыі. Таму палітычная адказнасьць за абодва дзеяньні найбольш кладзецца на лідэра партыі Алега Трусава. Але ў выпадку з Карпенкам яе павінен падзяліць (прычым, магчыма, узяць на сабе большую частку гэтай адказнасьці) і той, у чыёй камандзе былі, на каго працавалі дэпутаты з фракцыі БСДГ – кандыдат у прэзыдэнты Станіслаў Шушкевіч.

Акрамя іншых ацэнак адкліканьня подпісаў, яно яшчэ зьвязвалася з імем Шушкевіча і давала магчымасьці для абвінавачваньня яго ў імкненьні выключыць з гульні суперніка, прычым выключыць ня самым прыстойным чынам.

«Як Вы ацэньваеце дэмарш спадара Трусава з адкліканьнем подпісаў? – запыталася ў Станіслава Шушкевіча карэспандэнтка газэты «Белорусский рынок» Тацьцяна Манёнак. «Калі са мной на этапе збору подпісаў дэпутаты раіліся, я адказаў: калі б Карпенка да мяне зьвярнуўся, я б паставіў подпіс у яго падтрымку, – адказаў Шушкевіч. – Але, відаць, сам Карпенка палічыў гэта не зусім зручным. Калі ж пачалі пытацца, ці зьняць подпісы, я адказваў: «Прабачце, я ня раіў вам ставіць і не магу раіць здымаць».

Ня ведаю, навошта гэтыя маніпуляцыі рабіліся. Мне не зусім зразумелая пазыцыя многіх сацыял-дэмакратаў. Думаю, у іх асабістыя крыўды. Калі я правільна разумею, у Грамады і ПНС існуе дамоўленасьць, у якую яны мяне не пасьвячалі. Я заўсёды выказваўся на сходах – хай зьбіраюць подпісы за ўсіх дэмакратычных кандыдатаў. Але далей пачаўся нейкі гандаль. Я шчасьлівы, што ня маю да гэтага ніякіх адносінаў» («Белорусскій рынок», № 24, 29 траўня – 4 чэрвеня 1994 г.).

Такое тлумачэньне (дакладней, адмова ад яго), нежаданьне ўзяць на сабе адказнасьць за дзеяньне сваёй групы падтрымкі аднавіла традыцыйныя папрокі Шушкевічу ў тым, што ў яго альбо няма каманды зусім, альбо ён няздольны кантраляваць «сваіх» людзей. Час пацьвердзіў першае: адразу пасьля выбараў каманда Шушкевіча распалася: Трусаў і дэпутаты БСДГ вярнуліся да Пазьняка, былы міністар унутраных спраў Ягораў і старшыня Нацбанку Багданкевіч пайшлі да Лукашэнкі.

Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што нешта падобнае адбылося і з камандай Карпенкі – яна рассыпалася. Большая частка намэнклятурных фігураў з Партыі народнай згоды пасьля выбараў апынулася ў Лукашэнкі.

На наступны дзень пасьля рэгістрацыі аглядальнік «Звязды» Валянцін Жданко напісаў:

«У свой час спадар Карпенка ня раз у зале паседжаньняў дакараў экс-сьпікера (Шушкевіча – С.Н.) за тое, што не падабраў дастойнай каманды, акружыў сябе выпадковымі людзьмі, на якіх нельга спадзявацца... Парадаксальна, але і сам спадар Карпенка стаў ахвярай уласнай неабачлівасьці, паспадзяваўшыся на падтрымку тых, на каго – як паказаў ход падзей — яму ня варта было разьлічваць. Зрэшты, магчыма, гэта нейкая ўнутраная глыбінная ўласьцівасьць нашага дэпутацкага корпусу ўвогуле: спачатку прыняць рашэньні, потым адмаўляцца ад іх... Успомнім хоць бы гісторыю з абяцаньнем правесьці датэрміновыя парлямэнцкія выбары (дадзенае ўвосень 1992 году замест прызначэньня рэфэрэндуму, за які БНФ сабраў больш як 440 тысяч подпісаў – С.Н.). («Звязда», 1 чэрвеня 1994 г.).

А вось як пракамэнтаваў сытуацыю газэце «Белорусская нива» сам Карпенка.

«Сытуацыя дастаткова простая. Яна тлумачыцца толькі маральнымі якасьцямі, думаю. Як самой ініцыятыўнай групы і яе старшыні таварыша Трусава, так і той кандыдатуры, якую яны падтрымліваюць на будучых выбарах – Станіслава Станіслававіча Шушкевіча. Больш мне дадаць няма чаго. Я думаю, у гэтым брудзе мне разьбірацца няма патрэбы. Хай прэтэндэнт і тыя, хто яго падтрымліваюць, ідуць такім жа «шыхтом» наперад. З такімі прынцыпамі, з такой маральлю. Гэта іх справа.

– Вы лічыце, гэта з самога пачатку так задумвалася, альбо потым ужо пачаліся нейкія закулісныя гульні?

– Ведаеце, я не магу даваць ацэнку, як было. Я адно хачу сказаць: калі б той чалавек, які ўзначальвае маю ініцыятыўную групу, вядомы драматург Дудараў – а я ўвогуле не магу ўявіць, што ён мог бы нават падумаць пра гэта, ня тое што зрабіць – альбо калі б які заўгодна іншы член маёй ініцыятыўнай групы зрабіў бы такі крок адносна майго суперніка, я б прыклаў максымум намаганьняў для таго, каб ён альбо спыніў гэтую гульню, калі можна так назваць, альбо я б адмовіўся ад паслуг гэтага чалавека.

– А чым сам Алег Трусаў патлумачыў свой крок?

– Я не зьбіраюся зь імі гутарыць, яны мне проста нецікавыя.

– Дык яны проста падалі заяву ў камісію?

– Так, у Цэнтральную выбарчую камісію перадалі заяву наступнага зьместу: у сувязі з тым, што Карпенка набраў больш за сто тысяч подпісаў грамадзянаў, гэтыя дэпутацкія подпісы яны адклікаюць...

– Позна было шукаць ім замену? Вы ж, па-мойму, бязь цяжкасьцяў знайшлі б восем-дзесяць дэпутатаў.

– Я не хачу сказаць, што бязь цяжкасьцяў, але, канечне, знайшоў бы. Таму што многія самі прапаноўвалі свае паслугі. Але ў гэтым не было неабходнасьці, паколькі было набрана дастаткова галасоў.

– Але тым больш, што і ў законе не агаворана адкліканьне подпісаў. Я думаю, што ўрэшце, улічваючы такую неардынарнасьць, дваістае становішча, Цэнтральная камісія магла б даць вам нейкі час для дадатковага збору дэпутацкіх подпісаў.

– Навошта? Я ніколі гэтым не скарыстаюся.

– А чаму?

– Гэта абсалютна ня трэба. Існуе працэдура: чалавек свабодна выканаў сваё волевыяўленьне, аддаў свой голас, і гэта рашэньне павінна лічыцца канчатковым. Так што я ня буду пускацца ў такія гульні. У працэдуры няма ніякага адкліканьня. Больш таго, у самім заканадаўстве напісана, што ў гэты пэрыяд я мог зьбіраць дэпутацкія подпісы. І многія дэпутаты мне іх прапаноўвалі, але я адмовіўся. Я думаю, ня трэба мне ўсё гэта, і лічу цалкам правільным, што не пайшоў гуляць у гэтыя гульні.

Лічу, што Цэнтральная выбарчая камісія і цяпер павінна была прыняць рашэньне: падаў дэпутат свой голас – забраць яго назад ня мае права. А то некаторыя дэпутаты, у прыватнасьці, дэпутат Валчэцкі, піша, што ён, азнаёміўшыся з маёй праграмай, адклікае свой голас. Хай дэпутат Валчэцкі мне прабачыць, але я сваю праграму яшчэ нідзе не надрукаваў.

– А за каго цяпер вы самі будзеце галасаваць на выбарах і чаму? Калі гэта не сакрэт.

– Я асабіста магу сказаць, супраць каго буду галасаваць. Я лічу, што такія прэтэндэнты, як Шушкевіч, проста не павінны ісьці далей кандыдата ў прэзыдэнты. Ён – пэнсіянэр, ён ужо паспрабаваў сябе на гэтай пасадзе, даказаў. Вынік вядомы. Выказваньні яго пра тое, што «эканоміка – гэта не яго справа», пастаянна гучалі на сэсіі. Таму я думаю, што, сапраўды, і прэзыдэнцкія выбары – гэта таксама «не ягоная справа». («Белорусская нива», 3 чэрвеня 1994 г.).

Такім чынам, на пытаньне журналіста, ці зьбіраецца ён адстойваць сваё права балятавацца, Карпенка адказаў: не.

Ну а цяпер – ці мог Генадзь Карпенка паўплываць на рашэньне ЦВК? Ці не была яго заява (безумоўна, дасканалая з маральнага гледзішча) – заўчаснай капітуляцыяй, нават – праявай слабасьці?

Праявай слабасьці, я лічу, – не была, паколькі маральная пазыцыя ў палітыцы (на мой погляд) ёсьць праявай моцы.

Але я ня ўпэўнены, што лёс Карпенкі як кандыдата ў прэзыдэнты быў нагэтулькі перадвызначаны, як пра тое на наступны дзень напісалі журналісты, маючы на ўвазе настроі большай часткі членаў ЦВК.

Па-першае, гэтыя настроі маглі зьмяніцца пасьля юрыдычных абгрунтаваньняў. Зь якімі маглі б выступіць прадстаўнікі Карпенкі (лічылася, што кандыдату сябе самога абараняць нясьціпла).

І мне падаецца, такія аргумэнты можна было б знайсьці. Працэдура адкліканьня дэпутацкіх подпісаў не была прадугледжана ў Законе аб выбарах, і гэта магло быць аргумэнтам. Калі б ён ня быў прыняты як аргумэнт – можна было б апэляваць да таго, што калі законам гэта не прадугледжана, трэба спасылацца да прынцыпу прэцэдэнту. Паколькі гаворка ідзе пра дэпутатаў, варта апэляваць да «закону», які рэгулюе працэдуры галасаваньня дэпутатамі ў Вярхоўным Савеце – Часовага Рэглямэнту (сталы Рэглямэнт ВС так і ня быў прыняты).

Заканадаўчае рашэньне прымаецца тады, калі за яго галасуе неабходная колькасьць дэпутатаў. З гэтага моманту (у першым альбо ў другім чытаньні) рашэньне лічыцца прынятым. І калі адзін альбо, напрыклад, дваццаць дэпутатаў зьмянілі сваю пазыцыю – гэта ўжо ніяк не ўплывае на правамоцнасьць рашэньня: закон альбо пастанова ўступаюць у сілу. Іх воля была выяўленая ў момант, калі яны націснулі кнопку на пульце для галасаваньня альбо ўкінулі ў скрыню бюлетэні. Каб зьмяніць рашэньне, яны павінны распачаць працэдуру зьмены закону – з унясеньнем пытаньня ў павестку дня сэсіі, першым, другім чытаньнем, абмеркаваньнем, галасаваньнем і гэтак далей.

У Часовым Рэглямэнце Вярхоўнага Савету працэдура зьмены заканадаўчых рашэньняў была прапісаная, у Законе аб выбарах прэзыдэнта працэдура адкліканьня подпісаў – не. Але па аналёгіі, можна было апэляваць да таго, што падпісаньне дэпутатам ліста за вылучэньне кандыдата можна лічыць канчатковым волевыяўленьнем дэпутата якое ня можа быць перагледжанае.

Зусім ня факт, што такога кшталту аргумэнты былі б прынятыя Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Але ў інтарэсах Карпенкі іх варта было б прывесьці. Хаця б – пазмагацца. Гэтак, як змагаўся за сваю рэгістрацыю Лукашэнка, у якога ў падпісных лістах былі відавочныя парушэньні закону. Аднак ні Карпенка, ні ягоныя давераныя асобы гэтага не зрабілі.

«Карпенка мог судзіцца з ЦВК, але не пажадаў. Магчыма, яму проста было лянота» – напіша пазьней у сваёй кнізе Аляксандар Фядута («Александр Лукашэнко. Политическая биография», стар 144.).

Гэтую заўвагу ўдакладніць Уладзімер Някляеў:

«У Карпенкі была магчымасьць праз суд змусіць ЦВК зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзыдэнты, дабіцца ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Ва ўсякім разе паспрабаваць гэта зрабіць. Ён ня стаў займацца гэтым — і менавіта праз сваё сібарыцтва. А яшчэ праз свой амаль клясычна беларускі, а значыць, ня надта рашучы і недастаткова амбіцыйны характар» («Наша Ніва», 12.09.2012).

Трэба прызнаць, што доля ісьціны ў гэтых ацэнках ёсьць: неабходнай для кандыдата (а затым і прэзыдэнта) рашучасьці Карпенка тады ня выявіў.

І гэта (у тым ліку – гэта) дало падставы выказваць сумневы, а ці быў Карпенка палітычна і псыхалягічна гатовы да пасады кіраўніка дзяржавы ў 1994 годзе.

Апісваючы эпізод з адкліканьнем подпісаў, Аляксандар Фядута піша: «кампанію арганізаваў Алег Трусаў, які добра разумеў, што Карпенка здольны адцягнуць добрую траціну галасоў яго кандыдата. Тут пачалі мітусіцца ўсе астатнія. Адным супернікам меней – вось слаўна ж будзе!» (стар. 143).

Гэта – няпраўда. Ня «ўсе» метусіліся. У тыя дні прэса адзначала, што найбольш прыстойна паводзілі сябе дэпутаты БНФ. Ніводзін з дэпутатаў-фронтаўцаў не адклікаў свайго подпісу.

Магчыма, такія паводзіны былі таксама адной з прычынаў, чаму ўжо празь некалькі дзён пасьля пасяджэньня ЦВК Карпенка далучыўся да каманды Пазьняка.

Нейкага ўдзелу ў выбарчай кампаніі Пазьняка Карпенка не прымаў (нават ухіліўся ад удзелу ў прамым тэлеэфіры). Але ўжо сам па сабе факт падтрымкі лідэра Народнага Фронту быў, я лічу, істотным.

Мне падаецца, што тая гісторыя з подпісамі прымусіла Карпенку шмат што пераасэнсаваць. Можа быць – і нешта ў сваім характары. Паступова ён пазбаўляўся ад, як сказаў Някляеў, сібарыцтва (а я б ужыў слова «непасьлядоўнасьць»), ад усяго таго, што, найбольш у псыхалягічным сэнсе, перашкодзіла яму дамагчыся рэгістрацыі на выбарах і (калі б уявіць, што ён зарэгістраваны і нават выйшаў у другі тур) не дазволіла б яму на тэлевізійных дэбатах выглядаць больш моцным, чым Лукашэнка. Паўтаруся: выбары 1994 году Карпенка, па маім глыбокім перакананьні, адназначна б прайграў.

На мой погляд, ідэальным варыянтам для 1994 году быў бы прэзыдэнт Пазьняк, іншага, як ягоная давераная асоба на тых выбарах, я не ўяўляў тады і не ўяўляю цяпер. Менавіта ён мог пасьлядоўна правесьці неабходныя першапачатковыя палітычныя ды эканамічныя рэформы і, што самае важнае, умацаваць дзяржаўнасьць – на фоне «слабога» Ельцына пэрыяду 1994-1999 гадоў, у якога не было імпэту уводзіць «зялёных чалавечкаў» (яму хапала Чачні).

Але, як сьведчыць досьвед усходнеэўрапейскіх і балтыйскіх краінаў, пасьля радыкальных рэформаў людзі настальгуюць па мінулым. І вось тут надышоў бы час Карпенкі, які б мог бы перахапіць ініцыятыву ў камуністаў і імпэрцаў, ня даўшы іх прадстаўніку заскочыць у прэзыдэнцкае крэсла. І больш павольнымі тэмпамі, чым лідэр БНФ, але вёў бы краіну па дэмакратычных рэйках.

Вось такая пасьлядоўнасьць: спачатку – Пазьняк, потым – Карпенка, – бачыцца мне аптымальнай. Ну а потым прыйшла б чарга маіх равесьнікаў, тых, каму ў 1994-м было 30-35.

... У 1995 годзе мы ўтрох (Пазьняк, Карпенка і я) правялі прэсавую канфэрэнцыю з ацэнкай дзейнасьці сэцслужбаў, якія ператварыліся ў элемэнт рэпрэсіўнага мэханізму. Вынікам была нэрвовая заява аддзелу грамадзкіх сувязяў КДБ: «мы не зьбіраемся займацца палітычным вышукам». У 1996-м Карпенка быў абраны віцэ-сьпікерам Вярхоўнага Савету, браў удзел у мітынгу 24 сакавіка каля Опэрнага тэатру (у той дзень менавіта прадстаўленьня эфіру яму і Пазьняку патрабавалі тыя, каго спэцназ жорстка зьбіў каля тэлецэнтру на Камуністычнай). Увосень у Авальнай залі Карпенка за каўнер сьцягнуў з трыбуны афіцыйнага прадстаўніка Лукашэнкі.

Апошні раз мы бачыліся зь ім ў лютым 1999-га ў Празе. Ён даволі рэзка выказваўся на адрас свайго былога намесьніка па маладзечанскім выканкаме Віктара Ганчара, ды і на адрас кіраўніцтва Грамадзянскай партыі, якую ўзначальваў, не шкадаваў вызначэньняў (паплечнікі зрабілі стаўку не на яго, а на Міхаіла Чыгіра). Сумняваўся, ці варта яму браць удзел у так званых «альтэрнатыўных» выбарах. Пазьней Аляксей Кароль распавёў, што, вяртаючыся з Прагі, Карпенка сказаў яму пра канчатковае рашэньне: у ініцыяванай Ганчаром кампаніі ўдзельнічаць ён не зьбіраецца.

Карпенка распытваў у мяне пра Зянона Пазьняка і Васіля Быкава, я даў яму іх каардынаты ў Варшаве і Хэльсынкі (у сакавіку Карпенка наведаў Быкава у Фінляндыі і Пазьняка ў Польшчы). А ў перадапошні вечар у Празе мы пайшлі ў Навамесцкі півавар на Вадзічковай вуліцы, потым я правёў яго да гатэлю – але ў гутарцы абышлі квартал разоў дзесяць, а мо і болей. Разьвіталіся а другой гадзіне ночы. Дамовіліся, што калі не сустракацца, дык перазвоньвацца будзем рэгулярна.

«Карпенка прыяжджаў да мяне ў Варшаву і, абураны дзеяньнямі Ганчара-Чыгіра, прапанаваў мне супрацоўніцтва. Мы дамовіліся, што 31 сакавіка ён прыедзе ў сядзібу БНФ у Менску на сустрэчу з кіраўніцтвам Народнага Фронту, дзе будзе заключана афіцыйнае пагадненьне аб супрацоўніцтве, прынятая дэклярацыя і пададзена ў сродкі масавай інфармацыі. 31-га сакавіка Карпенка не прыехаў» – прыгадвае Зянон Пазьняк.

У той дзень, 31 сакавіка, Карпенку зрабілася кепска пасьля таго, як на сустрэчы з журналісткай (якая ў той момант не працавала ні ў якім СМІ) ён паддаўся на настойлівыя прапановы глытнуць кавы. Карпенка згубіў сьвядомасьць, і 6 красавіка памёр. Афіцыйны дыягназ – інсульт.