Затрыманыя на Палессі «дыверсанты» аказаліся наркакантрабандыстамі
Тры сур'ёзных крымінальных артыкулы спрабавалі пазбегнуць ва Украіне «дыверсанты», якіх 15 лютага ў Лельчыцкім раёне затрымалі беларускія сілавікі, піша Флагшток.
16 лютага Лукашэнка падчас публічнага выступу, які шырока трансляваўся дзяржаўнымі СМІ, заявіў аб затрыманні «дыверсантаў» у Лельчыцкім раёне.
Пасля у КДБ заявілі, што ў выніку «контртэрарыстычнай аперацыі» былі затрыманыя «агенты СБУ», якія планавалі тэракты ў Расіі і Беларусі з дапамогай выбухоўкі. Судзячы па ўсяму, затрыманне адбылося 15 лютага, калі ў Лельчыцкім раёне быў афіцыйна уведзены рэжым контртэрарэстычнай аперацыі.
Праўладныя паблікі назвалі імёны затрыманых. Імі аказаліся бацька і сын — Сяргей і Павел Кабарчукі, а таксама жыхар Брэста — Віталь Уласюк.
Аб крымінальным пераследзе ва Украіне затрыманых Кабарчукоў стала вядома дзякуючы Тэлеграм-боту, які збірае публічную інфармацыю аб судовых паседжаннях.
Адпаведна з гэтай інфармацыяй, бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі знаходзіліся пад следствам. Іх абвінавачвалі ў кантрабандзе наркатычных рэчываў.
Ва Украіне іх судзілі з чэрвеня 2023 года. Наступнае паседжанне, як мінімум шостае, было прызначанае на 21 лютага. Увесь гэты час яны знаходзіліся на волі, бо бацька і сын ўнеслі вялікі грашовы залог у памеры 200 пражытачных мінімумаў (па 536 800 грыўняў ці 14 тысяч доллараў за кожнага). Рашэннем суда Кабарчукі не мелі права пакідаць сяло Старая Выжыўка Ковельского раёну Валынскай вобласці.
Кабарчукоў судзілі ва Украіне па наступных артыкулах: «Замах на злачынства» (арт. 15, ч. 3), «Кантрабанда наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў або прэкурсораў або фальсіфікаваных лекавых сродкаў» (арт. 305, ч. 2, ч. 3), «Незаконныя вытворчасць, выраб, набыццё, захоўванне, перавозка, перасылка або збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў» (арт. 307, ч. 3).
Самы цяжкі — артыкул 305. Па ім прадугледжана пакаранне да 12 гадоў зняволення.
Судзілі Кабарчукоў па месцы здзяйснення злачынства на украінска-беларускім памежжы — у раённым судзе гораду Оўруч Жытомірскай вобласці. У дзень затрымання беларускімі сілавікамі, 14 лютага, сканчаўся іх тэрмін знаходжання пад грашовым закладам. Суд меў адбыцца 21 лютага аб 11 раніцы.
На відэа, якое з'явілася на беларускіх дзяржканалах 16 лютага, затрыманы Сяргей Кабарчук расказаў пра крымінальны пераслед па 309 артыкуле (такога артыкулу няма ў судовых дакументах).
Таксама ён распавёў, што за перавозку груза праз мяжу яго крымінальная справа будзе скасаваная. У каментары другому дзяржаўнаму каналу ён заявіў аб прапанаваным узнагароджанні 1500–1200 доллараў.
Пра 60-гадовага Сяргея Кабарчука ў ведамстве расказалі, што ён былы памежнік, які пасля звальнення зарабляў кантрабандай разам з сынамі.
Пра затрыманага беларуса Віталя Уласюка ў КДБ паведамілі толькі ягоны ўзрост — 53 гады і месца жыхарства — Брэст. Як высветліла Наша Ніва, Уласюк з'яўляецца прыхільнікам «рускага свету».
Читайте еще
Избранное