Общество

З Польшчы за два месяцы дэпартавалі больш за 200 беларусаў

Усяго за два першыя месяцы 2025 году з Польшчы дэпартавалі больш за 1300 замежнікаў, што на 85% больш, чым у мінулым годзе. Летась за аналягічны пэрыяд такіх было толькі 700, піша Rzeczpospolita (пераклад – Радыё Свабода).

Сярод іншаземцаў, якіх вярнулі дамоў, найбольшую колькасьць складаюць грамадзяне Грузіі, Беларусі і Малдовы, — прыводзіць выданьне словы падпалкоўніка Анджэя Юзьвяка, прадстаўніка галоўнага камандаваньня Памежнай аховы.

У гэты лік уваходзяць 260 грамадзян Грузіі, 220 грамадзян Беларусі, 150 грамадзян Малдовы, 90 — Калюмбіі, 80 — Украіны і 60 — Расеі.

Высылалі галоўным чынам замежнікаў, якія пагражалі «бясьпецы і грамадзкаму парадку Польшчы». Галоўным чынам гаворка ідзе аб замежніках, якія парушылі законы ў Польшчы.

Сярод іх асуджаныя за напады, бойкі, цялесныя пашкоджаньні, п’яную язду, парушальнікі забароны на кіраваньне транспартным сродкам, перавозчыкі мігрантаў.

Летась за два месяцы году дэпартавалі 100 беларусаў, прычынай значнага росту дэпартаваных сёлета (да 220, а ў іншым месцы тэксту ідзе мова пра 240 беларусаў) названая «масавая выдача гуманітарных віз, практычна без кантролю і праверкі».

– Цяпер пазбаўляемся ад тых, хто ня меў на гэта права, — сказаў выданьню адзін з афіцэраў Памежнай службы Польшчы.