«Дзьве душы. Дзьве радзімы»
Што лепей: жыць на радзіме і ўвесь час азірацца, альбо жыць у вольным сьвеце, але не мець магчымасьці сустракацца са сваякамі і сябрамі і наведваць улюбёныя мейсцы? Пра гэты нялёгкі выбар, які цяпер даводзіцца рабіць вельмі многім беларусам, піша Лявон Вольскі на budzma.org.
Што лепей:
— Гадамі быць забароненым на радзіме, ня мець магчымасьці граць для людзей, але жыць там, на гэтай радзіме — сустракацца зь сябрамі, бацькамі, сваякамі, наведваць улюбёныя мейсцы;
— Ці жыць у вольным сьвеце — грай што, дзе і колькі хочаш! — ніякіх забаронаў, але ня мець магчымасьці наведаць радзіму — не сустракацца з бацькамі, сябрамі, сваякамі, не наведваць мейсцы, якія цягам дзесяцігоддзяў давалі табе сілу, лекавалі і натхнялі;
— Жыць на радзіме і ўвесь час азірацца — ты разумееш, што ўсё робіш сумленна — пішаш у сацыяльныя сеткі свае меркаваньні пра навакольнае жыцьцё, сьпяваеш пра тое, што баліць, даеш камэнтары прэсе, але на тваёй радзіме так жыць не прынята, і ўсе разумеюць, што за такі лад жыцьця можна атрымаць у плечы, ты таксама гэта разумееш, таму і азіраесься ўвесь час — ці не па цябе прыехаў гэты сіні бусік, ці не цябе пільнуе вунь той хлопец у спартыўках за дрэвам? (Тут я кажу ня толькі пра 2020-ты, і раней былі часы, калі хмары насоўваліся, і гайкі закручваліся, і пажадана было вывезьці ў бясьпечнае мейсца хатні кампутар, і лэптоп, і зьнешні дыск);
— Ці то жыць на чужыне і пазбыцца ўрэшце «боязі мікрааўтобусаў» (бо напачатку, калі ты толькі пераехаў, гэты сродак перасоўваньня звыкла палохаў, а паліцэйскі мяйсцовы аўтазак зь сінімі мігалкамі дык наогул выклікаў ледзьве ня паніку), але сустрэцца зь іншымі выклікамі — зборам дакумэнтаў ды чэргамі ў міграцыйным бюро па карту побыту, пошукам здымнае кватэры (з пачаткам вайны кошты вырасьлі ўдвая — раней, дома, ты і ўявіць ня мог, што можна столькі плаціць за звычайную арэндную кватэру, дык гэтую кватэру яшчэ і не знайсьці!), сплатай падаткаў паводле правілаў гэтае краіны — і гэтыя правілы трэба дасканала зразумець і вывучыць, сутыкненьнем з тутэйшай сыстэмай аховы здароўя, а яна зусім не падобная да звыклай айчыннай, кантактаў з інспэктарам паліцыі за перавышэньне хуткасьці — усё гэта не такое, як «у нас», нязвыклае і незразумелае, непакоіць і палохае;
— Атрымліваць асалоду ад роднае Беларусі (а там ёсьць ад чаго яе атрымліваць — хаця б ад прыроды) і кожны выезд за мяжу ўспрымаць як падзею — у першую чаргу, як станоўчую падзею, як сьвята — мы едзем у вольны сьвет (памятаю, выходзіш з будынку вакзалу ў Вільні, ідзеш па веснавой вуліцы і прагна ўдыхаеш вольнае віленскае паветра, узрушаны ды шчасьлівы), але штораз насьцярожвацца на мяжы, калі ў цябе ўтаропліваецца суворы памежнік: «Ничего запрещенного не провозим?», і бывалі выпадкі, калі бяскрыўдныя кружэлкі «Крамбамбулі» разьбіралі на складовыя часткі (цікава, што яны там шукалі, унутры кардоннае ўпакоўкі?) і ганялі на асабісты дагляд (праўда, тады «людзі ў чорным» пазналі цябе і, пагаварыўшы дзесяць хвілінаў пра «тяготы и лишения» іхнае службы, адпусьцілі без дагляду);
— Ці то жыць у вольным сьвеце і езьдзіць па ўсёй Эўропе бязь межаў — да Бэрліну — пяць гадзінаў, да Прагі — сем, да Мюнхэну — дванаццаць, але па-за Шэнгенскай зонай трапляць у непрыемную сытуацыю ў аэрапорце Кутаісі (добра яшчэ, што не дэпартавалі!) і думаць, што ў Чарнагорыю, тады, відаць, таксама лепей не завітваць (не Эўразьвяз, хто іх там ведае!), ня кажучы ўжо пра Беларусь, сустрэчу зь якой ты цяпер, чамусьцьі, сьніш толькі ў адным кантэксьце: «Як я тут апынуўся?! Як цяпер адсюль уцякаць?», якая ўжо там асалода ад родных краявідаў, забудзься на гэта;
— Жыць у сьвеце плянавае эканомікі і аўтарытарызму, дзе грошы, здаецца, бяруцца ніадкуль, і ўсе запрашаюць цябе зайграць карпаратыў, дзе вада, бэнзын і газ амаль бясплатныя, але ў паветры разьліты татальны кантроль над усім ды ўсімі;
— Ці жыць у сьвеце, дзе ніякага кантролю не адчуваецца, але ўсё трэба лічыць, і складаць плян, і кіравацца сусьветнымі законамі шоў-бізнэсу, якія ў Беларусі папросту не працуюць?
Тое на тое
Хтосьці ўпадабае адну мадэль, хтосьць — іншую. Хтосьці будзе жыць у заходнім сьвеце й марыць пра Беларусь. Хтосьці — у Беларусі з мараю пра вольны заходні сьвет. Хтосьці так і ня здолее вызначыцца і будзе матляцца паміж тым сьветам і гэтым.
Нехта пераканае сябе, што ў Беларусі ня так і дрэнна, і можна нармальна жыць, калі ня лезьці ў палітыку. Нехта вырашыць настолькі асымілявацца і забыцца на сваю нягеглую радзіму, што пачне размаўляць зь дзецьмі на мове краіны, якая дала яму прытулак. А нехта будзе жыць у гэтай краіне і ўсё мяйсцовае ненавідзець і мроіць чыстую-сьветлую Беларусь...
Усяго ў беларусаў па два. Два Вялікадня. Падвоеныя Каляды. Менск і Мінск. Дзьве душы. Дзьве радзімы.
А можа, так яно і трэба? Можа яно, як той казаў, тое на тое і выходзіць?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное