Умовы Літвы — па сутнасці, пра вырашэнне ўсіх праблем у двухбаковых адносінах. Вільнюс лічыць, што гэтыя праблемы павінныя быць вырашаныя да перамоў. Мне цяжка сказаць, у якой ступені на гэта гатовыя ЗША. Хутчэй за ўсё, не гэта яны мелі на ўвазе. І гледзячы па апошніх заявах МЗС РБ, якія спасылаюцца зноў жа на досвед перамоў з амерыканцамі — беларускі бок таксама лічыць такую формулу непрымальнай.
Дракахруст: «Мінск пакуль не збіраецца капітуляваць. Вільнюс зрабіў сімвалічны крок, нават паўкроку»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст у каментары Филину — пра прызначэнне Літвой перамоўніка для стасункаў з Мінскам і перспектыву змякчэння еўрапейскіх санкцый супраць беларускага калію.
Літоўскія ўлады паведамілі, што прызначылі перамоўніка для двухбаковай палітычнай сустрэчы з Мінскам – яго імя пакуль не называецца. Зрэшты, прэм’ер-міністарка Інга Ругінене дадала, што ў Вільнюса ёсць пэўныя ўмовы яшчэ да пачатку дыялогу — сярод іх спыненне запуску метэазондаў з кантрабандай, вяртанне ўсіх літоўскіх фур без штрафаў і спагнанняў, спыненне нелегальнай міграцыі цераз мяжу.
Тым часам літоўскія фуры сапраўды працягваюць выязджаць з Беларусі — на сёння, паводле беларускай мытні, вярнуліся не менш як 700 машын (у літоўскіх памежнікаў меншыя лічбы — каля 500). З іншага боку, Літва афіцыйна падцвердзіла пераслед свайго грамадзяніна, які асуджаны ў Беларусі да 15 гадоў калоніі нібыта за «шпіянаж», дый на мяжы за апошнія суткі развярнулі 34 мігранта, якія спрабавалі нелегальна трапіць з Беларусі ў ЕС.
То як расцэньваць анансаваны дыялог Вільнюса і Мінска — ці гэта тактычны поспех рэжыму Лукашэнкі і ўсё больш блізкая перспектыва вяртання беларускага калію ў порт Клайпеды, ці чыста сімвалічны крок насустрач? Альбо абодва бакі пакуль не атрымалі нічога для сябе, але вымушаныя гуляць паводле правілаў ЗША?
— Мяркую, што шлях беларускага калію да Клайпеды яшчэ вельмі даўгі, — зазначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст. — З пералічаных вамі варыянтаў, хутчэй за ўсё, гэта ўсё ж такі крок насустрач амерыканцам. Таму ўздзеянню, якое яны аказваюць.
На мой погляд, гэты крок не вельмі шырокі. Бо ЗША сфармулявалі сваю пазіцыю: перамовы павінны быць без нейкіх папярэдніх умоў. А спадарыня Ругінене, як мы бачым, фактычна паўтарыла набор умоў, якія яна фармулявала, адказваючы на інтэрв’ю Коўла LRT.
На думку аналітыка, заява літоўскага боку сведчыць: Вільнюс чуе Вашынгтон. І нельга выключаць, што гэта не апошні такі крок насустрач. Таксама нельга выключаць, што Вашынгтон будзе рабіць захады, у тым ліку непрыемныя для Літвы, каб прыспешыць наступныя крокі.
Пры гэтым Мінск лічыць, што ён зрабіў дастаткова: грузавікі пачаў выпускаць з закладнікаў за меншую плату, зменшылася колькасць палётаў метэазондаў у паветраную прастору Літвы, інтэнсіўнасць міграцыйнага патоку хоць і павялічылася пасля зімы, але меншая, чым у такія ж перыяды мінулых гадоў.
— Думаю, што большага беларускія ўлады не будуць рабіць, — зазначае Юры Дракахруст. — Тым больш, пытанне з фурамі тэарэтычна можа быць вырашанае так, як хоча Вільнюс — адпусціць усіх і платы не браць. Гэта скончанае дзеянне. А вось што да балонаў ці міграцыйнага патоку — яго можна спыніць сёння, але ці не адновіцца гэта заўтра?
Каб гэтыя праблемы вырашыць — спыненне атак павінна стаць не з’явай, а правілам. А пра правілы ці дамаўляюцца ў ходзе перамоў, ці ўсталёўваюць іх у парадку капітуляцыі.
Мінск пакуль не збіраецца капітуляваць. Калі ж Літва пойдзе на дыялог без выканання яе ўмоваў, на погляд многіх літоўцаў, гэта будзе капітуляцыяй.
Таму, адзначае эксперт, рух Вільнюса насустрач — «сімвалічны крок, нават паўкроку». А як будзе складвацца сітуацыя далей, прагназаваць складана:
— Мы ведаем, што дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях Дзяніс Кучынскі прыляцеў у Вашынгтон, каб прапанаваць амерыканцам не выкарыстоўваць ціск на еўрапейскія краіны, прынамсі на Літву, у пытанні санкцый. Але наколькі хопіць дыпламатычных талентаў спадара Кучынскага, каб угаварыць ЗША не рабіць тыя крокі, якія яны, магчыма, збіраюцца зрабіць?
Вайна з Іранам надае рэзкасці амерыканскай знешняй палітыцы, і яны могуць дзейнічаць адпаведна. Скажам, калі прэзідэнт Трамп гаворыць: еўрапейцы нам не дапамаглі, і цяпер наогул стаіць пытанне, навошта нам НАТО — магчыма, што гэта спосаб ціску ці пагроза Еўропе.
Альбо, што непасрэдна да Літвы — ёсць жа праграмы ваеннай супрацы, у тым ліку ЗША з краінамі Балтыі і менавіта з Літвой. І летась Пентагон агучваў планы яе скараціць (хоць напачатку 2026 года міністр абароны Літвы Робертас Каўнас запэўніваў, што гаворкі пра скарачэнне колькасці амерыканскіх салдат не ідзе — Ф.)
Не выключаю, што ЗША могуць дзейнічаць, ставячы саюзнікаў перад фактам. То-бок: мы скарачаем ваенную прысутнасць і дапамогу ў пытаннях бяспекі краінам Балтыі. А калі вас гэта засмучае, вы думайце, што зрабіць, каб Вашынгтон скарэктаваў зробленае.
Стыль дыпламатыі Трампа шмат у чым такі — менавіта так ён дзейнічаў, усталёўваючы надзвычай высокія імпартныя тарыфы, каб партнёры прапаноўвалі ЗША нешта ўзамен на іх зніжэнне.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное
