Общество
Яўген Глінскі, Новы час

Як патрыёт-ліцвін аднаўляў гісторыю дзяржавы

Першая палова ХІХ стагоддзя ў еўрапейскай грамадскай свядомасці была часам панавання рамантызму, што надаваў асаблівую ўвагу мінуўшчыне, у якой рамантыкі шукалі прыклады гераічнага жыцця.

Многіх старадаўнія часы вабілі яшчэ і таму, што ў іх бачыўся росквіт дзяржавы, якая ў канцы папярэдняга стагоддзя была знішчана.

Гісторыя зрабілася ў той час усеагульным захапленнем. Але сярод процьмы аматараў старажытнасцяў вылучаліся людзі, якія сваёй дзейнасцю здолелі зрабіць мінуўшчыну больш вядомай і зразумелай для сваіх сучаснікаў. Адным з такіх людзей быў Ігнат Даніловіч. Даследчык гісторыі Вялікага княства Літоўскага нарадзіўся 30 ліпеня (10 жніўня) 1787 года ў сям’і уніяцкага святара Мікалая Даніловіча і Даміцэлі з Міхневічаў. Вёска Вялікія Грынявічы, дзе жылі Даніловічы, знаходзілася ля Бельска (цяпер у Польшчы) і па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай першапачаткова трапіла ў склад Прусіі.

Зрэшты, прускае падданства (а з 1807 года — расійскае) мала адбілася на паўсядзённым жыцці сям’і Даніловічаў. Адно падчас навучання ў Беластоцкай гімназіі Даніловіч вывучыў нямецкую мову, што дазволіла яму ў сталым веку пісаць гістарычныя працы і на ёй. Большае значэнне для маладога Ігната мела іншая мова, якая тады яшчэ не мела нават назвы, але шырока выкарыстоўвалася не толькі ў гутарцы, але і падчас казанняў ва уніяцкай царкве. Сам Даніловіч пасля назаве яе «польска-рускай», аднак была гэта беларуская мова, хоць для роднага Даніловічу Падляшша і са значным дамешкам украінскіх і польскіх словаў. Веданне беларускай мовы спатрэбіцца Даніловічу для вывучэння гісторыі ВКЛ.

Але ўсё гэта здарыцца пазней, а пакуль у 1804 годзе Даніловіч, каб плаціць за вучобу малодшага брата, працуе хатнім настаўнікам. Ужо ў маладосці працавітасць і талент Даніловіча былі заўважаны: яго поспехі адзначаны школьнымі ўзнагародамі, а рэктар Ломжынскай школы Чарнецкі прызначыў яго настаўнікам.

Працяг тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)