Зміцер Завадскі: «Воля стала мной, пакуль я знаходзіўся на соднях, і такім чынам уратавала мяне ад 10 год турмы»

Пра новую справу для Беларусі, атмасферу ў Кёльне, адкрытыя стасункі і чаму ад іх пакутуе рэпутацыя, «Салідарнасці» расказаў распрацоўшчык маркетплэйса Kamarouka Зміцер Завадскі, які марыць сабраць на адной анлайн-пляцоўцы беларускіх прадаўцоў і пакупнікоў.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»

— Я працую над гэтым праектам каля двух з паловай гадоў, амаль без сродкаў. Збор за 5 месяцаў прынес 130 эўра. Таму амаль уся праца робіцца асабістымі высілкамі і з дапамогай валанцёраў.

Апошнія месяцы я працую адзін, бо праект патрабуе даволі шмат часу, а валанцёры таксама выдыхаюцца. Але ўжо на фінішнай прамой — пару месяцаў таму пачалі тэставанне платформы, запрасілі першых прадаўцоў, якія дадаюць свае тавары і дапамагаюць знайсці пэўныя хібы, недапрацоўкі.

З аб’ёмнага, засталося падрыхтаваць юрыдычныя дакументы для сайта. У Германіі гэта каштуе даволі шмат, таму таксама зойме крыху часу.

— У Беларусі вы займаліся рамонтам балконаў, паспяховы бізнэс. Але апошнія тры гады ў эміграцыі: Украіна, потым Германія, нетаннае жыццё, трэба ж есці і плаціць за кватэру.

— Як палітычны актывіст, я атрымаў у Германіі гуманітарны від на жыхарства. Дзяржава дапамагае з аплатай жытла, страхоўкі. Цэнтр занятасці падтрымлівае і ідэю з маркетплэйсам: даваў бізнэс-кансультанта, які дапамагаў распрацаваць бізнэс-план і зарыентавацца ў нямецкіх бюракратычных і падатковых рэаліях.

Што тычыцца рамонта балконаў, то гэта быў не толькі прыбытак. Для нас заўсёды былі важнымі і нацыянальныя каштоўнасці. Мы супрацоўнічалі з іншымі нацыянальна-арыентаванымі прадпрымальнікамі, рабілі рэкламныя кампаніі да беларускіх святаў, камунікавалі па-беларуску.

Тым не менш, я ўвесь час адчуваў, што мне ў гэтым крыху цеснавата. Заўсёды хацелася быць больш карысным для Беларушчыны. А калі б я ў Германіі пачаў займацца будаўнічымі паслугамі, давялося б значна адключыцца ад Беларусі.

Але ж добра было б з кашальком?

— Так, у Германіі з будаўнічай справы быў бы добры прыбытак. Але я вырашыў скарыстацца падтрымкай дзяржавы, каб зрабіць праект, які, веру, будзе карысным для Беларусі. Веру таксама ў тое, што ён атрымаецца і камерцыйна паспяховым. Проста знешняе фінансаванне, відаць, пакуль не маё.

Мы напісалі ў гэтым годзе пару заявак на фінансаванне, у тым ліку і ў Германіі, але атрымалі адмовы. Уласны збор таксама не атрымаўся паспяховым. Але ж я нікога і не прымушаю паверыць у праект і прафінансаваць нас.

Я вырашыў для сябе так: калі будуць грошы — добра, калі не — праект усё роўна будзе запушчаны. Бо галоўнае, што трэба для запуску — гэта праца, выканаць пэўны аб’ём задач.

— Але ж любая праца, пагадзіцеся, гэта ўсё роўна грошы.

— Так, таму за гэтыя два з паловай гады я стаў і перакладчыкам, і вэбмайстрам, і маркетолагам, і бізнес-аналітыкам. Магчыма, не ўсё атрымаецца такога ўзроўню якасці, якога імкнуся трымацца ў сваіх справах, але з часам дапрацуецца.

«Мне не хапае беларусаў»

— Вы ў эміграцыі больш за тры гады. Як вам у Кёльне? Што самае цяжкае, калі не ўлічваць працу над праектам?

— Мне не хапае беларусаў. Пра блізкіх па духу беларусаў – маўчу ўвогуле. Таму адчуваю сябе трохі адлучаным ад беларускай супольнасці.

З іншага боку, нішто не адрывае ад працы і вывучэння мовы. Калі апісаць гэту атмасферу, то адначасова і пенсіянер на вечаровым шпацыры, і малады стартапер у гаражы.

— Вы ў Германіі атрымалі падтрымку па палітычных матывах. Пісалі ў фэйсбуку пра Волю Касянчук, якая ўратавала вас мінімум ад 10 год беларускай турмы. Як гэта адбывалася?

— Сярод іншага, мы адміністравалі тэлеграм-канал «Лебядзіны-97», арганізоўвалі шмат мерапрыемстваў, канцэртаў падчас выбараў 2020-га. Улады рознымі спосабамі спрабавалі высачыць адміністратараў, у тым ліку праз арышты падазраваных.

Мы былі ў Менску, удзельнічалі ва ўсіх акцыях і на адной з іх мяне затрымалі. Калі мяне пасадзілі на 15 ці колькі там содняў, Воля, застаўшыся на свабодзе, цалкам пераняла адміністраванне каналу, і ўсе справы, якімі я займаўся. Каб ніхто не западозрыў, што затрымалі адміністратара, яна здолела захаваць ўсю манеру маёй онлайн-камунікацыі. То бок яна стала мной, пакуль я знаходзіўся на соднях і такім чынам адвяла ад мяне падазрэнні. І мяне выпусцілі.

— Зачапіла, што вы сказалі пра свой арышт «... 15 ці колькі там содняў». Вы не памятаеце?

— У мяне проста не самая лепшая памяць на такія рэчы. І раней яшчэ атрымліваў содні пасля пратэстаў 2006-га, калі разагналі намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы. Тады далі 12.

— Ці адрозніваліся тыя 12 ад цяперашніх 15-ці?

— Канешне, тады ў людзей не было столькі страху. У 2006-м таксама ўся камера была запоўнена палітычнымі, але ўмовы не былі такімі жорсткімі. Не памятаю такіх прыніжэнняў і бесчалавечнасці. І сярод людзей была вельмі прыязная, спакойная атмасфера.

Да таго ж у 2006-м мы ведалі, што пасядзім гэтыя содні і выйдзем, а ў 2020-м ты не ведаў, ці выпусцяць цябе наогул.

«Людзі, калі я дзялюся досведам адкрытасці і свабоды сэксуальных стасункаў — адразу хочуць их абясцэніць»

— У эміграцыі на першы план выходзіць тэма адзіноты. Вы пісалі ў фэйсбуку пра асабістыя стасункі, прычым адкрытыя, з некалькімі дзяўчынамі адначасова. Гэта не тое, што прынята агучваць, але ж ад таго тэма не становіцца менш важнай.

Чаму, на ваш погляд, адкрытыя стасункі абураюць шмат каго, і як у вас з такімі стасункамі ў Кёльне?

— За шмат гадоў назірання за рэакцыямі людзей, склалася ўражанне, што людзі часта абураюцца ці праз свае асабістыя траўмы, няўдалы вопыт ці праз тое, што сябе стрымліваюсць. Жыве, напрыклад, чалавек, у стасунках з партнёрам, але часам з’яўляюцца сексуальныя жаданні да іншых. Ці нават пачуцці. Ён хавае, стрымлівае іх, змагаецца ўнутры, ствараючы пэўную напружанасць. І вось калі ён бачыць, што нехта не знаходзіцца ў гэтых межах — гэта трыгерыць.

Таму часцей за ўсё, мне здаецца, абураюцца людзі, якія маюць нейкую нерэалізаванасць у сваіх асабістых стасунках. Бо ў гэты ж час нават самыя кансерватыўныя манагамныя людзі, знаходзячыся ў добрых шчаслівых стасунках, рэагуюць цалкам сабе нармальна.

У эміграцыі даволі складана знайсці свайго чалавека, а цяпер яшчэ заўважыў, што мне мала хто падабаецца. Так што ўжо не так важна, манагамныя ці палігамныя стасункі, галоўнае  – блізкія, шчырыя, любоўныя.

— Вы пісалі што дзяўчыны не апраўдалі ваш давер. Ці магчыма казаць пра давер у адкрытых стасунках?

— Вы недакладна зразумелі. Я меў на ўвазе, што мой шматгадовы вопыт адкрытых стасункаў уплываў на давер у апошніх стасунках. Дзяўчаты перажывалі і думалі, што я іх не люблю, што магу сысці ці нешта такое.

Патрэбны пэўны час, каб давер і блізкасць умацаваліся. Яшчэ больш важныя яны ў эміграцыі, бо падвышаны стрэс, пэўныя праблемы, шмат працы. Давер, безумоўна, неабходны. Без яго немагчыма. Асабліва ў адкрытых стасунках, калі гэта стасункі, а не проста сэкс ці нешта часовае.

— Вы казалі, што вашыя шчырыя допісы пра стасункі не паляпшалі вашу рэпутацыю. Якія былі прэтэнзіі?

— Самае сумнае, з чым сутыкаюся пасля кожнага інтэрв’ю — абясцэньванне. Часам гэта дзесяткі каментароў пра «вычварэнства», пра тое, што калі ў цябе больш за аднаго партнёра, то не можа быць блізкасці ці што партнёр жыве ў пакутах.

Магчыма, гэта таксама пэўныя асабістыя праекцыі. Такім людзям неяк складана зразумець, што жыццё можа быць крыху шырэйшым за іх вопыт і погляды.

«Проста скажы «дзякуй» у маршрутцы і ты ўжо зробіш крок да Беларушчыны»

— Якая сёння для вас галоўная цяжкасць акрамя праекту?

— Мне баліць за людзей, якія церпяць у турмах Беларусі, увогуле за лёс Беларусі. У прынцыпе, з гэтым фонавым цяжарам я жыву ўсё жыццё, з юнацтва, як і дзясяткі тысяч іншых беларусаў.

Канешне, ёсць шмат спосабаў адключыцца – духоўныя практыкі, кар’ера, сям’я, задавальненні, але я выбіраю не губляць сувязь з рэчаіснасцю, з тым, што адбываецца.

Можна ўзяць маленькі кавалачак добрай справы і зрабіць. Добра, калі дапамагаеш, падтрымліваеш, не праходзіш міма. Такім чынам і паляпшаецца не толькі наша будучыня, але і сучаснае, і асабістае.

Жыццё ўладкавана так, што заўсёды і ў кожнага ёсць магчымасць што-небудзь рабіць добрае. Як кажа Зміцер Дашкевіч: «Нават проста скажы ў маршрутцы замест «спасибо» — «дзякуй», і ўжо дапаможаш Беларусі. А калі можаш болей — то зрабі болей».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(15)