Кірылюк: «Абсалютная большасць тых людзей, хто робіць грамадска карысную працу, валодае такімі маральнымі каштоўнасцямі, якія існаваць побач з рэжымам Лукашэнкі не могуць»
Што не так з заявамі беларускіх чыноўнікаў у Жэневе. Юрыст НАУ — пра тое, як у беларускай дзяржавы (не) атрымалася стварыць станоўчае ўражанне аб сітуацыі з правамі людзей з інваліднасцю. І чаму гэты факт важна ўлічваць у будучыні.
Прадстаўніца Мінюста Беларусі заявіла ў Жэневе на паседжанні Камітэта па правах людзей з інваліднасцю ААН, што ёй невядомыя выпадкі ліквідацыі ў краіне грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў.
Паводле слоў начальніцы ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Алены Кірычэнкі, у Беларусі грамадскія арганізацыі, знішчаныя рэжымам, былі ліквідаваныя «за парушэнне заканадаўства» ў судовым парадку.
Больш за тое, дадала чыноўніца, некаторыя грамадскія аб’яднанні самі прасілі дзяржорганы падаць у суд позвы аб ліквідацыі, бо «па сутнасці згарнулі сваю дзейнасць» задоўга да гэтага.
Варта зазначыць, што няўклюдным апраўданням беларускай дэлегацыі эксперты ААН не паверылі. Бравурныя рапарты перапынялі, задавалі шмат непрыемных пытанняў, а таксама згадалі пра ліквідаваны ўладамі Офіс па справах людзей з інваліднасцю.
Але ж цынізм чыноўнікаў зашкальвае — інакш было б складана «не заўважыць» ліквідацыі гродзенскага, слонімскага і віцебскага дзіцячых хоспісаў, таварыства інвалідаў «Рэабілітацыя», аб’яднання хворых на гемафілію, дабрачынных фондаў і краўдфандынгавых платформ, шэрагу НКА, якія дапамагалі ўразлівым групам, пераследу па палітычных матывах і ўтрымання ў вязніцах людзей з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі.
А тое, што больш як 1700 НГА, якія былі ліквідаваныя ўладамі з 2020-га па ліпень 2024-га (і яшчэ звыш 1000, па звестках праваабаронцаў, станам на ліпень знаходзіліся ў працэсе ліквідацыі) гуртам нібыта «парушылі заканадаўства», адлюстроўвае маштаб дзеянняў дзяржавы.
Пра тое, што не так у заявах беларуских чыноўнікаў, і як іх ацаніць з юрыдычнага гледзішча, Филин распытаў юрыста НАУ Міхаіла Кірылюка.
— Як адвакат, які меў досвед супрацы менавіта з Офісам па справах людзей з інваліднасцю, я ведаю гісторыю ягонай ліквідацыі, — зазначае суразмоўца. — І цяпер, параўноўваючы гэта з версіяй чыноўнікаў, мне падаецца, што прадстаўнікі міністэрстваў, Мінюста ў прыватнасці, бачаць сваю ролю ў тым, каб прафесійна ілгаць.
То бок, яны ведаюць, што кажуць няпраўду, але робяць гэта свядома і ў іх няма з гэтым, як мы бачым, ні этычных, ні юрыдычных супярэчнасцяў.
Сітуацыя ж абсалютна супрацьлеглая таму, што кажуць чыноўнікі: арганізацыя па правах людзей з інваліднасцю ў Беларусі існавала, яна дапамагала інвалідам, аказвала ім праўную дапамогу — гэта я сам назіраў. Больш за тое, калі ў праваабаронцаў не было магчымасці аказаць такую дапамогу, то Офіс прыцягваў да супрацы іншых адвакатаў, каб тыя маглі людзям нешта параіць, абараніць іх інтарэсы.
І закрытая гэтая арганізацыя была менавіта з палітычных прычын. Што цікава, адным з абвінавачанняў на адрас Офіса было тое, што кріаўнікі быццам бы скралі грошы з ААН, якія вылучаліся на юрыдычную дапамогу людзям з інваліднасцю — аднак ніхто з інвалідаў не скардзіўся на гэта, ААН ніякіх прэтэнзій не мела. Але ж беларускім міністэрствам праваабаронцы заміналі, таму ім не далі працаваць у Беларусі, арыштавалі, пасадзілі ў турму, здзекваліся там — і потым гэтыя людзі сталі палітычнымі ўцекачамі.
Зараз, калі прадстаўнікі ААН задаюць пытанні, чыноўнікі адказваюць, што гэта няпраўда і такога не было. Якую выснову з гэтага можна зрабіць?
Відавочна, чыноўнікі ў Беларусі не працуюць для таго, каб паляпшаліся правы інвалідаў, не садзейнічаюць таму, каб людзі, якія самі не могуць аплаціць паслугі праўнікаў, маглі атрымаць юрыдычную дапамогу за кошт міжнародных арганізацый — наадварот, такія магчымасці сістэматычна знішчаюцца.
Чаму? Бо неяк так супадае, што абсалютная большасць тых людзей, хто робіць грамадска карысную працу, валодае такімі маральнымі каштоўнасцямі, якія існаваць побач з рэжымам Лукашэнкі не могуць.
А для прадстаўнікоў улады прасцей пакінуць беларусаў з інваліднасцю без юрыдычнай дапамогі, чым самім уключыцца ў паляпшэнне сітуацыі з абаронай правоў людзей з інваліднасцю, не кажучы ўжо пра тое, каб самім аказаць такую дапамогу ці яе прафінансаваць.
— Прадстаўніца Мінюста заявіла, што ліквідацыя грамадскіх аб’яднанняў у Беларусі «адбываецца ў адпаведнасці з заканадаўствам», але ж само заканадаўства робяць усё больш рэпрэсіўным. Ці слушным будзе назваць гэты працэс законным, але нелегітымным?
— Калі казаць пра ліквідацыю Офіса па справах людзей з інваліднасцю — яна і фармальна не адпавядае беларускім законам. Бо фальсіфікацыя дакументаў, бяздоказныя абвінавачанні ў нямэтавым выкарыстанні грошай ААН — гэта незаконна.
Крадзяжу, махлярства, падману людзей з інваліднасцю не было.
Таму падобныя абвінавачанні — заведама ілжывыя, і гэта крымінальны артыкул «Злоўжыванне службовым становішчам». Ліквідацыя грамадскага аб’яднання на падставе сфальсіфікаваных доказаў — парушэнне і беларускага Крымінальнага кодэксу, і Закону аб недзяржаўных арганізацыях.
— Тое, што робяць чыноўнікі ў Жэневе — дзяржслужачыя публічна хлусяць і маніпулююць інфармацыяй на міжнародным узроўні — неяк юрыдычна кваліфікуецца? За гэта можна прыцягнуць да адказнасці, ці толькі ацаніць з гледзішча маралі?
— Выступ у Камітэце ААН — на маю думку, не прадмет для нейкай судовай спрэчкі. Усё ж ёсць значна больш цяжкія злачынствы, тыя, што гэты выступ выклікалі: фальсіфікацыя доказаў па крымінальнай справе датычна Офісу па правах людзей з інваліднасцю, катаванні, прымусовае выгнанне з краіны.
Што ж датычыцца заведама ілжывых і неэтычных выказванняў — на мой суб’ектыўны погляд, гэта пытанне асабістай рэпутацыі. І калі ў Беларусі будзе магчымасць пачаць ствараць дэмакратычную сістэму, гэта ўжо будзе адказнасцю ўсяго грамадства: каб людзей, якія заплямілі сябе такім чынам, не дапускаць да кіравання, да публічных пасадаў. А звесткі, якія знаходзяцца ў публічным дамене, могуць быць выкарыстаныя ў якасці доказаў.
P.S. Беларускія праваабаронцы прадставілі альтэрнатыўную справаздачу па сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне — з лічбамі і фактамі. Да 5 верасня Камітэт па правах людзей з інваліднасцю ААН вывучыць даклады і апублікуе свае прапановы і рэкамендацыі для Беларусі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное