Общество

Як прайшло пахаваньне Дзьмітрыя Ўсхопава: «Маці выйшла з партрэтам Дзімы і сказала, што яго забіў рэжым»

У Рэчыцы сёньня пахавалі 28-гадовага хлопца, якi пасьля затрыманьня ў навагоднюю ноч апынуўся ў міліцыі, затым — у шпіталі, дзе зафіксавалі сьмерць.

Блізкія Дзьмітрыя заявілі, што яго білі ў міліцыі. МУС і СК далі справаздачу, што ён быў моцна п’яны, меў з сабой марыхуану.

На пахаваньне, паводле жыхаркі Рэчыцы, сабраліся каля сотні чалавек. Разьвітваліся ў мікрараёне «Рытм», дзе жыў Дзьмітрый, паведамляе РС.

— Маці выйшла з падʼезду са здымкам Дзімы ў руках і зьвярнулася да прысутных з такімі словамі, што яе сына забілі і што ёй ужо нічога ня страшна, бо забралі самае дарагое — то чаго баяцца? Маці сказала, што яе сына забіў рэжым, і ў яе ўсё акамянела ўнутры, — расказала жыхарка Рэчыцы журналiстам РС.

Паводле яе, Алена, маці Дзьмітрыя, расказала прысутным, што сын ехаў да яе сустракаць Новы год.

— Маці сказала каля труны, што яна не апазыцыя і што Дзіма таксама ні ў чым ня ўдзельнічаў. Але яна сказала, што колькі яшчэ будуць забіваць нашых дзяцей? — перадае словы маці жыхарка Рэчыцы.

Маці з партрэтам Дзьмітрыя Ўсхопава

Труну паставілі каля пад’езду, каб усе, хто хоча, маглі разьвітацца.

— Маці абурылася, што яе сына абвінавацілі МУС і СК, быццам ён набываў «закладкі» з псыхатропнымі рэчывамі. Маці сказала, што ён у таты прасіў перад Новым годам два з паловай рублі — на працу трэба было аднесьці. Таксама маці паказала гематомы на галаве сына, рукі зь сінякамі. Гэта трагедыя не адной сям’і, — кажа жыхарка Рэчыцы.

Яна кажа, што сьмерць Дзьмітрыя выклікала вялікі рэзананс у Рэчыцы. Некаторыя зусім ня вераць міліцыі. Тыя ж, хто верыць вэрсіі пра алькаголь і наркотыкі, таксама кажуць, што варта было выклікаць «хуткую» ці «садзіць у «малпятнік» — але разьбірацца па законе.

— Так ці інакш, але ўсе салідарныя ў тым, што меры былі няправільныя і неадэкватныя, і яны каштавалі жыцьця чалавеку, — дадала жыхарка Рэчыцы.

Паводле яе, маці Дзьмітрыя прасіла не забываць яе сына і прыяжджаць да яго на магілу.