«Гэта не спаборніцтва ястрабаў і галубоў». Чаму выбары ператварыліся са «свята» ў «спецаперацыю»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра тое, якімі ў сённяшняй Беларусі могуць быць узаемадачыненні паміж топ-чыноўнікамі і сілавікамі.
— Затрыманне «дыверсантаў» пад Лельчыцамі выглядае танным спектаклем, зробленым на хуткую руку. Але сваю функцыю застрашвання ён, падаецца, выканаў. Як і дэманстрацыя сілавікамі таго, як яны будуць душыць любую праяву іншадумства на выбарчых участках.
Ужо зараз гучаць галасы, што простаму беларусу лепш не выходзіць з дому ў дзень галасавання.
Адначасова мы бачым ролікі з заклікамі ісці на выбары, якія запісваюць бюджэтнікі і арыштаваныя за палітыку блогеры.
Складваецца ўражанне, што адных гоняць на выбары, а іншых адганяюць ад іх. Што вы думаеце на гэты конт?
— Я думаю, што ў дадзеным выпадку гаворка не столькі пра тонкую гульню на сегментаванне аўдыторыі, колькі міжведамаснае непаразуменне, нескладуха.
То бок, ёсць ведамствы, якія займаюцца прадухіленнем беспарадкаў падчас выбараў. Найперш сілавікі, але не толькі яны. А з другога боку ёсць прапагандысты, у якіх свае задачы. І пра тое, што гэтыя задачы могуць супярэчыць адна адной, магчыма, ніхто не турбуецца.
Кожны займаецца сваім участкам, а тое, што няма нейкай адзінай, так бы мовіць, волі, якая б зводзіла гэтыя ведамствы разам, якая б магла заўважыць, што іх пасылы супярэчаць адзін аднаму, то на гэта ніхто не зважае. Маўляў, хапае іншых задач.
Таму мне асабіста падаецца, што гэта не тонкая праца на розныя аўдыторыі, ці нават на розныя аспекты ўспрыняцца адных і тых жа аўдыторый, колькі такая міжведамасная неразбярыха.
У пачатку лютага я рабіў інтэрв’ю з расійскім палітолагам Максімам Самарукавым. І вось ён прывёў такі прыклад. У Расіі міністэрства фінанасаў увяло падатак на нафтаперапрацоўку, каб вырашыць свае пытанне, тое ж папаўненне бюджэту. Тут узвыла міністэрства паліва і энергетыкі, бо гэта рост цэнаў. І калі яно зрабіла калегам заўвагу, што тыя ствараюць для іх праблемы, адтуль адказалі: а нас гэта не турбуе.
Тут ужо Мінпаліва, якое не можа адмяніць той падатак, забараняе экспарт нафтапрадуктаў. І ўжо настае чарга ўзвыць Мінфіну. Але ў Мінпаліва ёсць гатовы адказ на гэта: а гэта ўжо не наша праблема.
І гэта пры тым, што Расія — фактычна дыктатарская краіна. Краіна, якая вядзе вайну. Ну вось тое самае і Беларусь. У кожнага свая задача, а што там у іншых…
— Гісторык Аляксандр Пашкевіч трапна заўважыў, што раней улады называлі выбары святам, а цяпер сваімі ж рукамі ператварылі іх контртэрарыстычную аперацыю. Святам выбары ўвесь час называе Наталля Качанава. Акурат яна прысутнічала на так званым «тактыка-спецыяльным занятку МУС» па «абароне» выбарчых участкаў. У момант, калі міліцыянт скруціў «парушальніка» проста пасярод «участка», чыноўніца выглядала непрыемна ўражанай. Пра што сведчыць яе прысутнасць там?
— Мы не ведаем, як там хто з кім узаемадзейнічае. Качанава —фігура буйная ў палітыцы, адна з буйных. Але ўжо даўно было гаворана і адзначана, што пасля 2020-га вага сілавікоў павысілася. Іх слова цяпер мае значэнне не толькі падчас прыняцця нейкіх выключана сілавых рашэнняў.
Не выключана, што вось гэтая ўскосная дэманстрацыя, пра якую вы сказалі, адлюстроўвае нейкія спрэчкі, якія, магчыма, адбываюцца за кадрам. Яна, магчыма, адрасаваная не столькі грамадству, колькі апарату, які вельмі пільна сочыць за ўсімі гэтымі рэчамі.
Магчыма, яна выказала думку, што навошта ладзіць выбары ў выглядзе спецаперацыі, што ў нас іншыя задачы. Ну, а людзі ў пагонах маглі адказаць: Наталля Мікалаеўна, гэта не ваша пытанне, гэта наша пытанне, і мы яго будзем вырашаць так, як ведаем.
І яна са свайго палітычнага, але ўсё ж цывільнага пункту гледжання, гэта бачыць інакш, але правесці гэтую сваю лінію… Гэта не значыць, што Качанава ўжо проста ніхто, што яна нічога не значыць. Значыць. Але гэта нейкі такі баланс і спаборніцтва.
Але гэта не спаборніцтва, умоўна кажучы, ястрабаў і галубоў. Бо голуб з яе той яшчэ. Гэта розныя погляды ў рамках адной пралукашэнкаўскай, праўладнай парадыгмы. Розныя аспекты, а да ўсяго яшчэ і розная адказнасць.
Бо калі Качанава, па вялікім рахунку, адказная за стан розумаў і сэрцаў, то гэтыя людзі адказваюць за бяспеку. Гэта не дылема — за дэмакратыю, ці за дыктатуру. Там усе за дыктаруру, але і ў рамках дыктатуры ёсць розныя аспекты, якія часам не супадаюць.
Я не выключаю, што розныя галасы час ад часу гучаць у розныя вушы Лукашэнкі. Ну а ён, магчыма, нават спрыяе таму, каб яны былі розныя. Каб нейкага канчатковага слова і не гаварыць, і не вылічваць нейкую раўнадзейную. Маўляў, няхай Качанава сабе пераймаецца, што ўсё гэта жорстка, а гэтыя няхай дзейнічаюць так, як дзейнічаюць.
Я тут, натуральна, трошкі фантазірую. Як і вы маглі ўбачыць у тым відэа пакуты чыноўніцы, якіх няма ў прыродзе. Але, па-першае, я не выключаю, што яны ёсць. Па-другое, я бачу ў гэтых эмоцыях палітычную падбіўку.
Справа не ў тым, што яна расчулілася. Проста яна ўлічвае іншыя моманты, якія людзі ў пагонах бачаць па-іншаму.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное