У савецкія часы імітавалі самі выбары, бо яны такімі не з’яўляліся. Цяпер выбары таксама не з’яўляюцца выбарамі, але імітаваць даводзіцца трошкі больш.
Дракахруст: У Мусаліні быў свой «народны сход», які яго і адхіліў ад улады
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра асаблівасці лютаўскай выбарчай кампаніі і прывітанні гісторыі.
— Да так званага адзінага дня галасавання застаецца менш за тры тыдні. Што на сёння вы б адзначылі незвычайнага ў гэтай кампаніі, што яе адрознівае ад папярэдніх?
— Я бачу некалькі цікавых момантаў у гэтай кампаніі. Ужо вядомы спіс зарэгістраваных кандыдатаў. І тут назіраецца пэўная эвалюцыя ў параўнанні з савецкімі часамі, нягледзячы на тое, што некаторыя прадстаўнікі беларускай улады разглядаюць іх у якасці ідэала. Тут можна згадаць і нядаўнія шчыраванні Качанавай на сустрэчы з моладдзю.
Але часы змяніліся. Цікава тое, што ўлады вельмі дакладна і жорстка вытрымалі ілюзію спаборнасці. Бо ў ранейшыя гады бывалі выпадкі, калі на некаторых участках быў толькі адзін кандыдат.
Напрыклад, апазіцыя не вылучала свайго прадстаўніка, а ўлада высоўвала аднаго прэтэндэнта. Такіх участкаў было няшмат, але яны былі. У 2019-м такія акругі былі, былі дзесьці ў правінцыі.
А зараз з гэтым усё вельмі строга. Я падлічыў: у 72 акругах паміж сабой будуць канкураваць па два кандыдаты, у 32 — па тры, у шасці — па чатыры.
І гэта нешта патрэбнае. Патрэбнае самім уладам, яны пра гэта кажуць: маўляў, мы гэта робім не для Захада. А калі так, то для каго і дзеля чаго гэта зроблена?
У любым выпадку тут можна прасачыць пэўную эвалюцыю, што для чагосьці гэта спаборнасць патрэбная, такія часы прыйшлі.
Яшчэ адзін момант. Зразумела, што апазіцыі на гэтых выбарах няма. І той жа спадар Кучук, былы кіраўнік ліквідаванай партыі «Зялёныя», быў адсеяны на самым пачатку, яму не далі нават групу зарэгістраваць.
Але што мне было цікава ў канчатковым спісе. Там не тое, што проста прыхільнікі Лукашэнкі, лаялісты, а наменклатура, як казалі ў часы Савецкага Саюза. Я падлічыў — каля 70 чалавек.
Гэта супрацоўнікі дзяржапарату, кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў, начальнікі аддзелаў, прадстаўнікі органаў улады — выканкамаў і міністэрстваў.
Плюс — пэўная колькасць вайскоўцаў, прадстаўнікоў КДБ, пракуратуры. Пэўная колькасць былых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. І некалькі прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацый і інстытуцый — партыі «Белая Русь», афіцыйных прафсаюзай, Чырвонага крыжа.
То бок, большасць складаюць не проста прыхільнікі ўлады, тыя ж дырэктары прадпрыемстваў, а гэта ўлада і ёсць. Паўтаруся, наменклатура ў былым савецкім разуменні. Лукашэнка падпісаў указ пра кадравы рэзерв.
Улада фактычна капіруе сама сябе. Яна праводзіць у парламент саму сябе. Не нейкіх сваіх прыхільнікаў, рабочых ці тых жа дырэктараў прадпрыемстваў. Гэта яна сама, наменклатура. Гэта цікавая з’ява.
Здаецца, на цяперашніх выбарах такога больш, чым было раней. У папярэдніх кампаніях, падаецца, улада не так пільна адсочвала, каб ішлі толькі «свае».
Магчыма, для нейкага гэта стане ў пэўным сэнсе ганаровай пенсіяй. Я думаю, што прызначэнне ў палату кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігара Сергеенкі не з’яўляецца падвышэннем. На мой погляд, гэта хутчэй «залаты парашут». Бо адміністрацыя — гэта рэальная ўлада, а дэпутацтва — ганаровая пенсія.
Яшчэ адна цікавая асаблівасць гэтай кампаніі — вылучэнне некалькіх прапагандыстаў. Раней яны так сюды не імкнуліся. Думаю, мэта тут — стварэнне медыйнага шуму.
З іншага боку, калі для Сергеенкі парламент стане «залатым парашутам», то для прапагандыстаў дэпутацкі фатэль можа стаць трамплінам для наступнай кар’еры.
Магчымасцю патрапіць у тую ж адміністрацыю, у нейкае міністэрства. Прынамсі, для некаторых. І тут ёсць свая канкурэнцыя.
Думаю, тут няма патрэбы паўтараць, што гэта не дэмакратыя і што гэта не выбары. Але гэта яшчэ адзін дадатковы кар’ерны ліфт, які працуе ў абодва бакі. Хтосьці недзе штосьці сказаў, выступіў, магчыма, спадабаўся Лукашэнку. І ў выніку пайшоў вышэй.
А для кагосьці гэта плаўны сыход на харошую пенсію, на добрае забеспячэнне. І ў гэтым сэнсе гэта важны інстытут у сучаснай сістэме ўлады ў Беларусі. Хоць паводле функцыяў і паўнамоцтваў сучасны парламент — гэта пятае кола ў возе.
І я не выключаю, што калі будзе сфарміранваны Усебеларускі народны сход, асабліва яго прэзідыюм, то парламент канчаткова стане непатрэбным.
Бо частка ягоных функцый, няхай і рытуальных, будзе аддадзеная УНС. Прынамсі прэзідыюм будзе штосьці вырашаць. Пра гэта можна меркаваць і па развагах Лукашэнкі, па тым, як ён бачыць функцыі сходу.
Тут можна прыгадаць аўтэнтычны фашызм часоў Мусаліні ў Італіі. Калі ён прыйшоў да ўлады, то напачатку яшчэ праводзіў выбары ў парламент, на якіх фашысцкая партыя набірала 99%. А потым ён скасаваў і тыя выбары.
Быў утвораны Вялікі фашысцкі савет, які фармаваўся прыблізна так, як сёння фарміруецца лукашэнкаўскі УНС. То бок, яго чальцы кааптаваліся ад органаў улады, ад карпарацый.
І ў выніку быў створаны орган улады, які знаходзіўся пад Мусаліні. Які, дарэчы, адыграў і сваю ролю ў лёсе дучэ, бо ў 1943-м менавіта кіраўніцтва ВФС фактычна адхіліла Мусаліні ад улады. Гэта такое прывітанне Аляксандру Рыгоравічу ад гісторыі, што па-рознаму бывае з усімі гэтымі сходамі.
Але логіка ў абодвух была аднолькавая — стварыць орган, які не абіраецца нават праз уяўную форму выбараў, а адбываецца кааптацыя прадстаўнікоў рэжыма. І вось мы маем УНС.
Раней мы і так не часта ўзгадвалі парламент, а цяпер, магчыма, праз які год мы будзем згадваць пра яго гэтаксама часта, як часта згадвалі італьянскі парламент у часы фашызму.
— Мяркуючы па ўсім, у палаце ўладу цяпер будзе прадстаўляць сама ўлада. А што народ? Ці выказвае ён нейкую цікавасць да гэтай падзеі? І што можна сказаць пра пазіцыю апанентаў улады?
— Мне падаецца, што народ не мае цікавасці, па розных прычынах. Цікавасць да парламенцкіх выбараў заўсёды была нізкай. Акрамя, натуральна, 1990-х.
А пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі сказаць, што народ надта ж пераймаўся з гэтай нагоды, то не. Прэзідэнцкія выбары — так. Гэта першая асоба, гаспадар. Такое патэрналіцкае мысленне ў беларусаў.
Можна прыгадаць, як у 2019-м у палату балатаваўся чыноўнік з МЗС Андрэй Савіных. Ён выклаў тады фота з залы ў Мінску, дзе мусіў сустракацца з выбарцамі, выступаць перад народам. На фота — пустое памяшканне і самотны Савіных.
І ў дадзеным выпадку пытанне не столькі да яго, як, акрамя ўсяго іншага, да стаўлення людзей да гэтай падзеі.
Трэба таксама разумець, што пасля падзей 2020-га ў грамадстве пануе моцная апатыя, вялікая стома ад палітыкі. І справа не толькі ў страху. У мяне быў і ёсць такі вобраз — разрадка акумулятара.
Усё ж 2020 год быў велізарным выплюхам, разрадам энергіі, якая назапашваецца гадамі. Гэтая энергія ў грамадскай машыне небясконцая. І зараз проста няма гэтага запасу.
Людзі ўсё разумеюць. І як гэтая ўлада збудаваная, і што выбары — гэта не выбары насамрэч. Іх гэта па-просту не цікавіць. Да прэзідэнкціх выбараў, я думаю, цікавасць будзе. А ці стануць яны нейкім запалам?
Тут варта звярнуць увагу на пазіцыю апанентаў улады. Апазіцыя фактычна ігнаруе кампанію, яе дэвіз «безвыбары — выбараў няма». А таму і няма чаго да іх неяк асабліва ставіцца.
Іншая справа, калі б яны спрабавалі прыхавана вылучаць сваіх кандыдатаў, прасоўвалі расійскую мадэль «разумнага галасавання»: заклікалі падтрымліваць таго, хто не з’яўляецца відавочным пратэжэ ўладаў.
Я ў дадзеным выпадку нават не абмяркоўваю, якія былі альтэрнатывы ў апазіцыі. Думаю, яны ўсе былі не вельмі эфектыўныя і яскравыя. Але з улікам таго, які выбар зрабіла апазіцыя, нават для тых, хто яе слухае, арыентуецца на яе меракаванне, ва ўмовах бязвыбараў кудысьці бегчы з віламі відавочна недарэчна.
Я ўжо не кажу, што рызыка любых дзеянняў сёння проста вар’яцкая. Але пры такіх падыходах апазіцыі проста няма ніякага матыву. З такім жа поспехам на вуліцу можна выйсці ўжо сёння, або праз два месяцы пасля галасавання.
Сам гэты працэс нічога не значыць, паколькі ніхто з апазіцыі не дапушчаны нават да збору подпісаў. Таму звычайны рэвалюцыйны механізм «у нас скралі выбары, у нас скралі галасы» тут не працуе, бо тут ніхто нічога не скраў.
І я думаю не думаю, што ў дадзеным выпадку менавіта гэта можа стаць матывам для нейкіх дзеянняў. Пасля рэфрэндума 2022-га матывам была вайна.
І тыя сотні, ці тысячы людзей, што выйшлі тады на вуліцы з вар’яцкай рызыкай для сябе — гэта была вайна, а не рэферэндум. Калі б не яна, я думаю, людзі махнулі б рукой на рэферэндум.
Тады, да слова, сітуацыя нагадвала сённяшнюю. Сам Лукашэнка тады казаў, што няма розніцы, за які варыянт Канстытуцыі прагаласуе народ, бо ў абодвух версіях прапісаныя фактычна дыктатарскія паўнамоцтвы прэзідэнта.
Так і цяпер, у людзей альтэрнатыва: прагаласаваць за начальніка ўпраўлення райвыканкама або за дырэктара завода. Галасы за каго тут можна скрасці?
Таму я думаю, што ролю трыгера нейкага працэса гэтыя выбары наўрадці адыграюць. Прэзідэнцкія выбары — магчыма. Яны маюць сваю важнасць.
Возьмем выбары ў Расіі, пры ўсёй іх умоўнасці. Там і Канстытуцыю пад Пуціна перапісалі, там і вайна. Але тыя чэргі на подпісы за Надзеждзіна, няхай і не такія вялікія, як Беларусі ў 2020-м, гэта нейкая новая рэальнасць. І я думаю, што справа тут найперш не ў асобе Надзеждзіна, а ў тым, што гэта прэзідэнцкія выбары, выбары цара.
Так і ў Беларусі. Не факт, што кампанія 2025-га стане такім трыгерам, але можа ім стаць.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное