Скандалы

Асудзілі міліцыянера з элітнага падраздзялення, які даносіў у 2020-м. Ён хадзіў па вёсцы без трусоў

«Наўмысна дэманстраваў аголеныя палавыя органы». Пра гісторыю піша Наша Ніва.

Ігар Шкрэд. Фота з базы «Кіберпартызанаў»

Ігару Шкрэду 49 гадоў. Ён скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Пасля ўніверсітэта больш за 10 гадоў адпрацаваў у кампаніі «Асоббудпраект» інжынерам-тэхнолагам.

Пасля Шкрэд уладкаваўся ў Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС. Гэта элітнае падраздзяленне, якое займаецца праслухоўкай, сачэннем (у тым ліку і за самімі міліцыянерамі), таемна прасочваецца ў хаты ды машыны. Пра тое, хто служыць у дэпартаменце, невядома нават самім міліцыянерам — звесткі пра іх у базах схаваныя і легендаваныя, яны карыстаюцца пашпартамі прыкрыцця.

У 2020-м Шкрэд даносіў на пратэстоўцаў. У базах на «Чорнай мапе Беларусі» два даносы — «на даху дома вісіць бел-чырвона-белы сцяг» і «каля гімназіі на стадыёне бчб-сцягі».

Але адбыўся канфуз. 17 чэрвеня 2023 года Шкрэд паехаў у вёску, падобна, выпіваў. І вырашыў… пахадзіць па ёй у адной цішотцы, без трусоў.

Аголены, ён «радаваў» вяскоўцаў цэлы дзень, некалькі разоў хадзіў у такім выглядзе ў краму, у першы раз у 9:08, а ў апошні — у 17:58. На заўвагі людзей, якія прасілі яго не хадзіць голым, падобна, рэагаваў нецэнзурна — у судовай пастанове гэта акуратна сфармулявана як «сведка патлумачыў, што сваімі задзірлівымі паводзінамі Шкрэд хацеў супрацьпаставіць сябе грамадству».

Праігнараваў ён і прадавачку, якая некалькі разоў «звярнула ўвагу на ягоныя аголеныя палавыя органы». Не засмуціла яго і камера на краме.

Вяскоўцы выклікалі міліцыю і такі змусілі Шкрэда надзець шорты.

У судзе ён казаў, што хадзіў голы, бо купаўся і ягоныя шорты былі мокрыя. Усе сведкі паказалі, што рабілі яму заўвагі, але ён іх ігнараваў. Таксама схлусіў наконт шортаў — сведка паказаў, што калі змусіў міліцыянера апрануцца, яны былі абсалютна сухія.

Згодна з прысудам ад 30 жніўня 2023, Шкрэд, «жадаючы прадэманстраваць свае дзеянні неабмежаванаму колу асобаў, наўмысна дэманстраваў аголеныя палавыя органы». Яму маглі прысудзіць да трох гадоў калоніі, але суд даў толькі 150 базавых велічынь штрафу. У СІЗА Шкрэда не трымалі.

Наступны раз яго судзілі ў лістападзе 2023 года. Тады ён пашкодзіў маёмасць нейкага чалавека ў нязначным памеры. За гэта яму маглі даць да 30 базавых штрафу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)