Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Зараз у нас не проста дыктатура, вось гэты тэрор — гэта лад жыцця ў сённяшняй Беларусі»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра тое, ці заўважаць на Захадзе чарговую хвалю рэпрэсій у нашай краіне.

Юрый Дракахруст

— На мінулым тыдні адбылася масавая аблава на палітзняволеных, якія адбылі пакаранні і засталіся ў Беларусі, а таксама на родных вязняў. Была заведзеная справа на два дзясяткі аналітыкаў, у тым ліку і на вас. Якія высновы з гэтай падзеі мы можам зрабіць? І ці варта чакаць маштабавання гэтых працэсаў?

— Я думаю, што гаворка, магчыма, не пра маштабаванне. Тое, што Дубаўцу, а таксама мне і маім калегам выставілі абвінавачванні, не азначае, што заўтра пойдуць рэпрэсіі адносна ўсіх палітолагаў, усіх палітычных аналітыкаў.

Можа быць і такое, дарэчы. Дойдуць рукі да ўсіх. Але не выключана, што гэтая хваля пойдзе ў нейкія іншыя сферы. Я не ведаю, куды. Ды і не хочацца ім падказваць. Гаворка можа ісці пра нейкія іншыя катэгорыі грамадства.

Гэта можа быць хто заўгодна, каго раней не чапалі. Гэта мы і ўбачылі ў падзеях апошніх тыдняў. Калі да апошняга часу былых вязняў, якія засталіся ў Беларусі чапалі, але не так масава, не так сістэмна.

Тое самае і адносна сваякоў і родных палітзняволеных. Так, іх хапалі, выклікалі на допыты, саджалі. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі, а тут цэлая кампанія.

А да таго, можна прыгадаць, была справа Каардынацыйнай рады з канфіскацыяй маёмасці яе чальцоў. Ізноў жа, гэта сістэмная праца: яны ўзялі яшчэ адзін сектар, які дагэтуль не чапалі. І зараз можна чакаць распаўсюд увагі на чарговы сектар.

Мне цяжка сказаць, што гэта. Магчыма, гэта праява ўнутранага самаразвіцця сістэмы, інтарэсаў сілавікоў, якія зацікаўленыя ў разгоне кола рэпрэсій.

А з другога боку гэта можа быць тое самае нагнятанне. Маўляў, немаведама што тыя ворагі могуць учыніць, а каб гэтага не здарылася, трэба нанесці па іх прэвентыўны ўдар.

— Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа настолькі сур’ёзныя, што могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці, гаворыцца ў адмысловай рэзалюцыі ПАСЭ па Беларусі. Нямецкая прэса фактычна параўноўвае метады беларускага рэжыму з практыкамі часоў нацызму ў Германіі і Сталіна ў СССР.

Ці здолеў афіцыйны Мінск звярнуць на сябе ўвагу Захаду, ці ўсё ж не варта пераацэньваць гэтыя рэакцыі?

— Я думаю, што не. Хутчэй за ўсё, не. Таму што Украіна ўсё забірае. Забіраюць унутраныя праблемы самога Еўразвяза. Гэта і канфлікт з Вугоршчынай, і перспектыва выбараў у Еўрапарламент. 2024 год — гэта цэлы каскад выбараў. У Літве дык цэлыя дзве кампаніі адбудуцца.

Я не думаю, што Беларусь тут будзе ў чымсьці фігураваць. Калі толькі Лукашэнка не замахнецца на міжнародную бяспеку. Але, як мы бачым, ён на яе не замахваецца. І тут, дарэчы, цікавая дынаміка міграцыйнага крызісу. Нуль, яна фактычна сышла на нішто. Гэта ўжо не фактар.

Пра «Вагнер» ужо фактычна ніхто і не згадвае, што ён быў у Беларусі. Тыя інструктары, што былі, цяпер хто дзе. Хто завербаваўся, хто, магчыма, атрымаў ужо беларускае грамадзянства. Але як фактар гэта таксама знікла.

Я думаю, што нават у выпадку, калі маштабы рэпрэсій вырастуць, мала што зменіцца. У дадзеным выпадку паказнікам з’яўляецца тое, як часта Беларусь згадваецца ў заходніх медыя. І гэтая частата не надта высокая. Тут і Украіна, і Ізраіль, і выбары ў ЗША, і Тайвань. Гэта ўсё навіны важныя і дынамічныя.

У 1996-м мой калега з рускай службы «Радыё Свабода» Пётр Вайль асвятляў рэферэндум у Беларусі. І калі галасаванне завяршылася, ён мне проста сказаў: «Цяпер вы перастанеце быць цікавымі свету. Таму што дыктатура — гэта не навіна, гэта лад жыцця».

Зараз у нас не проста дыктатура, вось гэты тэрор — гэта лад жыцця ў сённяшняй Беларусі. Гэта не навіна. Амерыканскія выбары — навіна. Вайна — навіна, бо там мяняюцца лініі фронту, наступы адбываюцца. А тэрор — гэта не навіна. Тым больш калі ён ідзе такім роўным слоем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(20)