Атрымліваецца дзіўнае супадзенне цалкам розных падыходаў. Гуманітарнага — што жыццё кожнага чалавека — велізарная каштоўнасць, дзеля якой можна ахвяраваць усім, нават калі пасадзяць іншых, але ж выцягнуць хоць аднаго важна. І да таго ж выніку прыводзіць брутальны падыход а-ля realpolik: галоўнае — выцягнуць Лукашэнку з арбіты Расеі, а калі пры гэтым атрымліваецца кагосьці вызваліць, ну і дзякаваць богу.
Дракахруст: «Трамп разглядае Лукашэнку як элемент вялікай гульні на Вялікай шахматнай дошцы»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст у інтэрв’ю Филину — пра абраную ЗША палітыку датычна афіцыйнага Менску.
Днямі ў Давосе адбылося зацверджанне статуту «Рады міру», стварэнне якой ініцыяваў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Нагадаем, прапанову ўступіць у Раду атрымаў і афіцыйны Мінск, Аляксандр Лукашэнка імкліва пагадзіўся на яе.
Зрэшты, замест яго на цырымоніі ў Швейцарыі прысутнічаў пасол Беларусі ў гэтай краіне Аляксандр Ганевіч. Але факт застаецца фактам: рэжым Лукашэнкі яшчэ на крок бліжэйшы да выхаду з міжнароднай ізаляцыі.
І дапамагае яму ў гэтым не хто іншы, як амерыканская адміністрацыя.
У нядаўнім інтэрв’ю спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл зазначыў: Штаты «хочуць вызваліць палітвязняў і развіваць нармальныя стасункі», таму працягваюць дыялог з Менскам. Але пры гэтым амерыканскі бок не патрабуе ад Лукашэнкі спынення рэпрэсій і набору новых захопнікаў наогул. Цяпер жа правіцелю далі месца, хай і ў дальнім краі стала, у «Радзе міру».
Чаму ЗША выбудоўваюць стасункі з Беларуссю менавіта такім чынам, і ці сарваў Лукашэнка джэкпот у стасунках з Трампам, ці ўсё (даруйце) не так адназначна? Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Радыё Свабода Юрыем Дракахрустам.
— Тлумачэнне адносін США, я думаю, даволі простае, — зазначае аналітык. — Для беларусаў — усіх нас, і тых, хто жыве ўнутры краіны, і эмігрантаў, прыярытэт — сітуацыя ўнутры нашай краіны, правы чалавека, узровень рэпрэсій, лёс палітвязняў. А для Штатаў, прама скажам, гэта не галоўнае. Не было галоўным і раней, хоць і рабіўся акцэнт на правы чалавека, і сёння — цяперашняя адміністрацыя робіць акцэнт на геапалітычныя чыннікі.
Уласна, імпульсам для супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам і былі чыннікі такога кшталту. Высветлілася, што Лукашэнка можа быць карысным для дыялогу з Пуціным. Якім чынам карысны — мы не ведаем, але амерыканцы кажуць, што так, ён дае карысныя парады.
Акрамя таго, мяркую, ёсць стратэгічная ідэя — калі не вырваць Лукашэнку з абдымкаў Расеі, то прынамсі дыстанцыяваць, даць яму магчымасць гуляць нейкую адносна самастойную гульню. У гэтым сэнсе палітыка ЗША адносна Беларусі перагукаецца з палітыкай адносна краін Цэнтральнай Азіі.
Напрыканцы мінулага года чатыры кіраўнікі цэнтральна-азіяцкіх краін — такія ж прыкладна «дэмакраты», як Лукашэнка, каб яшчэ фору не далі яму ў рэпрэсіўнасці — прыязджалі ў Вашынгтон. І Трамп з імі сустракаецца, каб стварыць нейкі контрбаланс супраць уплыву Расеі, нават больш супраць уплыву Кітаю.
Тое самае з Лукашэнкам. Яго Трамп разглядае як элемент вялікай гульні, як пісаў Бжэзінскі, на Вялікай шахматнай дошцы. Сітуацыя склалася так, што элементам абмену ёсць палітвязні. Летась папярэднік спадара Коўла, Кіт Келаг, наогул казаў, што гэта «пазітыўны пабочны эфект»: медыйна, усе пра тое пішуць, а вызваленыя, хоцькі-няхоцькі, дзякуюць Трампу.
Яму гэта плюсік у карму, быць можа, плюсік у дасье на Нобелеўскую прэмію міру.
А тое, што паралельна беларускія ўлады кагосьці саджаюць яшчэ — ну так, ну саджаюць. Свет недасканалы.
На гэтым можна было б паставіць кропку. Аднак Юры Дракахруст зазначае: магчыма, у ЗША і ёсць больш далёкія планы, збудаваныя на досведзе папярэдніх перыядаў лібералізацыі ў Беларусі (пасля 2008, 2015 года).
— Тады дамоўленасці былі акурат пра палітвязняў, але потым Мінск рабіў і іншыя крокі — былі палёгкі для медыя, для правядзення масавых акцый. І наўрад ці дазвол на святкаванне 100-годдзя БНР быў прапісаны ва ўмовах зняцця санкцый — проста складвалася рэальнасць, у каторай гэта было дапушчальна.
Не выключаю, што і разлік Трампа такі ж: калі Лукашэнка вызваліць усіх, складзецца іншая рэальнасць, у якой ён пачне рабіць крокі ў правільным кірунку і сам па сабе.
— А калі не вызваліць? Прыканцы мінулага года мы абмяркоўвалі, што Лукашэнка — вязкі таргаш, які імкнецца аддаць меней, атрымаць болей. І калі ён не атрымае чагосьці важкага, ці не запаволіцца (а мо і спыніцца) працэс вызвалення людзей?
— Але ж ён атрымлівае бонусы, і не толькі ад зняцця канкрэтных санкцый. Меркаванні прэстыжу, прысутнасці на нейкіх пляцоўках для Лукашэнкі асабіста не менш важныя, чым санкцыі. Калі не больш.
І калі напісана «Высокапаважаны спадар прэзідэнт», і віншаванні з народзінамі ад сябе і ад Меланьі, нават запанкі — прыемна. А тым болей, запрашэнне ў «Раду міру» — у свеце 200 краін, але ж не ўсіх запрасілі, нават фармальна больш блізкіх да Штатаў. Гэта ж таксама чагосьці варта?
А Рада — гэта падвышае шансы на асабістую сустрэчу з Трампам. То бок, нейкія плюшкі, як казаў Юрый Васкрасенскі, даюцца.
Ці палічыць Лукашэнка, што гэтага мала? Можа, канешне. У яго ёсць і ўласнае адчуванне «малавата будзе», а ёсць і другі фактар — Расея. Яны і самі вядуць перамовы з ЗША, і краем вока паглядаюць, ці не парушае Лукашэнка нейкія чырвоныя лініі. Таму могуць быць спыненні, адкаты ў дыялогу з Вашынгтонам. Але ж я думаю, Лукашэнка гэты выбар зрабіў.
Да таго ж, амерыканская адміністрацыя — гэта не Рада Еўропы, якая заклікае да чагосьці. Заклікаць можна хоць сто год. Але, як казаў Сталін у свой час: «Папа Рымскі? А колькі ў яго дывізій?». У Рады Еўропы дывізій няма. А ў Трампа ёсць. І калі ён сказаў у мінулым годзе, што чакае ад Лукашэнкі вызвалення 1300-1500 чалавек, гэта не проста гук у пустаце.
— Ці ёсць рызыкі, што Трамп астыне да тэмы беларускіх палітвязняў? Усё ж ён вядомы як чалавек імпульсіўны, дый медаль міру ў яго ўжо ёсць, хай атрыманы не надта законным шляхам…
— ЗША ўзялі гэтую лінію, то чаму Трамп павінен ад гэтага адмаўляцца? Калі мэта — знізіць залежнасць Беларусі ад Расеі і выкарыстоўваць паслугі Лукашэнкі для камунікацыі з Крамлём — пакуль не дасягнутая, то навошта гэта спыняць?
Хіба ў выпадку, калі ад Лукашэнкі дачакаюцца чагосьці іншага, больш цікавага. Умоўна, калі той скажа: вязняў я ўсё ж патрымаю, але дамагуся, каб вывелі ядзерную зброю і «Арэшнік» з Беларусі. Тады, думаю, Трамп сказаў бы — ды не пытанне. Бо вызваленне палітвязняў не аслабляе сувязі Беларусі з Расеяй, яно ідзе крыху перпендыкулярна. А вось ядзерная зброя — акурат пра тое, пра бяспеку.
Але ж, мяркую, што для Лукашэнкі прасцей вызваляць палітвязняў, і такога кшталту прапановы не будзе.
Пра ядзерную зброю — тэарэтычна такая дамоўленасць можа быць дасягнутая ў межах глабальнага мірнага пагаднення вакол Украіны. Але ў аднабаковым парадку наўрад ці, ні з пушчы ні з поля, Лукашэнка можа сказаць Пуціну: Уладзімір Уладзіміравіч, бомбы свае прыбяры. Як бы той не адказаў: я пару дывізій прышлю, каб ты апрытомнеў.
З другога боку, паўтаруся, не проста так Трамп казаў пра 1300-1500 вязняў, якіх трэба вызваліць. І Лукашэнка разумее, што гэта сказаў не проста праваабаронца, ці лідар меркаванняў, грамадскі дзеяч.
Гэта чалавек, за якім ёсць сіла. І ў Каракасе ён паказаў, што можа рабіць. Гэта не значыць, што будзе тое рабіць адносна Лукашэнкі. Але ж гэта напамін, што ягоныя словы — не проста балбатня, на якую можна не зважаць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное